Аляксандр Лукашэнка 4 лютага прыняў з дакладам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова і генеральнага дырэктара ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" Валерыя Іванова.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, размова ішла аб становішчы спраў у БКК і сітуацыі на калійным рынку.

Паводле слоў Іванова, сітуацыя на калійным рынку нармалізавалася. Беларусь заключыла кантракт на пастаўку 1 млн. тон калійных угнаенняў з Кітаем, правяла перамовы з бразільскімі партнёрамі, у бліжэйшыя два дні плануе падпісаць кантракт на пастаўку 1 млн. тон калійных угнаенняў у Індыю. Іваноў зазначыў, што па выніках працы за студзень 2013 года БКК рэалізавана калійных угнаенняў больш, чым у студзені мінулага года, і ў цэлым паказчыкі працы за першы квартал будуць нашмат вышэйшыя за ўзровень такога ж леташняга перыяду.

На сустрэчы ўзнімалася пытанне аб перавозцы беларускіх грузаў марскім транспартам, у прыватнасці, аб дастаўцы калійных угнаенняў у парты прызначэння.

Лукашэнка зазначыў, што азнаёмлены з вынікамі разгляду гэтага пытання ва ўрадзе. "Але я неяк не магу зразумець нейкія разважанні, чыста беларускі варыянт, што калі мы будзем самі вазіць, то гэта можа быць і не танней, чым у іншых перавозчыкаў. Гэта значыць, на сваёй машыне ці на сваім судне перавозіць ледзь не даражэй атрымліваецца, на думку ўрада, чым на чужым транспарце. Вось я ніяк гэтага не магу зразумець. Хаця ўсё ж залежыць ад нас. Калі ў нашых руках тавар, у нашых руках аўтамабіль ці судна, то мы гэта ўсё і рэгулюем. Як можна тут атрымаць меншы прыбытак, даход, чым супрацоўнічаць з чужымі? Я ніяк не магу зразумець", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на той факт, што Беларусь як краіна з экспартна арыентаванай эканомікай перавозіць дзясяткі мільёнаў тон грузаў. "І не ўсё мы перавозім чыгуначным, аўтамабільным транспартам. Напэўна, трэць ці чвэрць грузім у партах. Гэта дзясяткі мільёнаў тон. Мы тут маглі б зарабляць неблагія грошы, як мне здаецца", — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?