Ужо спявалі птушкі, і неба, быццам забаўляючыся, то чарнела пад націскам дажджу і ветру, то рабілася чыстым, без аблокаў, нібы нехта прайшоўся па ім ручніком. І сонца пачало актыўна зазіраць на зямлю, цікаваць за людзьмі, каб часам бліснуць у вока сваім імклівым і гарачым промнем.

Станіслаў, прыплюшчыўшы вочы, стаяў на прыпынку, чакаў свой аўтобус, якога чамусьці ўсё не было і не было. Прайшлі два тралейбусы, маршрутнае таксі. Людзей на прыпынку то меншала, то большала. Усе яны нерваваліся, некуды беглі, мітусіліся.

Станіслаў не спяшаўся. У яго быў вольны дзень: ад работы, ад сям’і. Так ён сам для сябе вырашыў: спыніцца, зрабіць перапынак, не думаючы ні аб чым. На службе нібыта ўсё было пакуль спакойна, дома таксама. Жонка з дзецьмі паехала на два тыдні ў Балгарыю.

Ён нетаропка паснедаў, апрануўся, пакінуўшы ў шафе абрыдлы гальштук, які кожны дзень вісеў на ягонай шыі, -- і вось паўгадзіны ўжо стаяў тут, на прыпынку. Сонца свяціла, спявалі птушкі. Жыццё нібыта было радасным і вечным.

Некалькі чалавек падаліся яму знаёмымі. З імі ён кожную раніцу ехаў у аўтобусе, толькі не ведаў іх імёнаў, дзе працуюць. Іх твары былі для яго звыклымі, як нумар аўтобуса. Чамусьці сёння і гэтыя людзі ехалі не ў свой час. Магчыма, адгул, як і ў яго.

-- Добры дзень, Яцэвіч! – да Станіслава звяртаўся невысокі сіваваты мужчына. Яго хударлявы твар быў гладка паголены, прычоска вельмі кароткая. Шэры касцюм добра адпрасаваны, хоць, як кажуць, не першай маладосці. Няйнакш гадоў пад дваццаць, яшчэ балгарскай сацыялістычнай вытворчасці. У Станіслава таксама некалі быў такі касцюм, які ён даўно адвёз бацьку ў вёску. Бацькі няма ўжо дзесяць гадоў. – Вы ж, Яцэвіч? Адразу і не пазнаў.

-- Яцэвіч. Але я вас не ведаю, -- Станіслаў ветліва нахіліў галаву і нават не паспрабаваў успомніць гэтага чалавека, таму што той быў для яго нецікавы і незнаёмы. Не было аніякага жадання аб нечым пустым размаўляць, прыгадваць. Ён сядзе ў аўтобус і будзе ехаць да канца, потым пагуляе па парку. Паласуецца шашлыком, вып’е бутэльку сухога чырвонага віна, пачытае газеты. І будуць толькі дрэвы, сонца, неба. Ён адзін на лаўцы. А вакол цішыня, спакой і ніякіх турбот. І дзе, урэшце, той аўтобус?

-- А я вас помню. Прафесійная памяць, – мужчына крыва ўсміхнуўся і цмокнуў языком. – Хоць, канечне, час не на нашу карысць. Вы былі худзенькі. І валасы доўгія, светлыя, бы салома. А цяпер і сівізна з’явілася. Я вас адразу пазнаў. Таксама тут недзе побач кватэра?

Станіслаў паціснуў плячыма і нічога не сказаў. Гэты мужчына нечым зачапіў яго, і яму стала цікава, што далей. Надта пільны быў позірк, вочы глядзелі ўпэўнена, калі не нахабна. Гэты чалавек несумненна пенсійнага ўзросту трымаўся так, быццам за плячыма меў паўцарства. Ён адчуваў сябе гаспадаром на зямлі. І гэта нягледзячы на дваццацігадовы касцюм. Туфлі ў яго былі новыя і дарагія. Станіслаў, са сваёй неблагой быццам бы зарплатай, ні разу не купіў сабе такіх. Ён за год ледзь сабраў грошай на паездку жонкі з дзецьмі ў Балгарыю. Дый ніколі не шыкаваў. Хоць добры абутак прыемны не толькі для вока, але і для здароўя.

І дзе ж аўтобус? “Пад’еду першым жа тралейбусам, а потым перасяду на метро, ад якога таксама недалёка да парка”.

-- Семдзесят чацвёрты год. Бабіцкі. Камсамольскі сход на факультэце. Не помніце? – зноў пачуўся голас аматара курыць з вялікім стажам, да якога Станіслаў пачаў прывыкаць, хрыплы і гучны. – Няўжо не помніце?..

