04.02.2013 / 17:14

Скандальны расійскі мільярдэр стане беларускім віцэ-прэм'ерам? Пяць фактаў пра Дзмітрыя Мазепіна 19

Украінская рэдакцыя расійскага інфармацыйнага агенцтва РБК паведаміла, што ў бліжэйшыя дні новым віцэ-прэм’ерам Беларусі можа быць прызначаны расейскі алігарх Дзмітрый Мазепін, багацце якога ацэньваецца на $1,7 мільярда. Інфармацыю пра гэта нібыта перадала крыніца ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Кампанія «Уралхім», якую ўзначальвае Мазепін, паспела абвергнуць навіну. Пасля гэтага кіеўскія журналісты сваё паведамленне выдалілі.

«Наша Ніва» на ўсялякі выпадак сабрала пяць цікавых фактаў пра патэнцыйнага віцэ-прэм’ера.

Ураджэнец Мінска

Нягледзячы на сваю расейскасць, Мазепін нарадзіўся ў Мінску, у 1968 годзе. Калі развіваць канспіралагічную версію, гэта магло б яму дазволіць балатавацца ў прэзідэнты Беларусі.

У 1985 ён закончыў Мінскае сувораўскае вучылішча, а пасля вучыўся на вайсковага перакладчыка. У 1986–1988 Мазепін служыў у Афганістане, але ў баявых дзеяннях удзелу не браў.

Пасля вайны Мазепін асеў у Расіі, паступіў на эканамічны факультэт МГІМА. Развал СССР ён сустрэў у якасці фінансіста, стваральніка страхавой кампаніі «Инфістрах».

У 1993–1995 Мазепін вярнуўся ненадоўга ў Беларусь, узначаліўшы адну з філіяў «Беларусбанка».
Пасля гэтага скачкі з пасады на пасаду працягнуліся — банк «Фалькон», «Рознаімпарт», Цюменская нафтавая кампанія, «Ніжневартаўскнафтагаз», банк «Флора-Масква», Расійскі фонд федэральнай маёмасці… У гэтых шасці рознапланавых арганізацыях Мазепін папрацаваў на працягу пяці гадоў.
У Фондзе федэральнай маёмасці нарэшце прыйшло супакаенне. Ён даслужыўся да пасады першага намесніка старшыні.
Яго кіраўніком быў Уладзімір Малін, адзін з фігурантаў справы Хадаркоўскага.

Сумнеўны шлях да багацця

У 2002 Мазепін сыходзіць на пасаду прэзідэнта кампаніі «Сібур», падкантрольнай «Газпраму». Праз год яго адтуль звольнілі, аднак ён паспеў вывесці са складу кампаніі азотную прамысловасць.

Пасля доўгіх перапродажаў і банкруцтваў розных юрыдычных асобаў актывы апынуліся ў руках Мазепіна.

Яны сталі асновай хімічнай кампаніі «Уралхім», старшынёй рады дырэктароў якога ў 2007 стаў менавіта Мазепін.

Празрыстасці ў расійскім бізнэсе тых часоў бракавала.

«Уралхім» тады набіраў ні чым не забяспечаныя крэдыты, а на атрыманыя грошы скупляў іншыя прадпрыемствы.
Калі Мазепіным зацікавіліся сілавыя структуры, ён стаў рыхтаваць шляхі да адступлення.

Перспектыва эміграцыі

У 2009 годзе ў Латвіі было зарэгістравана даччынае прадпрыемства «Уралхіма», праз якое мусілі кантралявацца даходы кампаніі. Неўзабаве ў Рызе запрацавала афіцыйнае прадстаўніцтва.

Мазепін тым часам збіраўся набываць дарагія гатэлі ў Юрмале.
Пагаворвалі і пра ягоны інтарэс да футбольнага клуба «Сконта».

Вывад актываў за мяжу яшчэ мацней раззлаваў сілавікоў. Аднак Мазепін іх прыгожа перамог. Адзін з дэпутатаў абласнога заканадаўчага сходу Кіраўскай вобласці раптоўна адмовіўся ад мандату.

Мазепін падмітусіўся, стаў дэпутатам ад «Адзінай Расіі» і аўтаматычна атрымаў недатыкальнасць.

Спонсар расійскай апазіцыі?

Імя Дзмітрыя Мазепіна засвяцілася ў добрым дзясятку іншых цьмяных гісторый. У прыватнасці, у многіх расійскіх СМІ

яго называюць «апазіцыйным» алігархам і спонсарам масавых акцый расійскай апазіцыі.
Прычым «новаму Хадаркоўскаму» прыпісваюць фінансаванне і радыкальных «левых», і лагоднай «Справядлівай Расіі» ды нацыяналістаў. Лічыўся ён і спонсарам арт-групы «Вайна» — той самай, з якой выраслі актывісткі Pussy Riot.
Мазепін на ўсялякі выпадак працягвае жыць на два дамы — Расію і Латвію.
Улады прыбалтыйскай краіны якраз выдалі яму дазвол на будаўніцтва тэрміналу для перавалкі мінеральных угнаенняў.

Беларускія перспектывы

Паводле інфармацыі РБК, у беларускім урадзе Мазепін мае адказваць за ўзаемаадносіны з Расіяй.
Уцямнага тлумачэння, навошта патрэбны дадатковы чалавек, не прыводзіцца. Нібыта ў бліжэйшы час будзе дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі дадатковага крэдыту памерам $3 мільярды на аплату расійскіх энерганосьбітаў. Пра гэта таксама не было ніякай інфы з іншых крыніц.
Аднак у любым разе Мазепін не выглядае чалавекам, набліжаным да сённяшняга Крамля, якому б Пуцін і Лукашэнка даручылі кантраляваць шматмільярдныя ўгоды.

Магчыма, гаворка ідзе пра зліў інфармацыі з мэтай нашкодзіць самому Мазепіну.

Ягор Марціновіч

0
адзін дзядок / Адказаць
04.02.2013 / 17:54
Адна бабка казала, што чула ад другой бабкі, нібыта суседка трэцяй бабкі, якая з'яўляецца сяброўкай другой бабкі, запэўніла чацвёртую бабку, што тая абавязкова возьме шлюб, яшчэ да вясны, з нейкім дзядькам, якога завуць, блін, Дзімам Мазепаю. І што яна ў ім знайшла? Нейкі белабрысы ды неўклюдны. Тых мноства фактаў я ад іх падслухаў, калі сядзеў на лавачцы побач з трэцяю бабкаю... І яшчэ маю што распавесьці, але ж іншым разам.
0
Картавый / Адказаць
04.02.2013 / 17:58
он, видно сразу
0
тэлеслухач / Адказаць
04.02.2013 / 18:19
Лукашэнку, здаецца, знайшлі пераемніка.
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру