У Маскоўскай вобласці вызвалены 30-гадовы грамадзянін Беларусі, якога больш за месяц ўтрымлівалі ў закладніках, патрабуючы выкуп 232 тысячы еўра.

1 лютага ў праваахоўныя органы паступіла тэлефанаванне ад мужчыны, які паведаміў, што яго незаконна ўтрымліваюць у якасці закладніка ў адным з дамоў па вуліцы Кірава ў Падольску. Следча-аператыўная група выехала па гэтым адрасе, дзе быў затрыманы непрацуючы грамадзянін Арменіі, а беларус вызвалены.

Следчымі органамі СК РФ па Маскоўскай вобласці распачата крымінальная справа па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных арт. 163 (вымагальніцтва) і арт. 127 (незаконнае пазбаўленне волі) Крымінальнага кодэкса Расіі.

Па версіі следства, з 27 снежня 2012 г. група асоб гвалтоўна ўтрымлівала беларуса ў кватэры, патрабуючы перадачы ім 232 тысяч еўра. 1 лютага 2013 г. закладнік здолеў патэлефанаваць у праваахоўныя органы, скарыстаўшыся няўважлівасцю аднаго з выкрадальнікаў.

Следства будзе хадайнічаць аб абранні ў дачыненні да затрыманага меры стрымання ў выглядзе зняволення. Следства вядзе вышук яго саўдзельнікаў і высвятленне ўсіх акалічнасцяў здарэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?