Камсамольскі сход вясной семдзесят чацвёртага года Станіслаў ніколі і не забываў. І чым далей адыходзіў у нябыт той дзень, тым часцей ён яго ўспамінаў. Асабліва калі сяды-тады ўсплывала прозвішча Бабіцкага, танклявага невысокага хлопца з чорнымі кучаравымі валасамі.

…Шум, усе ўзбуджаныя. Нейкі агульны істэрычны настрой. За сталом сядзяць намеснік дэкана Самовіч, намеснік сакратара парткама Круза і гэты чалавек у шэрым касцюме. У гэтым самым шэрым касцюме балгарскай вытворчасці. Таварыш Захараў, прадстаўнік кампетэнтных органаў.

У аўдыторыі студэнты іхняга курса, чалавек сто. І раптам – цішыня. Чуваць, як за суседнім сталом нешта піша Валя Кучынская, і папера трашчыць, трашчыць пад яго пяром.

Выступае Уладзік Валасавец. Ён гаворыць, што Іосіф Бабіцкі вінаваты ў тым… Станіслаў пачынае ўспамінаць. Ён успомніў: Валасавец гаварыў, што Бабіцкі распаўсюджваў сіянісцкія лістоўкі, якія запрашалі ехаць у Ізраіль. Так, гэтыя сіянісцкія лістоўкі Іосіф падкладваў пад падушкі ўсім, хто жыў у іхнім пакоі ў інтэрнаце. Гэта гаварыў Валасавец. Уладзік. Актывіст, які праз год стаў сакратаром камсамольскай арганізацыі. Валасавец? Дзе прыгажун Уладзік, на вуснах якога заўжды была ўсмешка? Валасавец жыве на дачах. Гэта сказала Станіславу яшчэ два гады таму аднакурсніца Валя Кучынская. Ён спіўся. Жонка з ім развялася і выгнала з кватэры. Ён жыве тым, што заробіць у суседзяў: адрамантуе цяпліцу, ускапае грады. Спіць часам пад плотам альбо ў клапатлівых старых кабет, якім не хапае мужчынскай увагі.

-- Вы чуеце мяне? – пытаецца мужчына з мінулага. Канечне, гэта ён сядзеў за сталом як прадстаўнік кампетэнтных органаў.

І дзе той аўтобус, што спыніць непрыемную размову?! Вось ён спыняецца на прыпынку. Але Станіслаў нават не паварушыўся. Ніякай ужо ахвоты некуды ехаць, піць сухое чырвонае віно і есці шашлык. Ён стаіць і думае… хоць не хоча пра гэта думаць. Быццам цвік у сцяне, трымаецца успамін, якога, відаць, немагчыма, пазбавіцца. Перад ім сіваваты мужчына ўсміхаецца, здзекліва пазірае і адчувае сябе панам, а ён, Станіслаў, разгубіўся. Спалохаўся, страшна перад мінулым, якое ніколі не пакіне яго. Ніколі. Разгублены Іосіф Бабіцкі, Уладзік Валасавец, Аляксей Бурдзік, які памёр. Памёр, упэўнены, што правільна жыў, браў Бога за бараду. Ён казаў: сіяністы хочуць, каб кожны жыхар Беларусі паехаў у Ізраіль. Ён рабіў націск на апошнім складзе. А ў вечары Станіслаў бачыў, як п’яны Бурдзік цягнуў за каўнер Бабіцкага і крычаў, што яўрэі выпілі ў кране ўсю ваду. Асабліва такія, як Бабіцкі. Той плакаў: дзед загінуў на фронце, а бабуля лячыла параненых у партызанскім атрадзе.

Станіслаў не даў Бурдзіку ў морду, а рагатаў разам з іншымі, назіраючы гэтую карціну. Яны ўвесь вечар пілі віно “Вермут” і радаваліся, што нарэшце пакаралі сіяніста. На сходзе ж дружна прагаласавалі за выключэнне Бабіцкага з камсамола.

Хаця не, не было дружнага галасавання. Не было. У першай групе вучыўся Васіль Казакевіч. Высокі, прыгожы, з сінімі-сінімі вачыма. Кандыдат у майстры спорту па боксе. У яго былі закаханыя ўсе дзяўчаты. Шырокія плечы, былы курсант авіяцыйнага вучылішча, які паступаў ва ўніверсітэт у лётнай форме. На грудзях значок дэсантніка. Пасля першага курса Васіль гаварыў па-французску, як Станіслаў на роднай мове.

