Аператыўнікі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі правялі маштабную аперацыю па спыненні незаконнай пастаўкі з Расіі падробнай кавы Nescafe і далейшай яе рэалізацыі на тэрыторыі краіны. Аперацыя праводзілася па ўсёй краіне.

Як паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Вераніка Пасмецьева, буйная партыя растваральнай кавы з яўнымі прыкметамі падробкі канфіскаваная на рынках, у дробнарознічных аб’ектах Мінска і абласных цэнтраў. Увогуле знойдзена і канфіскавана з нелегальнага абароту амаль 5 тысяч кантрафактных упаковак кавы Nescafe (пачкі па 2, 75, 150, 320 і 750 грамаў) на агульную суму больш чым 60 млн. рублёў.

Паводле слоў Пасмецьевай, у 2012 годзе быў праведзены аналіз аб’ёмаў рэалізацыі асобных відаў тавараў на ўнутраным рынку. Аператыўнікаў зацікавіла кава, аб’ёмы імпарту якой у Беларусь знізіліся практычна ў 2 разы, а аб’ёмы вытворчасці — у 5 разоў.
У ходзе маніторынгу і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што адной з прычын зніжэння афіцыйнага імпарту кавы ў Беларусь з’яўляецца неафіцыйны яе ўвоз з РФ для далейшай рэалізацыі ў гандлёвай сетцы індывідуальнымі прадпрымальнікамі краіны.

Паколькі кошт кавы, якая нелегальна ўвозіцца з Расіі, быў значна ніжэйшы, чым у афіцыйнага пастаўшчыка, таксама абгрунтаванае сумненне ўзнікла ў тым, ці выраблена яна сапраўды на прадпрыемстве, чый брэнд ёсць на ўпакоўцы.

Супрацоўнікі ГУБЭЗ МУС разам з афіцыйным прадстаўнікоў кампаніі «Нэстле Расія» ў Беларусі правялі даследаванне ўзораў сумніўнага напою.
Экспертызай устаноўлена, што ў падробцы выяўлены кававы напой з утрыманнем алею зерня ячмяню і жыта (у сапраўднай каве павінны ўтрымлівацца выключна кававае зерне).

Адрознівалася падробка ад арыгінальнага тавару і тым, што кантрольны ідэнтыфікацыйны знак на ўпакоўках адсутнічаў або быў падробным.

Выява на ўпакоўцы нізкай якасці, яе колер святлейшы, дата вырабу з тэрмінам прыгоднасці выбітыя не заводскім спосабам, а надрукаваныя разам з выявай і размешчаныя не ва ўстаноўленым месцы.

Цяпер праводзіцца праверка. Па яе выніках правапарушальнікам пагражае адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу, канфіскацыі і знішчэння прадукцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?