26.01.2013 / 11:20

Фотавыстава пра Беларусь у Нямеччыне: беларускія фатографы запрашаюцца да ўдзелу 1

Ці існуе розніца паміж тым, якой бачаць беларусы сваю радзіму і тым, якой бачаць яе нашыя заходнія суседзі?

Калі існуе, дык у чым яна палягае? Пашукаць розніцу вырашылі арганізатары фотавыставы, што мае адбыцца ў нямецкім мястэчку Рэгенсбург.

Шпацыруючы па вёсцы мы, хутчэй за ўсё, не пацягнемся за камерай, каб сфатаграфаваць, напрыклад, вось гэты чырвоны дом. Бюст жа Леніна на фоне царквы хоць і падасца нам недарэчным, але, згадзіцеся, звыклым. А вось з альбомаў маладых нямецкіх наведнікаў наша краіна паўстае менавіта такой...

Беларусь на свае і чужыя вочы, дзве перспектывы адной краіны – ідэя праекта фотавыставы, якую паспрабуе рэалізаваць Усходне-Заходні-Цэнтр Рэгенсбургскага ўніверсітэта ''Еўрапеум'' (Das Ost-West-Zentrum der Universität Regensburg «Europaeum» ).

Да ўдзелу запрашаюцца беларусы, якім не больш за 35 гадоў. Пачаткоўцы і ўжо прафесіяналы, што згодныя на публічную дэманстрацыю сваіх здымкаў. Розніцы таксама няма і паміж тым: друкаваліся гэтыя здымкі ў медыя ці не, каляровыя яны ці чорна-белыя.

Галоўнае -- ўсебакова паказаць Беларусь, закрануўшы пэўныя тэмы. Такія, напрыклад, як чалавек (штодзённае жыццё, святы, традыцыі, адукацыя, палітыка і іншыя сферы дзейнасці, партрэты), прырода, адметнасці, будынкі і інш.

Таму, калі Вы маеце фота, якое, на Вашую думку, магло б расказаць аб нашай краіне, смела дасылайце яго да 25 лютага 2013 г. на наступны адрас: mbox.Kontakt@europaeum.uni-regensburg.de.

Не забудзьцеся на подпіс да здымкаў: хто іх аўтар, калі і што было знята. Дасылаць жа на кожную тэму можна да 10 прац фарматам да 300 dpi. Усяго на выставе, якая плануецца ў маі-чэрвені, будзе паказана па 50 прац ад кожнага з бакоў.

0
я / Адказаць
26.01.2013 / 15:22
Меловые карьеры под Волковыском кто-нибудь фотографировал? Вышлите немцам - вот удивяться...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру