Алесь Дзянісаў.

Алесь Дзянісаў.

Аўтазак каля клуба на вул. Талбухіна перад канцэртам. Фота даслаў чытач.

Аўтазак каля клуба на вул. Талбухіна перад канцэртам. Фота даслаў чытач.

Гродзенскі гурт Dzieciuki, што мусіў у суботу ўвечары выступіць у мінскім клубе Jolly Roger Cafe (Талбухіна, 4), так і з’ехаў у Гродна, не сыграўшы.

«Канцэрт адбыўся, але мы ў ім не гралі, — распавёў НН вакаліст гурту Алесь Дзянісаў. — Нам сказалі арганізаітары, каб мы нават блізка не падыходзілі да клуба, бо іначай нас затрымаюць».
І сапраўды,
паводле сведчанняў відавочцаў, каля Jolly Roger Cafe дзяжурыў аўтазак, вуліцу Талбухіна патруляваў АМАП.
Паводле папярэдніх звестак, праблемы з гэтым канцэртам пачаліся пасля званка «з вышэйшых інстанцый».
«Чаму забаранілі? Бо існуюць чорныя спісы, — кажа А.Дзянісаў. — А гродзенскія „КальЯн“ і Deviation былі ў іх яшчэ раней за мінскія гурты».
    Праект «Дзецюкі» быў заснаваны ў Гродне ў мінулым годзе з удзелам былога вакаліста «Кальяна» Алеся Дзянісава, грае фолк-панк на беларускай мове.
    Значная частка тэкстаў гурту прысвечаныя беларускім героям-паўстанцам розных часоў — каліноўцам, балахоўцам, «лясным братам».

      * * *

      Сярод магчымых прычын забароны выступу згадваецца інтэрв’ю сайту Хартыя’97, якое музыкі далі напярэдадні.

      Dzieciuki: Панкі, натхнёныя Каліноўскім
      Яны хочуць данесці да сваёй аўдыторыі тое, пра што не распавядаюць у школе.

      Новая гродзенская панк-фармацыя карыстаецца немалым попытам. Толькі што яны прыехалі з Варшавы, да гэтага гралі ў Катовіцах, Любліне, Бельхатуве, Аполе і Сувалках. На Радзіме музыкі выступаюць радзей. Да іх, як да «ідэалягічна нядобранадзейных» асаблівая ўвага.

      Dzieciuki ўжо ўвайшлі ў гісторыю беларускага року, як гурт, першы канцэрт якога апынуўся пад забаронай. Тым не менш цяпер музыкі рыхтуюцца да шэрагу выступаў у Беларусі: Мінск, Гродна, Баранавічы. Ад частых канцэртаў хлопцы не выглядаюць стомленымі, але ўсё адно абмяркоўваюць пытанне наконт таго, каб часова згарнуць канцэртную дзейнасць. Неабходна заняцца ўшчыльнай працай у студыі, каб выдаць дэбютны дыск. Яны ўжо абвесцілі ў сваёй суполцы, што 2 лютага даюць свой апошні канцэрт у 2013 годзе. Але не факт, што гэта будзе так: Dzieciuki заўжды з ахвотай прымаюць прапановы выступіць і гатовыя ехаць хоць на край свету.

      Гродзенцы граюць панк-рок з выкарыстаннем дуды і флейты. Тэксты — выключна па-беларуску і выключна на гістарычную тэматыку. На сваіх канцэртах яны распавядаюць неабазнаным пра Каліноўскага і Булак-Балаховіча ды выконваюць бадзёрыя песні ў рытме ска-панку, пад якія людзі слэмяцца бяз стомы. Спяваюць у гурце два чалавекі — Паша Трабл і Алесь Дзянісаў, а ідэолагам каманды з’яўляецца гісторык Дзяніс Жыгавец, менавіта ён піша тэксты для ўсіх песень «Дзецюкоў».

      — Мы граем гродзенскі панк-рок, з прыстаўкай нацыянальны. Вырашылі закласці такую канцэпцыю і стварыць нацыянальны панк-рокавы гурт. «Нацыянальны» — гэта значыць не толькі прыналежнасць да нацыі. Мы імкнемся культываваць нашыя нацыянальныя каштоўнасці праз панк-музыку. Вершамі нікога асабліва не здзівіш, праз музыку куды больш рэальна данесці свае ідэі.

      — Але з чаго вы вырашылі, што можаце павучаць людзей?

      — Мы адчуваем неабходнасць данясення да маладога пакалення той інфармацыі, якую да іх не данясуць на ўроках гісторыі. У нас у гурце два гісторыкі з адукацыі, усе без выключэньня ўдзельнікі каманды цікавяцца гэтай тэматыкай. Мы жывем у Горадні — культурнай сталіцы краіны, якая мае сваю гістарычную школу, закладзеную Міхасём Ткачовым. Дык чаму б нам не выказацца з гэтай нагоды і не абудзіць у нашых слухачоў патрыятычныя пачуцьці, гонар за сябе і сваю радзіму? Ведаеце, у Беларусі хапае гуртоў, якія граюць панк-рок, але няма ніводнага, які б паклаў у аснову сваіх песень гераічны эпас. Мы вырашылі ўзяць гэтую справу ў свае рукі.