Васіль падняўся, агледзеўся і сказаў: “Я таксама хачу паехаць у Ізраіль”. І змоўклі ўсе, нават тыя, хто яшчэ паціху расказваў анекдоты, смяяўся ці чытаў кніжку. Аўдыторыя ператварылася ў пустыню, якая прыціснула Станіслава, а магчыма, і ўсіх да бездані і зверху накрыла гарачым дахам. І выратавання ўжо не было. Не было…

“Хто пацвердзіць тое, што Бабіцкі распаўсюджваў сіянісцкія лістоўкі?” – пытаў Васіль Казакевіч. Усе маўчалі, толькі мужчына ў шэрым касцюме, якога намеснік сакратара парткама Круза назваў прадстаўніком кампетэнтных органаў, густым і хрыплым голасам абвясціў: “Вы здраднік і саюзнік сіяністаў!”

Станіслаў даўно не бачыў Васіля Казакевіча. Нават цяпер было б сорамна глядзець у яго сінія вочы. Хоць мінула столькі гадоў, і мала хто помніў пра той сход на іхнім факультэце. Але ж ён сам не забыў…

Праз месяц пасля сходу Казакевіч забраў дакументы з універсітэта і нібыта зноў паступаў у нейкі інстытут. Які быў ягоны далейшы лёс, Станіслаў не ведаў. Тады ён быў шчаслівы, што не выступаў на сходзе і ўся гэтая гісторыя не датычыла яго. Яму хацелася хутчэй скончыць універсітэт і застацца працаваць у сталіцы. А Бабіцкі? У яго свая дарога. Ён ніколі не падабаўся Станіславу – занадта разумны, адукаваны, інтэлектуал. Хоць, канечне, гэтая гісторыя са сходам была не даспадобы.

-- Я вас успомніў, таварыш Захараў, -- сказаў Станіслаў, і яму захацелася праз трыццаць гадоў даць у морду гэтаму самаўпэўненаму старому. Ды так, каб у яго нахабных вачах з’явіўся страх, каб твар не быў больш такі задаволены. Таму што не ён гаспадар жыцця, не ён!.. – Вы нешта хацелі?

-- Нічога. У мяне выдатная пенсія. І я сяго-таго кансультую… Проста я не забываю тых, хто з намі супрацоўнічаў. Я вам патэлефаную, -- ціха і цвёрда прамовіў мужчына і адразу накіраваўся да тралейбуса, які ўжо спыняўся на прыпынку.

-- Я з вамі не супрацоўнічаў, не супрацоўнічаў! – закрычаў Станіслаў і нават зрабіў крок яму ўслед. – Свалата! Я з табой не супрацоўнічаў!..

…Пад вечар ён сядзеў у адзіноце ў інтэрнацкім пакоі і рыхтаваўся да сесіі. Была субота, і хлопцы з’ехалі ў вёску па сала. Ён у бацькоў быў тыдзень таму, і прадуктаў пакуль хапала.

За акном пачынала цямнець. Станіслаў паглядзеў на гадзіннік: час ужо выйсці на вуліцу падыхаць веснавым свежым паветрам. Стук у дзверы, якія праз хвіліну адчыніліся. На парозе стаяў мужчына ў цёмна-шэрым рацінавым паліто, у руках андатравая шапка.

-- Вы Яцэвіч?

-- Я… -- трошкі разгубіўся Станіслаў, таму што пазнаў у незнаёмцу прадстаўніка кампетэнтных органаў, які прысутнічаў на камсамольскім сходзе.

-- Вы сядайце, сядайце, -- сказаў мужчына. – Я ненадоўга. Да сесіі рыхтуецеся?

-- Так…

-- Ну і выдатна, выдатна… -- мужчына агледзеўся, закурыў, пільна разглядваючы Станіслава. – Выдатна. Я -- Анатоль Іванавіч. Я -- прадстаўнік…

-- Я помню, -- спрабуючы застацца спакойным, прамовіў Станіслаў. – Слухаю вас…

-- Вы старшыня студэнцкага прафсаюзнага камітэта. Правільна мяне інфармавалі?

-- Правільна.

-- Да вас просьба. Не толькі ад нас, але і ад дэкана. Бабіцкі, які з’яўляецца актыўным сіяністам, а значыць, нашым ворагам, працягвае жыць у інтэрнаце. Вам тры дні, каб вырашыць гэтае пытанне: ён не павінен жыць у інтэрнаце і працягваць сваю варожую прапаганду. Як старшыня студэнцкага прафсаюза… Карацей, вам усё зразумела? Інакш мы падумаем і пра вас… Зразумела?

-- Зразумела, -- прашаптаў Станіслаў, а калі падняў вочы ад падлогі, Захарава ў пакоі ўжо не было. Засталося толькі воблака цыгарэтнага дыму, і моцна пахла адэкалонам “Шыпр”.

