Сёння Каардынатар дапамогі ЗША Еўропе і Еўразіі Дзярждэпартамента ЗША Даніэль Розенблюм сустрэўся ў Мінску з прадстаўнікамі апазіцыі,
паведаміў «Нашай Ніве» старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Апроч яго, на сустрэчы таксама прысутнічалі Сяргей Калякін («Справядлівы свет»), Аляксандр Мілінкевіч (Рух «За Свабоду»), Анатоль Лябедзька (АГП), Ірына Вештард (БСДП), Віталь Рымашэўскі (БХД), Уладзімір Някляеў («Гавары праўду»).

«Найперш спадара Розенблюма цікавіла, як сітуацыя ў Беларусі можа развівацца ў будучыні», — кажа Аляксей Янукевіч.
Вядома, што прадстаўнік Дзярждэпа знаходзіўся ў Мінску ад нядзелі. Яго заўважылі ў гатэлі «Краўн плаза». Аднак пакуль няма інфармацыі, ці меў ён сустрэчы з кімсьці з чынавенства. Не выключана, што адбываліся таксама сустрэчы ў рамках гуманітарнай дапамогі ЗША Беларусі.
Апошні раз прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Даніэл Расэл наведваў Беларусь у лістападзе 2010, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Час ад Плошчы адносіны паміж Беларуссю і ЗША фактычна замарожаныя.
Варта адзначыць, што пра ўзаемадачыненні з ЗША і Захадам гаварылася сёння на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. «Асабліва закраналася пытанне перспектывы ўзаемаадносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў шэраг прапановаў МЗС Беларусі, накіраваных на далейшую актывізацыю працы з заходнімі партнёрамі», — заявілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?