Калі расейская імпэратрыца Лізавета Пятроўна падпісала амаль 260 гадоў таму ў дзень вялікамучаніцы Тацяны загад аб стварэньні Маскоўскага ўнівэрсытэту, Беларусь жыла ў сваёй незалежнай краіне.

І Тацянін дзень ня мае ніякага дачыненьня да сьвятаў беларускага студэнцтва,
расказаў вядомы гісторык і грамадзкі дзеяч Алег Трусаў.

Указ Лізаветы Пятроўны пра стварэньне Маскоўскага ўнівэрсытэту датуецца 25 студзеня 1755 году, пасля чаго беларускія землі яшчэ паўстагодзьдзя заставаліся незалежнымі ад Расейскае імпэрыі. Таму сьвяткаваньне гэтак званага Тацянінага дня ў сёньняшняй Беларусі ёсьць вынікам альбо гістарычнае неадукаванасьці, альбо сьвядомым навязваньнем нашай моладзі чужых традыцыяў, гаворыць Алег Трусаў: «Калі людзі ня ведаюць гісторыі, то тады яны трапляюць у сьмешныя сытуацыі. Калі ствараўся Маскоўскі ўнівэрсытэт, Беларусь не ўваходзіла ў Расейскую імпэрыю. Таму ніякага дачыненьня Тацянін дзень да Беларусі ня мае ні зь якога боку».

У беларускіх студэнтаў за сваё нацыянальнае студэнцкае сьвята мае быць дзень стварэньня Віленскага ўнівэрсытэту, які да Лізавецінскага ўказу налічваў ужо амаль 200-гадовую гісторыю і быў найстарэйшым ва ўсёй Усходняй Эўропе.

Гэта, дарэчы, прызнавалася нават за савецкай уладай, гаворыць Алег Трусаў: «Яшчэ калі існаваў Савецкі Саюз, усе ведалі, што самы старажытны ўнівэрсытэт на тэрыторыі СССР — гэта Віленскі. І літоўцы ў свой час дабіліся, што 400-гадовы юбілей Віленскага ўнівэрсытэту сьвяткаваўся ва ўсесаюзным маштабе. Была нават выдадзеная паштовая марка Савецкага Саюзу з выяваю галоўнага корпусу ўнівэрсытэту і датаю — 400 гадоў».

Віленскі ўнівэрсытэт створаны паводле прывілею караля Стэфана Баторыя, выдадзенага ў 1578 годзе. Але афіцыйнаю датаю ягонага адкрыцьця лічыцца 30 кастрычніка 1579 году, калі рымскі Папа Грыгоры XIII (той самы, дарэчы, які ўвёў у Эўропе новы стыль летазьлічэньня) сваёй булаю зацьвердзіў прывілей караля Стэфана Баторыя. На двух факультэтах Віленскага ўнівэрсытэту выкладаліся ўсе на той час прыродазнаўчыя і гуманітарныя дысцыпліны. Абавязковымі для ўсіх студэнтаў былі клясычныя мовы — грэцкая, лацінская і габрэйская; новыя — нямецкая і француская, і мова дзяржаўнага справаводзтва ВКЛ — беларуская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?