Пасля таго сходу Бабіцкі год знаходзіўся ў акадэмічным адпачынку, а потым аднавіўся ва ўніверсітэце. І ён сапраўды жыў “зайцам” у інтэрнаце. Ніхто, здавалася, пра гэта не ведаў. Начаваць ён прыходзіў вечарам. Але ж нехта прасігналіў. Хто і навошта? Мільганула думка і прапала. Нешта трэба было рабіць. Ясна, што гэтыя прадстаўнікі не адчэпяцца. Трэба самому ратавацца. Бабіцкі перажыве. Няхай начуе на прыватнай кватэры. Бацькі, кажуць, у яго маладыя. Дый вагоны на таварнай станцыі можна разгружаць. Ён не хворы, рукі і ногі ёсць. І дэкан, мусіць, так лічыць. Скажу Бабіцкаму, што інакш будзе горш. Горш усім: і яму, і мне. Дый дэкану…

Станіслаў спаў ноч спакойна, нішто яго не трывожыла. Раніцай ён выклікаў Бабіцкага ў калідор і, усё-ткі адчуваючы сябе няёмка і не ведаючы, як пачаць, выціснуў:

-- Іосіф, ты мяне пытаў наконт месца ў інтэрнаце. У сэнсе, каб узаконіць яго…

-- Так-так! -- узрадаваўся Бабіцкі. – Я цябе прасіў. Дапамажы, Стась. З мяне піва. Абрыдла як злодзею… Азіраешся… Дый хлопцам не зусім утульна. Ты ж разумееш?

-- Разумею, -- ужо больш упэўнена прамовіў Станіслаў. – Але ж разумееш… Такая справа.

-- Ты не сумнявайся. З мяне піва, -- амаль радасна гаварыў Бабіцкі. – Калі будзе паседжанне прафкама? Ці ўжо было?

-- Ты разумееш... -- выціснуў нарэшце з сябе Станіслаў. – Разумееш... Мне сказалі… Ты паслухай...

-- Што слухаць? Пайшлі! На піва ў мяне ёсць.

-- Іосіф, якое піва?..

-- Стась, ці ў цябе яшчэ ёсць пытанні?

-- У мяне няма пытанняў. Іосіф…

-- Стась, ты хочаш яшчэ і гарэлкі? У мяне грошай мала.

І Станіслаў сказаў тое, чаго хацеў ад яго таварыш Захараў. Ён выціснуў гэта з сябе, нібыта кроў. Ён вымавіў тое, што не магло спадабацца Бабіцкаму.

-- Іосіф, прашу сёння пакінуць інтэрнат. Я цябе прашу... і больш сюды не вяртайся. Зараз пакінь інтэрнат... Зараз…

Чамусьці ён зазлаваў, пачаў крычаць, каб Бабіцкі неадкладна пакінуў інтэрнат. Потым выпіў бутэльку гарэлкі, якая раптам апынулася на стале ў іхнім пакоі. І ўсе суседзі радасна віталі яго, гаварылі, што ён малайчына… Ён малайчына, малайчына… Навошта саступаць гэтым сіяністам?.. Які малайчына Станіслаў! Ой, малайчына!..

…Станіслаў прысеў на лаўцы, якая, паўразламаная і паўгнілая, панура стаяла трошкі ў баку ад прыпынку. Яму ўжо нікуды не хацелася ехаць. Гэты чалавек парушыў ягоны ўнутраны спакой. Ён вярнуў яго ў той час, пра які Станіслаў раней успамінаў з радасцю, але дэталі, што датычылі яго, былі нейкія размытыя, далёкія-далёкія. Іх нібы і не існавала. Даўно ўсё было і мінула. Наогул, не хацелася думаць пра многае. Не хацелася. Таму што кожны дзень вяртацца ў мінулае, нешта бясконца згадваць – не найлепшы варыянт… Але які варыянт? Прычым тут варыянты? Сутнасць у іншым…

Ён не паедзе ні ў які парк, не будзе піць чырвонае сухое віно. Перад вачыма – той камсамольскі сход, і галасы, нібыта яны гучаць цяпер. Іосіф Бабіцкі, які з сумкаю выходзіць з інтэрната. Вакол растуць дрэвы і пяюць птушкі. Яны пяюць радасна, шчасліва. Іосіф глядзіць і гаворыць:

-- Вераб’і пяюць, вераб’і… Мне шкада цябе, Стасік…

Станіслаў чуе гэтыя словы, яны гучаць нібыта цяпер. Ён вяртаецца дахаты. А вечарам яго будзіць тэлефон:

-- Яцэвіч?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?