Гэта адбылося 23 студзеня падчас сумеснага рэйда актывістаў расійскага маладзёжнага руху «Альтэрнатыва» і прадстаўнікоў МУС Рэспублікі Дагестан на цагельні, размешчанай недалёка ад вёскі Краснаармейск паблізу Махачкалы.

Падчас сумеснай аперацыі былі вызвалены дзевяць чалавек, чацвёра з якіх — грамадзяне Беларусі, паведамляе сайт руху «Альтэрнатыва» (www.kupiraba.ru.).

Уладальнікі завода не выплачвалі работнікам заработную плату на працягу сямі месяцаў, прымушалі пры гэтым працаваць па 12 гадзін у суткі. Пасля візіту валанцёраў і прадстаўнікоў МУС яны паабяцалі вырашыць пытанне з зарплатай. Зараз усе вызваленыя рыхтуюцца пакінуць Дагестан і вярнуцца дадому.

Як паведаміў БелаПАН лідар руху «Альтэрнатыва» Алег Мельнікаў, цяпер вызваленыя беларусы знаходзяцца на перавалачнай базе руху ў Махачкале. Затым ім будзе аказана дапамога ў пераездзе ў Маскву.

Паводле яго слоў, у незнаёмай мясцовасці, без грошай і дакументаў, наслухаўшыся пра баевікоў, людзі часта баяцца пакінуць тэрыторыю завода, таму і аказваюцца ў вымушаным рабстве.

Камандзір пошукава-ратавальнага атрада «Анёл» (Беларусь) Сяргей Коўган паведаміў БелаПАН, што актывісты атрада звязаліся са сваякамі вызваленых у Дагестане беларусаў. Сваякі запэўнілі, што аплацяць білеты на пералёт сваіх блізкіх з Масквы ў Мінск. У Мінску іх сустрэнуць актывісты атрада «Анёл» і супрацоўнікі Чырвонага Крыжа, якія дапамогуць з цёплым адзеннем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?