Гальшаны па‑ранейшаму застаюцца ў памежнай зоне, што ня можа спрыяць разьвіцьцю турызму. Пабудова зьменшанай мадэлі славутага тамтэйшага замку магла б прывабіць цікаўных. Але студэнты зь Менску і Берасьця не пасьпелі нават і распачаць загадзя сплянаваную будоўлю — улады іх тэрмінова выслалі. Гэта адбылося ў другой палове дня 19 ліпеня, выгнанцы толькі позна ўвечары дабраліся дахаты.

Запрасіў у Гальшаны студэнтаў Пятро Явідовіч, які набыў у мястэчку дом, зношаны на семдзесят адсоткаў. Але ня толькі з мэтаю жыць зь сям’ёю, а каб стварыць таксама музэй гадзіньнікаў, якія ён рамантаваў раней, маючы майстэрню ў Ашмянах. Ягоная мара — пабудаваць аграсядзібу, каб туды прыяжджалі на адпачынак турысты. Дзеля гэтага яму заманулася таксама стварыць у сябе Гальшанскі замак у зьменшаным выглядзе, паколькі ад самога замку засталіся толькі руіны, якія працягваюць разбурацца.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Моладзь з асацыяцыі студэнтаў‑архітэктараў спадар Явідовіч запрасіў на ўласны кошт. Людзі прыехалі, іх было каля трыццаці чалавек. Паставілі намёты, ён наладзіў харчаваньне. Аднак тут умомант зьявіліся правяральшчыкі, пачынаючы з памежных войскаў і сканчаючы санэпідслужбай.

Узялі падрыхтаваны сьпіс студэнтаў з падрабязнымі дадзенымі, паколькі мястэчка знаходзіцца ў памежнай зоне. Але прэтэнзіі якраз не датычылі рэжыму знаходжаньня ў ёй. Санэпідслужба ў асобе галоўурача Аляксандра Вайкуля і прадстаўнік МНС абвесьцілі, што летніка тут быць ня можа — студэнты неадкладна павінны пакінуць Гальшаны!

Пятро Явідовіч гаворыць, што ў райвыканкаме яшчэ ў сакавіку распавядаў — улетку да яго прыедуць дапамагаць студэнты. Хай едуць, хай дапамагаюць, адказаў чыноўнік. Але цяпер вэртыкальнікі заяўляюць: ну і што, што ён камусьці распавядаў? Арганізацыя летніка — гэта сур’ёзная справа, трэба было атрымаць загадзя згоду ўладаў, хаця б у сельсавеце.

Пятру Явідовічу крыўдна: на любой будоўлі людзі жывуць у спэцыфічных умовах, абеды ім прывозяць, а ён гатаваў і мыў посуд у стацыянарных умовах. Ці, напрыклад, чаму санэпідслужба не зьвяртае ўвагі на рачулку Гальшанку, куды трапляе бруд з жывёлагадоўчай фэрмы? Чаму ў мястэчку стаіць аварыйны дом, зь якога нават выселілася адна сям’я, бо абрынулася столь, а МНС нават пальцам не паварухне?

Адказаў у Явідовіча няма.

Алесь Каралёў, bulletinonline.org

Фота radzima.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0