Ужо сёння выкапаць уручную магілу можа каштаваць сваякам памерлага каля 700 тыс. рублёў.

Адпаведнае рашэнне № 4036 Мінгарвыканкам прыняў яшчэ напярэдадні Новага года, а дакладней 27 снежня. Аднак яно ўступае ў сілу з моманту апублікавання, што адбылося толькі ўчора, 23 студзеня, на Нацыянальным прававым партале Рэспублікі Беларусь.

У дакуменце выкладзеныя ў новай рэдакцыі гранічныя максімальныя тарыфы на сацыяльна значныя паслугі, прадстаўленыя ў дадатку 2 да рашэння Мінгарвыканкама ад 16 чэрвеня 2011 № 1745.

У выніку гранічныя максімальныя тарыфы на рытуальныя паслугі ў Мінску павялічаныя адразу на 80%. Калі раней гранічна магчымы тарыф за капанне магілы ў зімовы час уручную (капанне, засыпанне, апусканне труны ў магілу) складаў 380 тыс. рублёў, то з сённяшняга дня максімальная цана можа скласці 684 тыс. рублёў. У летні час такая паслуга будзе каштаваць максімум 324 тыс. рублёў.

Выраб труны з абіўкай замест 120 тыс. рублёў можа каштаваць 216 тыс. рублёў. Але гэта не ўлічваючы цаны матэрыялаў. Згодна з новым рашэннем Мінгарвыканкама ўстаноўлена, што пры аказанні рытуальных паслуг па вырабе трунаў, магільнага слупка або крыжа асноўныя і дапаможныя матэрыялы аплачваюцца заказчыкам дадаткова.

Цяжка зразумець, чым аб’ектыўна абгрунтавана такое рэзкае павышэнне рытуальных тарыфаў, улічваючы, што паводле афіцыйных дадзеных узровень інфляцыі ў 2012 годзе склаў крыху больш за 20%.

Магчыма, адказ на гэтае пытанне дасць той факт, што асноўны пастаўшчык рытуальных паслуг у Мінску — Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Спецкамбінат КБА», якое належыць Мінгарвыканкаму.

Мабыць, гарадскія чыноўнікі падумалі і вырашылі, што нядрэнна было б падзарабіць на такой спецыфічным ніве. Мёртвыя ж не ўзвыюць, а сваякі памерлага чалавека, відавочна, не будуць у трагічны момант думаць пра новыя тарыфы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?