      — Хто героі вашых песень?

      — У беларускай гісторыі ёсьць багата яскравых асобаў.

      Усе ведаюць пра таго ж Каліноўскага, Булак-Балаховіча. Але застаюцца ў цені тыя людзі, якія былі з імі, якія мелі гонар і шанавалі свабоду. Іх была неверагодная колькасць. І пра іх мы пяём, ім прысвячаем свае песні
      і мы марым, каб сучасныя беларусы сталі такімі ж, якімі яны былі калісьці ў гісторыі. На сёння большасць беларусаў не цікавіцца сваёй гісторыяй. Папрацаваць і адпачыць — па такой завядзёнцы жывуць людзі. Мы хочам хоць трошкі памяняць такое становішча.

      — Не думаеце, што абраная стылістыка звужае вашу аўдыторыю?

      — Мы граем для найбольш актыўнай аўдыторыі. Менавіта ім жыць далей і зьмяняць сітуацыю да лепшага.
      Менавіта яны могуць нешта зрабіць у будучыні. І калі наша музыка іх узрушыць да дзеяння, значыць мы дасягнулі сваёй мэты. Заўважаем, што людзі актыўна цікавяцца нашай музыкай і чакаюць нас з канцэртамі. Значыць, не марную справу робім.

      — Дзе можна знайсьці вашы запісы і дзе вас пачуць ужывую?

      — Мы ўтварыліся толькі ў мінулым годзе, так што напрацавалі яшчэ небагата. Пакуль маем дэма-сінгл пад назвай «Гарадзенскі гармідар», які можна паслухаць на нашай старонцы ў сеціве. Там таксама можна дазнацца пра нашы бліжэйшыя выступы. Рыхтуемся запісаць поўнавартасны альбом. Ужо гатовыя 10 кампазіцый, плануем зрабіць яшчэ парачку. Запіс збіраемся пачаць у красавіку. Ёсьць таксама ідэі кліпаў.

      — Якія вы бачыце перспектывы для сябе ў Беларусі?

      — Цяжка сказаць з уліку таго, што першы ж наш канцэрт у Гродне, прысвечаны памяці Кастуся Каліноўскага, быў забаронены. Чамусьці так сталася, што патрыятычныя аспекты нашай гісторыі не ўхваляюцца дзяржавай. Таму на дзяржаўным узроўні мы выступаць не зможам. І дзякуй богу.

      Ёсць пазітыўны момант у тым, калі не даюць выступаць — больш часу тады застанецца на працу ў студыі.

      — Ясна, што вам, як і кожнаму адэкватнаму беларусу шмат чаго не падабаецца з таго, што робіцца ў краіне. Таму лепш скажы, што вам падабаецца?

      — Я сапраўды стаў заўважаць, што людзі пакрысе пачынаюць цікавіцца гісторыяй з таго боку, з якога мы яе бачым. Беларусы прыходзяць да разумення таго, што яны мусяць мець сваіх герояў. Рух у гэтым кірунку ідзе, бо раней з гэтай нагоды адчувалася поўная абыякавасць. А калі людзі паважаюць сваю мінуўшчыну, то яны паважаюць саміх сябе, а значыць будуць рабіць усё дзеля годнай будучыні, стануць больш актыўнымі. Зразумеюць, што ўсё залежыць ад іх саміх і перастануць слухаць дзядзьку ў тэлевізары.

      — Ці няма ў вас засьцярогі ў сувязі з тым, што вы станеце проста нецікавымі, калі сітуацыя ў краіне зьменіцца?

      — Праўда, мастак павінен быць галодным. І мне нават падабаецца, што ў Беларусі шмат чаго нельга. Напрыклад, чытаць пра саветызацыю Заходняй Беларусі ў часопісе Arche, які накрылі. Мне як творчаму чалавеку патрэбна падпітка і я яе атрымліваю напоўніцу ў гэтых умовах. Я цікаўлюся пэўнай тэмай, знаходжу інфармацыю пра яе і намагаюся данесці яе да людзей. Канечне, хацелася б наадварот — каб проста песні пісаліся не пад натхненнем ад забароненай і непажаданай тэматыкі, а па пакліканню душы. Але магчыма тады бы атрымаліся зусім іншыя песні. Мяркую, калі ў Беларусі ўсё зменіцца, зменімся і мы. Будзем пець проста вясёлыя і лірычныя песні пра кветкі, сонейка і добрае жыццё — чаму не?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?