Жылыя кварталы, утвораныя вуліцамі Багдановіча-Кісялёва-Куйбышава-Камуністычнай, некалькі год чакаюць свайго лёсу.
У Мінску разглядаецца варыянт зносу двухпавярховых дамоў для будаўніцтва шматпавярховак. Пра гэта паведаміў сёння журналістам старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.
Па словах Мікалая Ладуцькі, для горада гэта новая тэма, і яна патрабуе ўважлівага вывучэння.
Са зносам двухпавярховых дамоў барачнага тыпу, якіх у сталіцы дастаткова, з'явяцца тэрыторыі для жыллёвага будаўніцтва.Істотна знізяцца выдаткі на стварэнне інфраструктуры: у мікрараёнах ужо ёсць дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі. Разам з тым неабходнасць зносу прывядзе да падаражэння квадратнага метра, бо жыхарам зносімых двухпавярховікаў трэба выдзяляць узамен жыллё.
Мікалай Ладуцька не выключае, што такія падыходы ў некаторых гараджан могуць выклікаць неразуменне, але рэальнасць такая, што ў Мінску практычна не засталося свабодных для ўзвядзення жылля тэрыторый. Не пазбегнуць гораду і ўшчыльнення забудовы. Камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва, будаўніцтва і інвестыцый даручана распрацаваць канцэпцыю рэгенерацыі тэрыторый раёнаў двухпавярховай забудовы з заменай на больш якаснае жыллё.