08.02.2013 / 08:04

Вяшчанне «Беларусь-3» пачалося рускамоўнымі дакументальнымі фільмамі 39

Ён працуе толькі ў лічбавым фармаце, транслюецца і МТІСам.

Сёння ў 7.50 пачалося вяшчанне новага тэлеканала Белтэлерадыёкампаніі.
«Беларусь-3» будзе выконваць тую ж функцыю, што і расійская «Культура». Першай перадачай стаў фільм «Горацкія пацехі» з цыклу «Зямля Беларуская».
Пасля выступу вядучай Ірынай Маісеевай пайшоў і першы расейскамоўны фільм: «Юрий Тарич. Начало».
Караценькая беларускамоўная перадача «Слаўцо» зменіцца наступным расейскамоўным фільмам «Путь к свету. Анатолий Барановский».

* * *

«Наша Ніва» нагадвае гісторыю стварэння канала і іншыя цікавосткі, звязаныя з ім.

Спорт ці культура?

Першыя размовы пра маштабныя пераўтварэнні ў структуры БТ пачаліся ўлетку 2011 года. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька вырашыў пакінуць сваё імя ў гісторыі.

Першы тэлеканал мусіў быць перайменаваны ў «Беларусь-1», канал «ЛАД» — у «Беларусь-2», міжнародны «Беларусь-ТБ» — у «Беларусь-24». Навінкай эфіру называўся спартыўны канал «Беларусь-3».

Праз некалькі месяцаў прыярытэты змяніліся, і ідэю стварэння выключна спартыўнага канала было вырашана адкласці.

З цягам часу была выпрацавана новая стратэгія — ЛАД («Беларусь-2») зрабіць забаўляльна-спартыўным, а гісторыю і культуру вынесці ў фармат «Беларусь-3».

Змена канцэпцыі канала

Паводле леташніх заяваў Генадзя Давыдзькі,

«Беларусь-3» мусіў аб’яднае ўвесь кантэнт, які падыходзіць пад вызначэнне «Спадчына» (гэта працоўная назва). «У эфіры з’явяцца новыя праекты пра культуру, гісторыю, шэдэўры сусветнага кіно — і ўсё будзе толькі на беларускай мове», —
паабяцаў Давыдзька.

«Гэта будзе беларускамоўны тэлеканал, дзе будзе прадстаўлена лепшая дакументалістыка, гістарычныя фільмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубляваныя на беларускую мову, ток-шоу культуралагічнага плану, рэлігійныя праграмы, праграмы для дзяцей, школьнікаў», — удакладнілі тады ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Прайшоў год, і акцэнты зноў змяніліся.

Цяпер галоўнай мэтай «Беларусь-3» называюць «асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў галіне культурнага жыцця краіны».
Канцэпцыя «Спадчыны» замянілася на канцэпцыю «Культура і мастацтва». Замест 100% беларускай мовы засталося «каля 70%». «На сёння сетка вяшчання складаецца прыкладна на 70% з беларускамоўных праграм. Мы не павінны забываць пра двухмоўе ў нас у краіне і пра дзве дзяржаўныя мовы. Аб’ектыўна гэты канал не можа быць толькі беларускамоўным. Натуральна, будуць прысутнічаць праграмы і на рускай мове», — тлумачыць дырэктар «Беларусь-3» Віктар Маючы.
Слоганам канала стане фраза «Каб любіць Беларусь».

Кіраўніцтва

Узначаліў «Беларусь-3» менавіта ён, Віктар Маючы. Дагэтуль ён працаваў у Міністэрстве інфармацыі ва ўпраўленні электронных СМІ. На многіх канферэнцыях Маючы выступае як начальнік аддзела Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта.

У Маючага дзве адукацыі — ён закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (1983) і Міжнародную акадэмію менеджменту (2005).
З 1985 па 2006 год працаваў у структуры Белтэлерадыёкампаніі.

На пытанне «НН», ці свабодна ён валодае беларускай мовай, Маючы адказаў: «Валодаю». Анатоль Ярмоленка ўдакладніў, што заспеў той час, калі

Маючы вёў моладзевую праграму «Крок» па-беларуску,
і нагадаў, што беларускамоўныя праграмы Маючага на гомельскім тэлебачанні былі адзначаныя на розных конкурсах.

Намеснік дырэктара — Сяргей Макарэй. Ён выкладае майстэрства гукарэжысёра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Першы лічбавы канал Беларусі

«Канал „Беларусь-3“ будзе толькі лічбавым», — тлумачыць Віктар Маючы.
У лічбавым варыянце ён займае месца прыватнага «8 канала».

Для таго, каб глядзець «Беларусь-3», трэба мець тэлевізар, які падтрымлівае DVB-T (большасць новых мадэляў), альбо ўсталёўваць спецыяльную прыстаўку. Мяркуецца, што гэтыя прыстаўкі будуць прапаноўвацца абанентам па даступнай цане ці ўвогуле ў бясплатную арэнду, але канчаткова гэтае пытанне не вырашана.

Па словах Маючага, перамовы з аператарамі кабельнага тэлебачання (накшталт Космас ТБ) вядуцца, як і з аператарам IP-тэлебачання Zala.

А вось МТІС ужо ўключыў канал у сетку тэставага лічбавага вяшчання.

Злавіць жа «Беларусь-3» звычайнай антэнай у вёсцы не атрымаецца. Аналагавую частату ён не мае.

Што будзе ў эфіры?

Тое, якія перадачы будуць транслявацца ў першыя дні працы канала, ужо вядома. Гэта дакументальныя фільмы, праграмы «Размаўляем па-беларуску» і «Калыханка». Дарэчы,

«Калыханка» павялічыцца па часе да 20 хвілін, і стане штодзённай. Дагэтуль па выходных яна не выходзіла.

Колькасць перадач будзе павялічвацца, чакаецца, што на «Беларусь-3» пяройдуць «Благовест» і «Таямніцы душы».

Згодна з прэс-рэлізам Белтэлерадыёкампаніі, аснову эфіру будных дзён складзе падборка краявідных фільмаў пад назвай «Мая Беларусь». Апроч іх, будуць транслявацца праграмы, аб’яднаныя ў наступныя рубрыкі: «Тэатр», «Кіно», «Літаратура», «Музыка», «Асобы», «Гісторыя», «Каляровы свет», «Прырода», «Традыцыі», «Дойлідства», «Навука», «Музеі».

«Мы будзем рабіць упор не на эстраду, а на музыку іншых жанраў, якія таксама вельмі паспяхова развіваюцца ў Беларусі, а музыкі, якія працуюць у гэтых жанрах, вядомыя ва ўсім свеце. І, натуральна, звяртацца да той музыкі, якая выйшла з эстрады, але ўжо стала народнай, можа быць, не па жанру, а па духу», — паабяцаў Маючы.

А вось з трансляцыяй тэатральных пастановак будзе складаней. Па словах Маючага, гэтае пытанне ўпіраецца ў пытанні аўтарскіх правоў і бізнэсу, які не заўсёды зацікаўлены ў тыражыраванні прэм’ерных спектакляў на тэлебачанні.

Па меркаванні дырэктара,

блокавай рэкламы, якая існуе на іншых каналах быць не павінна. Але і зусім без рэкламы не абысціся.

Нагадаем, першае ўключэнне «Беларусь-3» адбудзецца 8 лютага ў 7.50.

Ягор Марціновіч

0
філёлах / Адказаць
01.02.2013 / 18:04
Скажыце, што гэта такое? Ну што ўверсе? Гэта твар канала? Ці гэта нешта канальнае? Кранальнае? Дзе такое адшукалі? А мы пра нейкія прапановы, хфіласофіі розныя, ітэлехтуальныя ўсялякія разважаньні, дурноты розуму і... Матухна! У пад'ездзе сустрэў бы ноччу - аддаў бы ўсё, што маю, толькі ня біце ботамі!
0
шакаваны / Адказаць
01.02.2013 / 18:06
За 20 хвілін можна закахалыхаць каго заўгодна. І заказытаць да сьмерці - точна!
0
Ната / Адказаць
01.02.2013 / 18:41
20 минут калыханка- это мощно:) Может на эстонском языке?:)
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру