Кніжка, аўтарства польскіх беларусістаў, прафесара Ніны Баршчэўскай (Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта) і доктара Міраслава Янковяка (Інстытут славістыкі Польскай Акадэміі навук) налічвае 308 старонак і з’яўляецца эфектам трохгадовай працы. Праект ажыццяўляўся ў Інстытуце славістыкі ПАН пад кіраўніцтвам маладога славіста М.Янковяка.

Даследаванні беларускай мовы ў Польшчы маюць доўгую традыцыю.

Кніга «Беларуская дыялекталогія» з’яўляецца першай абагульняючай працай па гэтай тэме, якая выйшла не на беларускай мове.
Аўтары прадставілі ў ёй не толькі стандартныя раздзелы, якія датычаць гэтай мовазнаўчай дысцыпліны, але таксама шырока закранулі тэму ўплыву балцка-славянскіх кантактаў на фарміраванне беларускіх дыялектаў, а таксама больш падрабязна апісалі беларускія гаворкі па-за межамі краіны (на Беласточчыне, Віленшчыне, у Латгаліі, Пскоўшчыне, Смаленшчыне, Браншчыне і Чарнігаўшчыне).

Даследчыкі праводзілі палявыя даследаванні, між іншымі, на Палессі і Магілёўшчыне, а па-за межамі краіны — перадусім ў Латгаліі, на Віленшчыне і Беласточчыне. Аналіз гаворак, запісаных пару гадоў таму, паказаў, што, напрыклад, нейкія рысы беларускай мовы і сёння адлюстроўваюць у нейкай ступені даўнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Найноўшыя сабраныя матэрыялы паказалі таксама працэсы, якія адбываюцца на нашых вачах — з аднаго боку русіфікацыя, але з другога боку — жывы феномен захавання і трывання беларускіх гаворак негледзячы на неспрыяльныя ўмовы.

Аўтары плануюць выдаць сваю манаграфію таксама на англійскай мове і рыхтуюцца ўжо да далейшых даследаванняў. Наступнай задачай з’яўляецца падрыхтоўка некалькіх манаграфій, прысвечаных беларускім гаворкам па-за межамі Беларусі.

* * *

    Nina Barszczewska, Mirosław Jankowiak, Dialektologia białoruska. — Warszawa 2012, Slawistyczny Ośrodek Wydawniczy, ss. 308.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?