28 студзеня Гомельскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 24-гадовага мужчыны, які абвінавачваецца ў забойстве 22-гадовай студэнткі 4-га курса біялагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны.

Трагедыя здарылася ў ноч з 19 на 20 верасня мінулага года. Апоўначы Наталля Емяльянчыкава вярталася дамоў, каля пад’езда на яе з нажом напаў мужчына. Як устанавіла экспертыза, пацярпелая памерла ад вялікай страты крыві, ёй былі нанесены 102 нажавыя раненні ў галаву, грудзі, шыю, рукі і ногі. Былі таксама зафіксаваны пераломы рэбраў. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваны як забойства з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх намераў.

У судзе абвінавачаны віну прызнаў поўнасцю. Ён паведаміў, што прыкладна ў чэрвені-ліпені 2012 года знаходзіўся з Емяльянчыкавай у адной кампаніі, і дзяўчына абразіла яго.

Як менавіта, абвінавачаны не растлумачыў. 19 верасня ён ехаў разам з сужыцелькай і сябрам у аўтобусе і сустрэў Наталлю. Ён ведаў, дзе жыве дзяўчына, бо быў знаёмы з яе братам. Абвінавачаны выйшаў з аўтобуса за адзін прыпынак ад дома, дзе жыла пацярпелая, і пабег цераз двары, каб каля дома Наталлі дачакацца яе. На пытанне дзяржабвінаваўцы аб тым, з якой мэтай пабег, мужчына растлумачыў, што з мэтай забойства. Ён дачакаўся дзяўчыну каля пад’езда, а затым накінуўся на яе з нажом.
На пытанне дзяржабвінаваўцы: «За што вы яе забілі?» — абвінавачаны адказаў: «За непрыязныя адносіны».

Жыхары некаторых дамоў вуліц Чачэрскай і Макаёнка чулі крыкі дзяўчыны, хтосьці выклікаў міліцыю, якая прыбыла аператыўна, але параненую выратаваць не здолелі. Абвінавачанага затрымалі на наступны дзень. Сяброўка загінулай апазнала падазранага хлопца, які ехаў з імі разам у аўтобусе, прагледзеўшы запісы з камер назірання ў гіпермаркеце, які да ўчынення злачынства наведваў абвінавачаны.

Маці загінулай у судзе папрасіла для абвінавачанага найвышэйшай меры пакарання.

Ён раней быў судзімы за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць, — забіў свайго айчыма.

Пасяджэнне суда працягнецца 29 студзеня допытам сведак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?