Кіраўніку футбольнага клуба БАТЭ і аднайменнага прадпрыемства зрабілі найскладанейшую аперацыю. Умяшанне хірургаў спатрэбілася пасля перанесенай летам цяжкай пнеўманіі.

Тады на пахаванне журналіста Сяргея Аляхновіча Анатоль Капскі прыехаў прама з лякарні. Некалькі месяцаў кіраўнік БАТЭ працаваў у вельмі напружаным рэжыме, аднак наступствы хваробы нагадалі пра сябе.

Як паведамляе «Прессбол», 9 студзеня Анатолю Капскаму зрабілі ў віленскай клініцы аперацыю сэрца і сасудаў. Хірургі пачалі днём, а управіліся за апоўнач. Аднаўленне пацыента праходзіла штатна.

Аднак раніцай 14 студзеня хворы экстранна выклікаў у палату лекара: «Доктар, мне вельмі дрэнна…»

Капскаму здавалася, што прытомнасць вярнулася зусім хутка. Ён расплюшчыў вочы і спытаў у медсястры: «Усё яшчэ раніца?».

Яна адказала: «Так. Толькі не панядзелка, а чацвярга. З вяртаннем! «

Гэта быў выхад з 3-сутачнай комы — здарыліся ўскладненні на ныркі і печань.

Цяпер Капскаму ўжо дазваляюць прагулкі. Кіраўнік БАТЭ нават жартуе: «На шляху пад назвай «жыццё» мне сустрэўся цікавы прыпынак. Прыйшлося там затрымацца».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?