Прафесар Захар Шыбека, які займаецца гісторыяй беларускіх гарадоў, у ліпені эміграваў у Ізраіль. Доктар гістарычных навук цяпер жыве ў ізраільскім Хайфе і вывучае гісторыю яўрэяў на Беларусі.

Як вы ўладкаваліся ў Хайфе?

Захар Шыбека: У Хайфе вучыцца мая любімая жанчына. Тут мы здымаем кватэру. Прыгожы прыморскі горад, які стаіць на схіле гары.

Тут шмат выхадцаў з Савецкага Саюза, часта гучыць расійская мова. Але я намагаюся гаварыць на іўрыце. Скончыў школу для вывучэння іўрыта, здаў іспыты.
Элементарныя веды па мове ёсць, таму з большага разумею.

А чым займаецеся, можа выкладаеце?

Захар Шыбека: На працягу шасці месяцаў я не мог уладкавацца на працу, бо атрымліваў дзяржаўную дапамогу як рэпатрыянт. Я мог толькі вывучаць іўрыт.

Цяпер я ўладкаваўся на працу ў Цэнтр дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце. Гэты цэнтр вывучае гісторыю яўрэяў, якія жывуць па-за межамі Ізраіля. І зараз я буду вывучаць гісторыю яўрэяў Беларусі.
Мяне будзе цікавіць гісторыя яўрэйскіх кварталаў у нашых мястэчках, будзе цікавіць працэс фармавання нацыянальнай свядомасці ў яўрэяў, у параўнанні з беларусамі. Мяне будзе цікавіць, што нашы вядомыя адраджэнцы гаварылі пра яўрэяў. То бок буду вывучаць гісторыю яўрэяў у нацыянальным кантэксце.

І вынікам такіх даследаванняў будзе кніга?

Захар Шыбека: Натуральна, канчатковым вынікам будзе нейкая праца. У маіх планах, яна будзе напісаная на рускай мове, перакладзена на англійскую. Бо тут пісаць на іўрыце не слушна, бо невялікая аўдыторыя: да 60% выхадцаў з саюза. Вядома, што я буду шукаць спонсараў, каб перакласці кнігу на беларускую. У хатніх умовах я размаўляю выключна на беларускай.

А ў чым адрозніваецца жыццё ў Ізраілі і ў нас?

Захар Шыбека:

Тут усё досыць прагматычна пастаўлена. Здаецца, што табой кіруюць камп’ютары, а не людзі. Бо ўсё камп’ютарызавана. Кожны вырашае свае праблемы самастойна.
Тут не прынята пазычаць у людзей грошы, тут пазычаюць у банка. Тут больш парадку і адказнасці. Але тут шмат рэпатрыянтаў з былога саюза, якія прывезлі звычкі савецкіх людзей. Пастаянныя крыўды, маўляў, пры саюзе было лепш.
Тут велізарныя магчымасці для навуковай дзейнасці: ніхто не кантралюе, вольны рэжым працы. Я магу працаваць дома, у бібліятэцы, у архіве. Я магу пісаць усё, што думаю, галоўнае, каб працы мелі навукова-акадэмічны характар.
Збіраюся паездзіць па свеце, каб папрацаваць у бібліятэках.

А ці не шкадуеце, што з’ехалі, можа з’яўляліся такія думкі?

Захар Шыбека: Людзі шкадуюць, калі яны церпяць паразу. А ў мяне – перамога. Я не збіраюся вяртацца ў Беларусь без вынікаў. Чым больш я буду набываць вартасць для Ізраіля, тым больш я буду карысны для Беларусі.

Гісторыя яўрэйскага народа перакручана з гісторыяй беларусаў. Я не шкадую, што я паехаў, бо адкрываюцца новыя магчымасці. У перспектыве я гатовы быць паслом Беларусі ў Ізраілі, калі ў нас усталююцца больш дэмакратычныя парадкі.

А як вы камунікуеце з сябрамі, можа завялі сабе сацыяльныя сеткі?

Захар Шыбека: Я баюся заводзіць фэйсбук ці ўкантакце, бо гэта адымае час. Зараз трэба даць вынік, бо па першаму году маёй працы будзе залежаць далейшая перспектыва. Але кантакты са сваімі сябрамі я падтрымліваю.

Я стараюся ўдзельнічаць у беларускіх мерапрыемствах. З той праблематыкай, якой я займаюся, я магу выступаць і на беларускіх канферэнцыях.
У перспектыве можа ўдасца стварыць тут суполку гісторыкаў з Беларусі, якія будуць займацца беларусістыкай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?