У судзе Ленінскага раёна сталіцы раніцай 4 лютага распачаўся суд над мадэльерам Аляксандрам Варламавым. Працэс праходзіць у вялікай зале Дома правасуддзя, дзе адбываўся працэс над Канавалавым і Кавалёвым — абвінавачанымі ў выбуху ў мінскім метро.

Аляксандр Варламаў — дырэктар ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава», былы мастацкі кіраўнік цэнтра сучаснага стылю і моды Universum models упраўлення па справах культуры БДУ, былы намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта рэспубліканскага фестываля-конкурсу моды і фота «Млын моды» і начальніка Цэнтра маладзёжнай моды БДУ.

Варламаў абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 209 КК (махлярства ў асабліва буйным памеры), ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 211 КК (прысваенне маёмасці), ч. 1 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). Матэрыялы справы складаюць 147 тамоў.

У якасці сведак па крымінальнай справе дапытана больш за 800 чалавек. Пацярпелымі прызнаныя 353 асобы.

***

4 лютага на слуханнях па справе мадэльера Аляксандра Варламава дзяржаўны абвінаваўца Павел Папкоў,
старшы памочнік пракурора Ленінскага раёна Мінска, пачаў зачытваць абвінавачанне.

Як вынікае з яго слоў, злачынная дзейнасць Варламава адносіцца да перыяду 2004—2011 гадоў. Мадэльеру інкрымінуецца незаконнае выкарыстанне для арганізацыі платных заняткаў памяшканняў, выдзеленых ПУП "Агенцтва моды Сашы Варламава" Белдзяржуніверсітэтам непасрэдна ў будынку БДУ і ў ліцэі БДУ.

Гэта прывяло да недаплаты арэндных і камунальных плацяжоў на суму 88,6 млн. рублёў.

Варламаў таксама абвінавачваецца ў службовых падлогах, унясенні непраўдзівых звестак у дакументы, згодна з якімі памяшканні, выдзеленыя Цэнтру сучаснага стылю і моды БДУ, які ён узначальваў, выкарыстоўваліся выключна гэтай структурай. Гэта значыць, як сцвярджае дзяржабвінавачанне, Варламаў утаіў ад кіраўніцтва ВНУ факт аказання платных паслуг на выдзеленай яму базе.

На працягу паўтары гадзіны Папкоў зачытваў, па якіх днях і якія памяшканні, у прыватнасці Ліцэя БДУ, эксплуатаваў Варламаў ад імя Цэнтра сучаснага стылю і моды ў 2004—2008 гадах. У матэрыялах справы фігуравалі актавая зала, фае, жаночыя раздзявальні і некаторыя іншыя памяшканні, паведамляе БелаПАН

***

Саша Варламаў знаходзіцца за кратамі з 20 мая 2011 года. У суд ён прыйшоў на мыліцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?