2006 год стаіць пад знакам Івана Франка. Спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэньня Каменяра. Гэтае імя шмат што значыць для Ўкраіны. А Ўкраіна шмат значыць для Беларусі. На яе землях набіраліся духу Багушэвіч, Караткевіч... Дый ці мала яшчэ хто! Ёсьць Украіна — будзе й Беларусь.

На жаль, беларускі чытач з паэзіяй Івана Франка амаль што незнаёмы. Вершы Тараса Шаўчэнкі выходзілі ў нас чатыры разы, Лэсі Ўкраінкі ды Максыма Рыльскага — па два разы, па разу — Паўлы Тычыны, Уладзімера Сасюры, іншых клясыкаў украінскае літаратуры. А Франка — нават падборкі можна палічыць па пальцах! Юбілей, спадзяюся, стане нагодаю да выпраўленьня гэтае недарэчнасьці. Колькі гадоў таму я пачаў укладаць зборнік паэта, зьбіраць перакладзенае, перакладаць новае. Сёньня ўпершыню прапаную шырокай грамадзкасьці некаторыя свае пераклады. Хацелася б паказаць паэзію Каменяра ў розных праявах, асабліва тыя абсягі, якія былі мала кранутыя, ледзь не забароненыя.

Каб зразумець значнасьць Івана Франка — мала прачытаць адзін ці два вершы. Кожны зборнік, кожная нізка, кожны тэкст адкрываюць нам паэта з новага боку. Франко ўмеў быць простым і выкшталцоным, сьціслым майстрам санэту і шматслоўным апавядальнікам у вершах, ён мог сумяшчаць у сабе гарачага рэвалюцыянэра і лірыка-дэкадэнта, антыклерыкала і хрысьціянскага дыдактыка, апантанага сацыяліста і шчырага нацыяналіста. І пад тое — заўжды заставацца самым сабою. Паэзія Івана Франка як вялікі аркестар, яе цяжка ацаніць, пачуўшы некалькі нотаў, але добра ўслухаўшыся, расчытаўшы — нельга ня ўразіцца. Зробленага ім ставала б для многіх, а зрабіў гэта адзін чалавек.

Юрась Пацюпа

Іван Франко

Пара!

Цар-Бог

Упрошваў злога духа фараон:

«Прыйдзі, мне трэба рада й дапамога,

Каб мой народ мяне па самы скон

Лічыў за Бога».

Злы дух сказаў: «Пакуль што не пара.

Табе адкрыюць шлях твае ж учынкі,

Дзе будзе многа зла, але дабра

Ані драбінкі».

Стараўся шчыра фараон, лупіў

І мучыў люд, ажно зямля стагнала.

«Цяпер, — злы дух урэшце заявіў, —

Пара настала».

«Чаму цяпер?» — рэк фараон. «Пара,

Бо ў страху люд трымаць ужо нязмога,

Хіба што ўмовіцца яму цара

Лічыць за Бога.

Бо так тваё ярмо гняце і б’е,

Што ўжо не пратрымаесься на сіле,

Адно хутчэй намовім, каб цябе

Богам лічылі».

Навука

Хоць злы тыран яе адвеку б’е

І без канца яе сьцігуе ўлада,

Хоць цемра ў дамавіну ўкласьці рада,

Аднак яна праз цэлы век жыве.

Хоць злы віхор над ёй адно шалее,

Хоць Божым імем поп яе кляне,

Хоць дэспата рука яе вызнаўцаў гне,

Яна прастаецца, расьце й мацнее.

Хоць сьвет блукае часта мінавіцай,

Яна — спакойны, шчыры павадыр

Шукае выйсьця з найцямнейшых дзір.

Хоць з роспачы і цемры крыкам ненавісным

Клянуць яе людцы, яна кляцьбы ня чуе

І для дабра іх абы час працуе.

Не пара!..

Не пара, не пара, не пара

Маскалю або ляху служыць;

Бо распалася ўкраінскай крыўды гара —

Нам пара дзеля Ўкраіны жыць!

Не пара, не пара, не пара

Нам за выпарткаў ліць сваю кроў

І любіць, што лупіў нас, чужога цара;

Дзеля Ўкраіны наша любоў.

Не пара, не пара, не пара

Ў роднай хаце цярпець розных зьвяг.

Хай загіне праклятай нязгоды мара,

Пасьпяшай пад Украіны сьцяг!

Бо пара ўжо змагацца насьмерць

У заўзятай, цяжкой барацьбе —

Мы паляжам, каб славу, і волю, і чэсьць

Асягнуць, Родны Краю, табе!..

3 лютага 1916 г.

З украінскае мовы пераклаў Юрась Пацюпа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0