26.01.2013 / 21:43

«Таямніцы свету» на РЕН ТВ: «Лукашэнку спрабавалі атруціць бруснічным морсам» 68

Выйшла новая перадача з цыклу «Таямніцы свету» на канале РЕН-ТВ, якую вядзе выкрытая на Захадзе расейская шпіёнка Анна Чапман. Выпуск праграмы, у якой спалучаюцца танныя сенсацыі і прапагандысцкія задачы, мае назву «Выкрыццё. Агенты ў белых халатах».

У ёй распавядаецца пра спробы заходніх спецслужбаў пазбаўляць жыцця і здароўя «нязгодных» кіраўнікоў.

Пачалі аўтары перадачы з кіраўніка Беларусі.

Нібыта, каб не дапусціць яго абрання ў 2010 г., «самае засакрэчанае падраздзяленне ЦРУ» труціла Лукашэнку цыянідам.
Інфармацыя падаецца са спасылкай на «беларускія апазіцыйныя газеты» (у кадры чамусьці — даваенныя выданні: можна пазнаць «Звязду», «Чырвоную змену», «Савецкую Беларусь»).
У 1999, кажуць аўтары, Лукашэнку падчас афіцыйнага прыёма «спрабавалі атруціць з дапамогай любімага бруснічнага морсу»,
пасля чаго «паўтара месяцы Лукашэнка не з’яўляўся на публіцы».

А ў 2000-м, падчас візіту ў Таджыкістан, сцвярджае Чапман, «пашырыліся чуткі, што на Лукашэнку быў выпрабаваны новы від наркотыка, які выклікае атрафію мышцаў». Нават выбух у Мінску 4 ліпеня 2008 быў здзейснены, каб «распыліць новае псіхатропнае рэчыва, з дапамогай якога ЦРУ спрабавала прымусіць прагрэсаваць старую хваробу прэзідэнта — мазаічную псіхапатыю».

Але ўсё марна, кажуць аўтары, бо Лукашэнка мае доступ да распрацаванай яшчэ ў сталінскія часы «таблеткі неўміручасці», якой карысталіся савецкія кіраўнікі.

Далей падобнага кшталту «таямніцы» раскрываюцца пра Арафата, Чавеса, Мубарака, Юшчанку, Кенэдзі…

Перадача, хоць і ўзроўнем — ніжэй калена, мае сур’ёзную прапагандысцкую задачу: давесці абываталю, што кругом — ворагі, «сусветная закуліса», што іх падкопы — прычына любой нестабільнасці ў свеце і спадзявацца можна толькі на расейскае кіраўніцтва і яго хаўруснікаў.

А часам фантазіі аўтараў «Таямніц свету» выклікаюць прыступы такога істэрычнага смеху, што пачынаеш падазраваць: ці не распыляецца і падчас прагляду які-небудзь газ? І ці не выклікалі ўжо суседзі «агентаў у белых халатах»?

Сяргей Мікулевіч

0
Маладэчанец / Адказаць
26.01.2013 / 22:07
Пра выбух у 2008 зусім бязглуздзіца. Прычым каментар Шарамета устаўлены пра выбух на кастрычніцкай.
0
Барадзед / Адказаць
26.01.2013 / 22:09
"Агенты ў белых халатах" марнуюць мільярды даляраў, падбіраюць індывідульныя атруты для прэзідэнтаў. Для АРЛ вынайшалі цыянід, бліскуча!))
0
Макс / Адказаць
26.01.2013 / 23:15
Чушь собачья, с канала Рен тв
Паказаць усе каментары/ 68 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру