З Бэлы Ахмадулінай
Па вуліцы маёй за годам год
Сябры мае сыходзяць крок за крокам.
Сябры мае так доўжаць адыход,
Што прыцемкі за шыбай сталі змрокам.
О адзінота, нораў твой круты!
Пабліскваючы цыркулем сталёвым,
Як холадна праводзіш кола ты —
Ніякай літасьці бяссільным словам!
Дазволь у твой заглыбіцца гушчар,
Наблізіцца да лісьця — што ёсьць росту,
Схаваўшы твар і атрымаўшы ў дар
Шчасьлівае сіроцтва, як прароцтва.
Тваіх бібліятэкаў цішыню,
Суворы стыль канцэртаў і сімфоній
Мне падары — і памяць зачыню
Пра ўсіх памерлых і жывых да сёньня.
І кожную спазнаю ў сьвеце рэч,
Таемны сэнс давераць мне прадметы,
Прырода, прытуліўшыся да плеч,
Адкрые мне дзіцячыя сакрэты.
І вось тады — у мораку начным,
У роспачы й надзеях без нагоды —
Сяброў маіх абрысы па адным
Пакажуцца і зьнікнуць, як заўсёды.