Дэпутат Клімавіцкага райсавета, намеснік начальніка Клімавіцкай ПМК-256 Сяргей Аўхіменка затрыманы праваахоўнымі органамі па падазрэнні ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
"Пракуратурай Клімавіцкага раёна распачата крымінальная справа ў дачыненні да дэпутата Клімавіцкага райсавета Для арганізацыі расследавання справа была накіравана ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці", -- паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі Юлія Ганчарова.
Паводле яе слоў,
дзеянні падазраванага кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). У цяперашні час дэпутат знаходзіцца пад вартай.
Як адзначыла Ганчарова, дадзеная справа нестандартная, паколькі суб'ект - службовая асоба, якая з'яўляецца дэпутатам.
Сяргей Аўхіменка ў ПМК-526 больш не працуе,паведамілі БелаПАН у будаўнічай арганізацыі.
Аўхіменка быў затрыманы днём 16 студзеня проста на вуліцы пры сведках, распавёў БелаПАН адзін з мясцовых жыхароў. Паводле яго слоў, цяпер на допыты выклікаюць іншых работнікаў Клімавіцкай ПМК.