Маладафронтаўцы Кірыла Мацкевіч і Уладзімер Сяргееў асуджаныя на 10 і 15 сутак арышту. 20 ліпеня, у дзень народзінаў зьняволенага лідэра моладзевага руху Зьмітра Дашкевіча ў Менску, на мосьце празь Нямігу, яны вывесілі віншавальную расьцяжку «З днём народзінаў, Зьміцер Дашкевіч!».

Адміністрацыйную справу («дробнае хуліганства»), у адрозьненьні ад мінулых палітычных працэсаў у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы, разглядала не Тацьцяна Паўлючук, якая нядаўна арыштоўвала моладзевых актывістаў за акцыю супраць адмены ільготаў і адпраўляла на Акрэсьціна пастара Антося Бокуна за несанкцыянаванае набажэнства, а Натальля Паўлючкова.

Хлопцаў даставілі у суд толькі а 13‑й. Пасьля трох дзён, праведзеных у спэцпрыёмніку на Акрэсьціна, маладафронтаўцаў усю раніцу трымалі ў райаддзеле. Самі судовыя працэсы распачаліся па абедзе. Сьведкамі ў судзе, як звычайна, выступалі міліцыянты, якія затрымлівалі Кірылу й Уладзя.

Супрацоўнік ДАІ Туркін Сяргей Феліксавіч настолькі ўвайшоў у жанр, што заявіў нават, што маленькі 18‑гадовы Кірыла падчас затрыманьня пачаў кідацца на міліцыянта і разьдзіраць ягоную вопратку. Судзьдзя палічыла гэтыя доказы пераканаўчыя, і пасьля невялікага перапынку вынесла маладафронтаўцам максімальныя прысуды.

Барыс Гарэцкі

Здымак Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0