Сёлета школьныя бібліятэкі не замовілі ніводнага праграмнага твора па беларускай літаратуры. Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 25 ліпеня ў Мінску дырэктар выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» Уладзіслаў Мачульскі.

Паводле яго слоў, «школьныя бібліятэкі самаўстараніліся ад таго, каб забяспечваць дзяцей праграмнай літаратурай». «Летась бібліятэкі сістэмы Мінадукацыі замовілі 18 найменняў кніг, але практычна нічога не выкупілі», — зазначыў У.Мачульскі. Сёлета «яны наогул нічога не замовілі», падкрэсліў ён.

У фармаванні дзяржаўнай замовы на выпуск кніг і іншай прадукцыі выдавецтваў цяпер удзельнічаюць толькі публічныя бібліятэкі, зазначыў У.Мачульскі. Што да метадычнай літаратуры, дык яе «не купляе ні Мінадукацыі, ні адзін раённы аддзел адукацыі — яна рэалізуецца толькі праз рознічны гандаль».

У.Мачульскі таксама паведаміў, што ў канцы ліпеня выдавецтва выпусціць аўдыёдыск з запісамі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дыск цікавы тым, што творы чытаюць самі аўтары, а таксама сын Якуба Коласа, Уладзімір Караткевіч і беларускія акцёры. Дыск уключае больш за 80 твораў класікаў беларускай літаратуры, якія ўваходзяць у школьную праграму.

Сёлета выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» выпусціла таксама тры найменні падручнікаў па беларускай літаратуры, яшчэ адзін выйдзе бліжэй да пачатку навучальнага года. Акрамя таго, выдавецтва працягвае выпуск зборнікаў з серыі «Бібліятэка школьніка»: у першым паўгоддзі выдана шэсць кніг.

Тацяна Дарашчонак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0