«Проста смешна назіраць, як дзяржаўныя чыноўнікі высокага рангу з-за выпадкова кінутых слоў Лукашэнкі пачынаюць выглядаць бездапаможнымі першакласнікамі, якія спрабуюць апраўдаць чужую хлусню. І гэта ў іх атрымліваецца бездапаможна»
— так пракаментавала журналістка Ірына Халіп словы намесніка генеральнага пракурора Беларусі Аляксея Стука.

Нагадаем, Стук заявіў БелаПАН, што прыгавор Халіп, якая асуджана на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, не ўтрымлівае прамой забароны на выезд за мяжу. Ён рэкамендаваў журналістцы звярнуцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС Мінска, якая ажыццяўляе за ёю прафілактычнае назіранне, «з заявай, якую Халіп хацела б выкласці». «Начальнік інспекцыі разгледзіць яе і прыме законнае рашэнне», — сказаў намеснік генпракурора.

«Парада звярнуцца ў інспекцыю — гэта лухта, — сцвярджае Халіп.
— Яшчэ ў кастрычніку 2012 года пасля першай заявы Лукашэнкі ў інтэрв’ю газеце The Independent аб тым, што я магу ехаць куды заўгодна, у Мінск прыязджаў галоўны рэдактар „Новой газеты“ Дзмітрый Муратаў. Разам са мной ён хадзіў у інспекцыю, і яму тады начальніца крымінальна-выканаўчай інспекцыі Наталля Каляда падрабязна растлумачыла, што мне катэгарычна забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь».

Журналістка таксама падкрэсліла: «Стук забыў згадаць галоўнае — ёсць закон аб выездзе з Беларусі, у адпаведнасці з якім усе асобы, асуджаныя ўмоўна або з адтэрміноўкай выканання прыгавору, аўтаматычна ўносяцца ў спіс асоб, якім забаронены выезд з краіны.

Аб гэтым не гаворыцца ў прыгаворах судоў, таму што гэта дзейнічае самастойная норма закона. Так што расказы аб тым, што я свабодная, — гэта бязглуздзіца».

Паводле слоў Халіп, многія з тых, хто асуджаны ўмоўна, «нейкім чынам умудраюцца выязджаць праз сумежныя дзяржавы, з якімі ў нас няма мяжы». «Але ў маім выпадку і гэта немагчыма, таму што ў мяне ў прыгаворы запісана, што кожны дзень у 22.00 я павінна быць дома. Калі намеснік генпракурора Стук валодае такімі ўменнямі, што можа за дзень управіцца і, да прыкладу, з’ездзіць у Варшаву або Лондан, то няхай падзеліцца, я скарыстаюся», — сказала журналістка.

Яна таксама паведаміла, што вынесены ёй прыгавор даўно абскардзіла ва ўсіх магчымых інстанцыях у Беларусі. «Апошнім быў Вярхоўны суд, які пацвердзіў, што ўсё правільна.

Мне больш ужо няма дзе ў Беларусі абскардзіць свой прыгавор. Я рыхтую скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, але гэта доўгая працэдура. Акрамя таго, Беларусь пляваць хацела на міжнародныя абавязацельствы, і ўсе гэтыя рашэнні камітэта для яе не маюць ніякага значэння», — падкрэсліла Халіп.

Пры гэтым яна не выключыла, што ў наступны панядзелак, калі пойдзе ў чарговы раз адзначацца ў інспекцыі, пакіне «такую заяву, як параіў Стук».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?