Чуткі аб затрыманні былога страшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі і яго першага намесніка Васіля Дземянцея афіцыйна не пацвярджаюцца.

Інфармацыю аб затрыманні экс-кіраўнікоў КДБ распаўсюдзіў інтэрнет-рэсурс "Беларускі партызан". Сухарэнку і Дземянцея, паведамляе сайт, затрымлівалі "ў пятніцу раніцай следчыя МУС пры сілавой падтрымцы байцоў атрада "Алмаз".

У Міністэрстве ўнутраных спраў БелаПАН заявілі, што не маюць такіх звестак, а кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей Камітэта дзяржбяспекі Валерый Надтачаеў ад каментараў адмовіўся.

Нагадаем, што С.Сухарэнка і В.Дземянцей былі вызвалены ад сваіх пасадаў 17 ліпеня ў сувязі з пераводам на іншую працу. 19 ліпеня, прадстаўляючы на пасадзе новага старшыню КДБ Юрыя Жадобіна, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў апошні час намецілася зніжэнне ўзроўню прафесіяналізму па ўсіх кірунках працы КДБ, і "гэта ў шэрагу выпадкаў прывяло да адкрытых правалаў".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што супрацоўнікі КДБ не павінны быць "крышай" для камерцыйных структур. Ужо сёння ў "жоўтай" прэсе абмяркоўваюцца факты супрацьпраўнай дзейнасці супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі, сказаў А.Лукашэнка. "Што тычыцца асобных камерцыйных памкненняў супрацоўнікаў КДБ, то майце на ўвазе - рукі будуць адсечаны да плячэй. У КДБ не месца для людзей, якія "крышуюць", - папярэдзіў прэзідэнт.

Ад новага кіраўніцтва КДБ А.Лукашэнка запатрабаваў навесці парадак у гэтай структуры.

БелаПАН

* * *

Незадаволенасьць Лукашэнкі тым, што тварылася ў КДБ апошнія гады, вылілася ў пакараньне для двух былых кіраўнікоў гэтага скандальнага ведамства. Па інфармацыі «Белорусского партизана», у пятніцу раніцай сьледчыя МУС пры сілавой падтрымцы атрада «Алмаз» затрымалі генэралаў Сухарэнку і Дземянцея.

Няпярэдадні, у чацьвер, прэзыдэнт прадставіў супрацоўнікам КДБ новага начальніка. На прадстаўленьне генэрала Жадобіна не прысутнічалі адпраўленыя ў адстаўку яго папярэднікі Сьцяпан Сухарэнка і былы намесьнік Дземянцей. Сухарэнка адседжваўся ў вёсцы, дзе спадзяваўся перачакаць скандал. Шмат хто быў упэўнены, што былы старшыня КДБ скора зьявіцца ў Расеі. Гэтыя перасьцярогі не былі без асновы, таму што Сухарэнка месяц назад амаль тыдзень правёў у Маскве, дзе тайна меў сустрэчы з высокімі супрацоўнікамі ФСБ.

Пераседзець у вёсцы прэзыдэнцкі гнеў Сухарэнку не атрымалася. Кажуць, у пятніцу ён быў затрыманы і зараз перапраўлены ў СІЗА №1 на Валадарскага. На жаль, афіцыйна пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю пакуль немагчыма. У прыватнасьці, напрыклад, датэлефанавацца да Віктара Шэймана і атрымаць яго камэнтар не атрымалася.

«Белорусский партизан»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0