31.01.2013 / 22:53

Бацька-выпівоха ледзь не спаліў сына, вясковы прадпрымальнік уратаваў - інтэрв'ю з ім 3

Аляксандр Курыловіч не пабаяўся падступіцца да полымя.

30 студзеня ў вёсцы Чадзель Пружанскага раёна згарэў жылы дом. На пажары ледзь не загінулі 13-гадовы школьнік і яго бацька. Яны спалі, калі пачаўся пажар. Па словах выратавальнікаў, гаспадар дома быў п’яны.

Хлопчык прачнуўся ад звону аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Ён убачыў шмат дыму, а ў пакоі, дзе спаў бацька, — полымя.

Школьнік не разгубіўся: пабудзіў бацьку і павалок у іншы пакой, дзе не было агню. І сам патэлефанаваў з мабільніка пажарным.

Машыны выехалі, а дыспетчар Максім Ладычук працягваў парадамі дапамагаць выбірацца.

Падступіцца да дзвярэй у доме было ўжо немагчыма, а вокны падлетак не мог ні адчыніць, ні разбіць — чакаць дапамогі ад бацькі не выпадала.

Сям’я загінула б, каб побач не аказаўся прадпрымальнік з суседняй вёскі Роўбіцк Аляксандр Курыловіч. Ён і выратаваў хлопчыка і мужчыну.

Мяркуецца, што пажар пачаўся ад непагашанай цыгарэты.

«Хлопчыка «хуткая» забрала ўчора, — расказаў «НН» адзін з жыхароў Чадзеля. — Што з ім цяпер — не ведаю.

А бацьку адразу ў наркалогію завезлі — моцна выпіць любіў.

Сям’я сюды гады два таму пераехала: ім далі калгасны дом. Іх тут тры такія пабудавалі. Мужык працаваў доярам, а жонка — даяркай. Яны некалі жылі ў вёсцы непадалёку, а затым выехалі. Пасля вярнуліся ў Чадзель».

Вясковец кажа, што сваякоў у сям’і тут няма. Гаспадыня начавала ў суседзяў. А сёння ёй далі месца ў іншым доме, што належыць мясцовай гаспадарцы.

«Наша Ніва» адшукала Аляксандра Курыловіча, які выцягнуў з вогнішча падлетка з нядбайным бацькам.

«НН»: Выхадны сёння зрабілі для сябе? Усё-ткі ўчора і для Вас быў стрэс.

Аляксандр Курыловіч: У нас выхадных няма. Мы індывідуальныя прадпрымальнікі і працоўным маем кожны дзень.

«НН»: Вы самі не пацярпелі?

АК: Крыху рукі парэзаў, калі шыбу выбіваў. У асноўным усё ў парадку.

«НН»: Як Вы заўважылі пажар?

АК: Праязджалі з жонкай побач і заўважылі дым. Падышлі, а тым ужо дзед адзін стаяў на вуліцы. Там дзеці мусілі быць: пакрычалі, здаецца, нехта ёсць унутры. У дом увайсці было немагчыма — таму шыбу выбілі, праз акно падаставалі ўсіх.

«НН»: Дом быў ахоплены полымем. Страшна не было кідацца да яго?

АК: Не ведаю нават...

«НН»: Не паспелі задумацца?

АК: Можа і так.

«НН»: Як сябе адчувалі хлопчык з бацькам?

АК: Хлопчык не пацярпеў. Спалохаўся: там дыму шмат было — ад пластыку такі атрутны дым. У бацькі крыху валасы абгарэлі.

«НН»: Ці ўдалося нешта выратаваць з маёмасці?

АК: Што было ўнутры, наўрад ці, выратавалі. Моцны пажар быў.

«НН»: Вы ведаеце гэтую сям’ю?

АК: Яны прыезджыя, я з імі не знаёмы.


Паглядзець павялічаную мапу

Чадзель — невялікая вёска на захадзе Пружанскага раёна, на памежжы з Польшчай. Уваходзіць у Сухопальскі сельсавет.

Сяргей Макарэвіч

0
Рамуальд са Смургоняў / Адказаць
31.01.2013 / 23:25
Сапраўдны гярой!!! Такіх бы болей беларусаў!!! ;))))))))))))
0
Мальчик / Адказаць
01.02.2013 / 10:25
Отец теперь будет второй день рождения отмечать. С водовкой, знамо дело.
0
Павал / Адказаць
01.02.2013 / 22:31
Спадары, вы так написали, што быццам гэты прадпрымальник выцягнуу усих, але сапраудны герой - гэта той хлопчык, ён бацьку и выратавау. Не у таго интэрв'ю брали. Не палянуйцесь, шаноуныя, спытайце што было у гэтага мальца.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру