Калі ўлады Казахстана не перагледзяць сваё рашэнне, Расія пагражае спыніць супрацоўніцтва па ўсіх сумесных праектах у галіне запуску касмічных апаратаў.

Спіс мераў у адказ з боку МЗС РФ змяшчаецца ў афіцыйным лісце, накіраваным міністэрству замежных справаў Казахстана.

Раней, 28 снежня 2012, улады Казахстана зацвердзілі праект супрацоўніцтва касмадрома «Байканур» з расійскім бокам на 2013 год. Згодна з дакументам колькасць стартаў ракеты-носьбіта«Пратон-М» скарачаецца да 12. Пры гэтым у 2012 годзе такая дамова з Расіяй прадугледжвала 14 такіх запускаў. Акрамя таго, як гаворыцца ў дакуменце, «старты касмічных апаратаў, якія прадугледжваюць выкарыстанне новага раёна падзення аддзяляльных частак ракет-носьбітаў тыпу „Саюз“, могуць ажыццяўляцца толькі пасля падпісання і ўступлення ў сілу адпаведнай міжнароднай дамовы».

Як сказана ў тэксце дакумента, накіраванага Казахстану, у адказ на гэтыя меры Расія павінная будзе перагледзець наяўныя дамоўленасці наконт супрацоўніцтва па сумесных праектах, у тым ліку па праграме «Днепр», праекце «Байтэрэк» і некаторых іншых. На думку Міністэрства замежных справаў,

улады Казахстана, накладаючы абмежаванні на запуск расійскіх ракет, імкнуцца «абысці ўмовы арэнды комплексу Байканур».

Як паведамілі ў Раскосмасе, скасаванне дамоўленасцяў па сумесных з Байканурам праектах прывядзе да таго, што заказчыкам давядзецца вярнуць да 500 мільёнаў даляраў.

Комплекс «Байканур», у які ўваходзіць касмадром і аднайменны горад, Расія арандуе ў Казахстана з 1994 да 2050 года. Штогод Расія траціць на эксплуатацыю касмадрома каля 5 мільярдаў рублёў. На перыяд арэнды горад Байканур знаходзіцца ў юрысдыкцыі РФ і мае статус горада федэральнага значэння.

У снежні 2012 года кіраўнік Казкосмаса Талгат Мусабаеў заявіў, што Казахстан плануе вывесці комплекс «Байканур» з-пад расійскай арэнды і вярнуць аднайменны горад пад юрысдыкцыю Казахстана. Гэтая заява выклікала незадаволенасць расійскага боку, аднак пазней кіраўнік МЗС Казахстана Ерлан Ідрысаў патлумачыў, што рэспубліка не збіраецца перапыняць супрацоўніцтва з Расіяй у галіне космасу, а мае намер і далей развіваць комплекс сумесна з расійскім бокам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?