Па выніках 2012 года рэспубліканскі бюджэт у Беларусі склаўся з дэфіцытам каля 0,5 трлн. рублёў пры запланаваным першапачаткова бездэфіцытным выкананні, паведаміў міністр фінансаў Андрэй Харкавец у інтэрв’ю часопісу «Финансы, учет, аудит».

Паводле слоў кіраўніка Мінфіна, летась на даходную частку бюджэту паўплывала зніжэнне паступленняў ад экспарту ў сувязі са скарачэннем знешняга попыту на калійныя ўганенні. Акрамя таго, рост экспарту тавараў прывёў да павелічэння вяртання ПДК экспарцёрам, а ўмацаванне курсу беларускага рубля ў параўнанні з прынятым пры фарміраванні бюджэту не дазволіла атрымаць запланаваныя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.

«Яшчэ адна прычына — памяншэнне аб’ёмаў імпарту тавараў у Расійскую Федэрацыю ў параўнанні з прагнозам прывяло да зніжэння аб’ёму ўвазных мытных пошлін, што пералічваюцца з Расіі ў беларускі бюджэт у адпаведнасці з пагадненнем аб устанаўленні і прымяненні ў Мытным саюзе парадку залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлін», — патлумачыў кіраўнік Мінфіна.

Паводле яго слоў, на паступленні даходных крыніц бюджэту аказала таксама ўплыў «запавольванне эканамічнай актыўнасці арганізацый краіны ў сілу ўплыву фактараў стабілізацыйнай макраэканамічнай палітыкі, якая рэалізуецца». Часткова страты былі кампенсаваны дадатковымі паступленнямі падатку на прыбытак, павелічэннем ставак акцызаў, увядзеннем спецыяльнага збору на экспарт калійных угнаенняў, дадатковымі даходамі мэтавых бюджэтных фондаў.

«Адначасова намі праведзена праца па рэвізіі расходаў бюджэту па асобных кірунках, ацэнцы іх мэтазгоднасці з тым, каб пераразмеркаваць рэсурсы на фінансаванне заработнай платы, субсідзіраванне сацыяльна значных паслуг, а таксама на забеспячэнне большай даступнасці прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі да банкаўскіх крэдытаў у рамках дзяржаўных праграм. Пры гэтым удалося бюджэтныя абавязацельствы скарэктаваць у аб’ёмах, якія не цягнуць пагаршэння для дзейнасці бюджэтнага сектара, што ўказвае на патэнцыял зніжэння расходаў бюджэту і ў будучыні», — адзначыў міністр фінансаў.

У выніку, паводле слоў Андрэя Харкаўца, рэспубліканскі бюджэт па выніках 2012 года выкананы з нязначным дэфіцытам. Згодна з папярэдняй ацэнкай, яго памер склаў каля 0,5 трлн. рублёў.

У той жа час бюджэт цэнтральнага ўрада (рэспубліканскі бюджэт і бюджэт Фонду сацыяльнай абароны — менавіта такая кансалідацыя прымяняецца пры ацэнцы міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі аперацый урада) выкананы з прафіцытам у 0,2 трлн. рублёў. «Такім чынам, у наяўнасці дакладны разлік збалансаванасці бюджэту», — канстатаваў міністр фінансаў.

Да таго ж, прадоўжыў ён, у цэлым выкананне кансалідаванага бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання, гэта значыць з улікам яшчэ і рэгістарльных бюджэтаў, забяспечана з прафіцытам каля 3 трлн. рублёў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?