У Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) пакуль не паступала зваротаў ад работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у сувязі з дэкрэтам прэзідэнта № 9. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага прававога ўпраўлення апарату савета ФПБ Уладзімір Шалковіч 28 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, апрача ФПБ за сітуацыяй на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі сочыць прафсаюз работнікаў лесу. Аднак і ён не валодае інфармацыяй пра тое, што палажэнні згаданага дэкрэта прымяняліся на практыцы, хаця і не выключае адзінкавых выпадкаў прымянення ў наступным.

Шалковіч мяркуе, што прававую ацэнку дэкрэту павінны даваць «іншыя органы».
ФПБ, паводле яго слоў, раней выступала супраць укаранення дэкрэта № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны» 1999 года, які рэгламентаваў палажэнні кантрактнага найму. Цяперашні дэкрэт проста ўнёс карэктывы ў дэкрэт № 29, падкрэсліў ён.

«Мы не выступалі катэгарычна супраць (дэкрэта № 9), але спадзяемся, што практыка будзе ісці па шляху прымянення таго заканадаўства, якое было да дэкрэта № 9», — рэзюмаваў Шалковіч.

У каментарыі ён паведаміў, што вядзецца праца над прапановай кіраўніка Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расіі Міхаіла Шмакава аб кансалідацыі расійскіх і беларускіх прафсаюзных сіл і выпрацоўцы адзінага рашэння адносна дэкрэта № 9. Аднак у якім ключы вядзецца гэтая праца і на якой стадыі яна знаходзіцца, Шалковіч канкрэтызаваць не стаў, спаслаўшыся на тое, што такімі пытаннямі займаецца не яго служба.

Дэкрэт № 9 прадпісвае перавесці ўсіх работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў на кантрактную форму найму. Датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з ініцыятывы работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракта можа быць абскарджана старшыні абласнога (Мінскага гарадскога) выканкама. У выпадку парушэння работнікамі працоўных абавязкаў і звальнення яны павінны кампенсаваць грашовыя выплаты, якія будуць налічвацца ім дадаткова да зарплаты. Аналагічны прававы рэжым прадугледжаны ў дачыненні да работнікаў генеральных падрадных арганізацый і праекціроўшчыкаў, якія бяруць удзел у рэалізацыі інвестпраектаў па тэхнічным перааснашчэнні, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцяў арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?