21.07.2007 / 13:22

Новым прэм'ерам стане галоўны міліцыянт? Кадравыя маскі-шоў 3

Паводле "Коммерсанта", указ пра адстаўку Сідорскага ўжо ляжыць на стале прэзыдэнта Беларусі. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Паводле "Коммерсанта", на стале прэзыдэнта Беларусі ўжо ляжыць указ пра адстаўку Сідорскага. Маскоўскае выданьне называе экзатычную фігуру імавернага пераемніка: Уладзімер Навумаў.

Лёгіка, маўляў, такая: ранейшага прэм'ера можна зрабіць ахвярным казлом (газавыя даўгі, адмоўнае сальда замежнага гандлю, увогуле нарастаньне грузу эканамічных праблемаў), а новы кіраўнік ураду пачне насьпелую прыватызацыю. Натуральна, наглядаць за гэтым далікатным працэсам мусіць чалавек, якому кіраўнік дзяржавы бязьмежна давярае. А Навумаў зараз акурат у фаворы, мяркуючы па разгромным выніку матчу МУС — КГБ.

Канешне, вэрсію ""Коммерсанта" можна аспрэчыць. Літаральна ўчора Сідорскі дакладаў Лукашэнку пра стан эканомікі. Бальшыню сакральных паказьнікаў (акрамя чортавага сальда) пакуль што шэнціць трымаць. Калі ўжо рабіць прэм'ера крайнім, то лягічна было б дачакацца зімы, "жыровак" з шалёнымі лічбамі і г.д.

Зь іншага боку, сакральныя паказьнікі — скажам так — не зусім адэкватна адлюстроўваюць сапраўдны стан эканомікі. Насамрэч ён значна болей праблемны ды хісткі. Запуск працэсу прыватызацыі сапраўды дапамог бы зьмякчыць наступствы скарачэньня энэргетычнага гранту.

"Сідорскага "накіроўвалі" ў адстаўку ўжо не раз, — нагадаў аналітык Валер Карбалевіч, зь якім я размаўляў пяць хвілін таму. — Зрэшты, любы прэм'ер зь цягам часу набывае нейкую палітычную вагу. Таму Лукашэнка пэрыядычна іх мяняе. У гэтым сэнсе Сідорскі сапраўды ўжо доўгажыхар".

Са слоў аналітыка, у беларускай сыстэме дзейнічае вельмі спэцыфічная кадравая лёгіка. Так што і былы міліцыянт на чале Савету міністраў — не фантастычны варыянт.

Дык што, кіраўнік дзяржавы сасьпеў, каб адмовіцца ад ранейшай сацыялістычнай, антыпрыватызацыйнай ідэалёгіі (не дамо распрадаць краіну і г.д.)?

Ідэалёгія тут ні пры чым, лічыць Карбалевіч. Дзейнічае адно што лёгіка ўтрыманьня ўлады. Калі рызыка кансэрвацыі стасус-кво зашкаліць, пакрысе пачнецца продаж маёмасьці.

Дадамо: напярэдадні старту прыватызацыі важна зацугляць апэтыты кланаў. Адсюль сэрыя пасадак і кадравых ператрусаў. Ключавыя тэзы: 1) у краіне ня мусіць быць іншых цэнтраў сілы; 2) калі што, "рукі будуць адсечаныя да плячэй!"

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Scaner / Адказаць
21.07.2007 / 14:32
Відавочна адно - працэс пайшоў.Улады хочуць яго затармазіць,адсюль уся мітусня.Плюс аб стане эканомікі яны ведаюць значна больш,чым мы. Магчыма усё значна горш.
0
нямчук / Адказаць
21.07.2007 / 14:44
Навумаў -- прэм'ер? Чаму не. Улічваючы, што Шейман быў ген. пракурорам без юрыдычнай адукацыі. Узначаліць МУС здолее Сівакоў і ўвесь "Эскадрон гусар летучіх" будзе пры справе. У тое, што яны распачнуць рынкавыя рэформы ня веру. Ня хопіць у іх не рашучасці, не мазгоў на гэта.
0
Brudny / Адказаць
21.07.2007 / 18:31
НАс,спадарства,хутчэй за усе у ближэйшыя пару гадоу чакае прыхватызацыя па-расейску. усе пациху пахапае намэнклятура и ценявыя нашы алигархики стануць легальными
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру