Ценявыя дзялкі танна скупляюць зямельныя ўчасткі з мэтай наступнага перапродажу, а калі не атрымліваецца — наўмысна зрываюць аўкцыён.

Схема працы такіх ценявых зямельных маклераў даволі простая і заснаваная на недасканаласці беларускага аўкцыённага заканадаўства.

Дапусцім, на аўкцыён Мінскі райвыканкам выстаўляе зямельны ўчастак для будаўніцтва індывідуальнага жылога дома ў Калодзішчах па пачатковай цане 100 млн рублёў. На гэты ўчастак паклаў вока ценявы гандляр, які выдатна ведае, што такі ўчастак пры перапродажы даволі хутка сыдзе за 200 млн (зямельныя ўчасткі, набытыя з аўкцыёнаў, не абмежаваныя ў продажы). Задача спекулянта — купіць гэты ўчастак, умоўна кажучы, за 150–170 млн рублёў, забяспечыўшы сабе даволі хуткі прыбытак у 30–50 млн рублёў. Паколькі ўчастак звычайна афармляецца на падстаўных асобаў, нават падаткі з такога прыбытку плаціць не давядзецца.

Такім чынам, як купіць танна і не даць купіць іншым?

Вельмі проста. Згодна з беларускім заканадаўствам таргі на аўкцыёне пачынаюцца з пачатковай цаны, павялічанай на велічыню устаноўленага кроку, напрыклад, у 10%. Цану называе арганізатар таргоў, а ўсе ўдзельнікі аўкцыёну, якія жадаюць купіць участак па прапанаванай цане, падымаюць картку са сваім нумарам. Калі ахвотных больш за аднаго, распарадчык аўкцыёну называе наступную цану, павялічаную ад папярэдняй таксама на 10%. Таргі працягваюцца, пакуль на чарговую абвешчаную распарадчыкам цану картку падыме толькі адзін удзельнік.

Што робіць у такой сітуацыі ценявы зямельны гандляр?
Ён рэгіструе на аўкцыён двух сваіх удзельнікаў, скажам, дзядзьку Ваню і цётку Нюру. У выпадку, калі адпаведны ўчастак жадае купіць старонні ўдзельнік, які гатовы выкласці за яго, скажам, 250 млн рублёў, дзядзька Ваня і цётка Нюра проста зрываюць таргі. Яны падымаюць свае карткі да таго часу, пакуль цана на гэты ўчастак не ўзляціць да неба. Скажам, пры рынкавай цане ўчастка ў 200 млн такія спекулянты могуць падняць суму да 1 млрд рублёў і больш. Апошні нармальны прэтэндэнт у такой сітуацыі адскоквае звычайна ўжо пры абвешчанай цане ў 300–400 млн рублёў, і застаюцца толькі дзядзька Ваня і цётка Нюра. Але калі распарадчык называе цану ў 1,1 млрд рублёў, ніхто з іх картку, натуральна, не падымае.

Тады распарадчык, згодна з дзейным заканадаўствам, прапануе гэтым двум удзельнікам назваць сваю цану ў межах ад 1 да 1,1 млрд рублёў. Умоўна кажучы, можна назваць 1 млрд + 100 рублёў і выйграць таргі, калі другі ўдзельнік не пераб’е. Але паколькі задача дзядзькі Вані і цёткі Нюры — купіць участак за 150–170 млн, а ў адваротным выпадку сарваць таргі, то ніхто з іх сваёй цаны не называе. У такой сітуацыі таргі па зямельным участку аб’яўляюцца безвыніковымі.

Участак затым паўторна выстаўляецца на таргі, прыблізна праз два 2–3 месяцы. І там усё паўтараецца.

Так адбываецца да тых часоў, пакуль участак не дастаецца ценявому гандляру па цане, істотна ніжэйшай за рынкавую.
Зразумела, што ценявыя гандляры не засяроджваюцца на нейкім адным участку. Пад іх увагу трапляюць практычна ўсе зямельныя аўкцыёны ў прэстыжных раёнах, што забяспечвае ім даволі нябеднае існаванне.

У выніку ад такіх схем пакутавалі як звычайныя грамадзяне, так і дзяржбюджэт, які мог бы ў нармальнай сітуацыі атрымаць за ўчастак 200–250 млн рублёў, а вымушаны здавольвацца 150 млн рублёў.

І вось падобна, што дадзеная схема хутка перастане працаваць ці ва ўсялякім выпадку стане даволі накладнай для спекулянтаў. Указам прэзідэнта № 14 ад 10 студзеня 2013 унесеныя істотныя змены і дапаўненні ва Указ ад 5 мая 2009 № 232 «Аб некаторых пытаннях правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў)».

У прыватнасці, указам прадугледжваецца, што да даты правядзення аўкцыёну (конкурсу) з яго ўдзельнікамі арганізатар заключае спецыяльныя пагадненні. У гэтых пагадненнях акрамя звычайных правоў і абавязкаў бакоў будзе прадугледжвацца адказнасць, сярод якой і спецыяльныя штрафы.

Так, штраф будзе выплачваць удзельнік, які выйграў таргі, але адмовіўся або ўхіліўся ад падпісання пратаколу і (або) дамовы, што афармляюцца па выніках аўкцыёну (конкурсу), і (або) пакрыцця выдаткаў на арганізацыю і правядзенне аўкцыёну (конкурсу).

Таксама штраф абавязаныя будуць выплаціць удзельнікі, якія адмовіліся абвясціць сваю цану за прадмет аўкцыёну ў выпадку, калі такая аб’ява прадугледжаная заканадаўствам, у выніку чаго аўкцыён прызнаны безвыніковым. То бок менавіта для вырашэння сітуацыі, пра якую пісалася вышэй.

Памер штрафу будзе аднолькавым для ўсіх удзельнікаў і вызначацца ў залежнасці ад пачатковай цаны прадмета аўкцыёну.
Так, пры пачатковай цане, меншай за 500 базавых велічыняў (50 млн рублёў), штраф не павінен будзе перавышаць 100 базавых велічыняў (10 млн рублёў). Калі пачатковая цана прадмета аўкцыёну складзе больш за 500 базавых велічыняў, штраф не будзе перавышаць 20% ад пачатковай цаны.

Пры апісанай вышэй сітуацыі, калі пачатковая цана зямельнага ўчастка на аўкцыёне складае 100 млн рублёў, дзядзька Ваня і цётка Нюра маглі б заплаціць за зрыванне таргоў кожны па 20 млн рублёў штрафу. Мяркуецца, што гэта моцна астудзіць запал зямельных спекулянтаў.

Таксама новы ўказ дапускае на рынак ацэнкі маёмасці, якая выстаўляецца на аўкцыён, прыватныя кампаніі.
Праўда, гэта пакуль тычыцца толькі той маёмасці, што будзе прадавацца па рашэнні суда. Ацэнку такой маёмасці для вызначэння яе пачатковай цаны дазволяць праводзіць усім арганізацыям, якія маюць права на ажыццяўленне незалежнай ацэнкі дзяржаўнай маёмасці. Пакуль жа такую ацэнку маглі праводзіць толькі дзяржаўныя арганізацыі альбо тыя, у якіх доля дзяржаўнай уласнасці ў статутным фондзе складае больш за 50%.

Застаецца дадаць, што змены, якія перш за ўсё павінныя навесці парадак менавіта на зямельных аўкцыёнах, уступяць у сілу толькі праз 6 месяцаў — 18 ліпеня 2013.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?