У 2013 годзе Беларусь выплаціць 3 млрд. долараў знешняга доўгу, з якіх 2,3 млрд. будзе накіравана на пагашэнне асноўнага доўгу, 700 млн. долараў — на выплату працэнтаў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч 21 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле слоў Ермаловіча, на абслугоўванне знешняга дзярждоўгу ў бездэфіцытным бюджэце краіны прадугледжана 700 млн. долараў. «Што да 2,3 млрд. долараў — давайце лічыць разам. Мы стварылі для сябе дастаткова някепскую падушку бяспекі ўжо ў канцы мінулага года, прыцягваючы рэсурсы ад юрыдычных асоб, выпусціўшы аблігацыі ў доларах, і ад фізічных асоб. Сумарна гэта ўжо больш чым 300 млн. долараў. Нам трэба атрымаць 1,3 млрд. долараў ад антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Ужо 1,6 млрд. долараў мы маем», — адзначыў намеснік міністра.

Для выплаты астатняй часткі, паведаміў Ермаловіч, будуць прыцягнутыя назапашаныя рэшткі бюджэту і еўрабонды. «Так, разрыў ацэньваецца ў 600–700 млн. долараў. Нейкую частку (каля 500 млн.) мы ставім для сябе задачай прыцягнуць са знешніх рынкаў. Так што вялікай пагрозы абслугоўванню і пагашэнню дзяржаўнага знешняга доўгу ў 2013 годзе няма. Большая частка гэтага доўгу можа быць рэфінансаваная з улікам ужо рэалізуемых планаў па прыцягненні знешніх рэсурсаў», — упэўнены намеснік міністра фінансаў.

Нагадаем, знешні дзярждоўг Беларусі па стане на 1 снежня 2012 года склаў 12,1 млрд. долараў пры ўстаноўленым ліміце 14,3 млрд. долараў, павялічыўшыся з пачатку года на 289,9 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?