З 1 лютага Беларуская чыгунка ўводзіць новыя правілы афармлення білетаў праз Інтэрнэт. Згодна з імі, для пасадкі на цягнік дастаткова будзе паказаць правадніку 14-значны код, які даецца пры электроннай рэгістрацыі білета на сайце.

Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла Галіна Рабушка, вядучая інжынерка пасажырскай службы.

«На сёння пры пасадцы пасажыраў з электроннай рэгістрацыяй дзейнічае часовы парадак, які быў распрацаваны для вопытнай эксплуатацыі дадзенай паслугі.

Быў праведзены аналіз усіх нязручнасцей, усіх непаразуменняў, якія ўзнікалі», — сказала Галіна Рабушка.

Найчасцей праблемы ўзнікалі ад таго, што пасажыры няўважліва чыталі правілы і памыляліся пры афармленні білетаў ці забывалі дакумент (пашпарт), на які быў зарэгістраваны білет (гэта карэспандэнтка «Нашай Нівы» зведала на ўласным досведзе):

«Ставяць проста птушачку і ў выніку афармляюць праязныя дакументы на сваё імя, а едзе сябар, дачка, сын. Ці афармлялі тры праязныя дакументы на сваё імя, а на пасадку прыходзяць са знаёмымі».

Іншыя ўвогуле лічылі, што калі ўжо аплацілі праз Інтэрнэт, значыць, аўтаматам прайшлі электронную рэгістрацыю. Але гэта не так. Калі пасажыр не прайшоў электронную рэгістрацыю, значыць, абавязаны аформіць праезны дакумент у касе і толькі тады ісці на пасадку.

Па новых правілах дастаткова будзе паказаць правадніку 14-значны код, які даецца пры рэгістрацыі.

«Калі пашпарт забыўся, але код ёсць, то пасажыра пасадзяць у цягнік», — падкрэсліла Рабушка. А таксама, што важна, гэты код вы можаце перадаць каму заўгодна. Інакш кажучы, з 1 лютага можна заказаць білет і іншаму чалавеку.

А вось магчымасці запаўняць электронную форму па-беларуску пакуль што не будзе.

Пры гэтым ужо летам плануецца запусціць беларускую версію сайта Чыгункі, паведаміў намеснік начальніка Цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі Аляксандр Казачок:

«Ідзе работа, і, калі ўсё будзе добра — мы правядзем лінгвістычны аналіз і тэхнічную частку,-то ў другім квартале зможам запусціць беларускую версію сайта».

Але што да запаўнення элекронных формаў — не ўсё так проста. Справа ў тым, што сайт — гэта партальнае стварэнне. Яно складаецца з непасрэдна карпаратыўнага сайта, які ўключае ў сябе сайты аддзяленняў і некаторых сэрвісаў. Дык вось, шэраг сэрвісаў не ўваходзяць у структуру сайта. Напрыклад, паслуга разліку платы за грузавыя перавозкі. Таксама сэрвіс куплі білетаў.

Аляксандр Казачок падкрэсліў, што жаданне гэтым займацца і валявое рашэнне ў дарогі ёсць. Але казаць пра тэрміны выканання рана.

«Гэта вялікая праца, звязаная ў першую чаргу з тым, што трэба перакласці больш за 22 тысячы назваў усіх станцый, якімі карыстаюцца ў сістэме „экспрэс“… Як гэта тэхнічна рабіць, мы ведаем, проста гэта трэба рабіць. Гэта не такая хуткая праца», — сказаў супрацоўнік ЦНТІ.

Дарэчы, у штаце Беларускай чыгункі ёсць супрацоўніца з філалагічнай адукацыяй па беларускай мове. Яна і працуе над гэтым праектам. А па некаторых пытаннях чыгунка кансультуецца з Акадэміяй навук.

Летась тэхнічна падкаваныя пасажыры набылі больш за 120 тысяч білетаў праз анлайн-сістэму продажу.
У тым ліку амаль пятая частка з іх — з выкарыстаннем паслугі электроннай рэгістрацыі. Верагодна, што пасля спрашчэння правіл колькасць ахвотных скарыстацца такой паслугай рэзка ўзрасце.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?