Нямецкая газета Bild у нядзельным выпуску паведамляе пра высвятленне асобы затрыманага 21 студзеня ў аэрапорце Дзюсельдорфа з банкаўскім чэкам на суму, эквівалентную 70 млн даляраў. Выданне паведамляе, што гэта былы міністр эканомікі і фінансаў Ірана Тахмасб Мазахеры.

Аб затрыманні 59-гадовага замежніка мытня ФРГ паведаміла ў мінулую пятніцу. Ён прыбыў рэйсам з Ірана транзітам праз Турцыю. Пры даглядзе ў аэрапорце ў яго ў ручной паклажы быў знойдзены чэк, выдадзены Цэнтральным банкам Венесуэлы, на суму 300 млн балівараў. На той момант мытная служба не ўдакладняла імя затрыманага.

Як нагадвае ІТАР-ТАСС, Мазахеры займаў пасаду міністра эканомікі і фінансаў ІРІ да 2004 года. Да 2008 года ён выконваў абавязкі кіраўніка цэнтрабанка Ірана.

Па дадзеных выдання, на допыце Мазахеры заявіў, што паказаная вышэй сума «прызначалася для будаўніцтва 10 тысяч адзінак жылля, якое павінен быў прафінансаваць урад Венесуэлы».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?