Гэта цяпер ён прызнаны гранд, імя якога вядомае далёка за межамі краіны, але слава прыходзіла праз выпрабаваньні.
Яшчэ ў 1959-м экзамэнацыйная камісія забракавала ягоную дыплёмную працу «Вясельле», а за напісаны ў 1974-м «Палявы трыбунал» творца надоўга трапіў у няміласьць да афіцыёзу.

— Акурат 10 гадоў таму, напярэдадні адзначэньня вашага 80-годзьдзя, менскія ўлады выдзелілі памяшканьне пад мастацкую галерэю твораў Леаніда Шчамялёва. Праўда, ня ў цэнтры — у Серабранцы. Ці вы задаволеныя той місіяй, якая на яе была ўскладзеная, у тым ліку і вамі?

— Ну як я магу быць задаволены? Тым, што там ні падысьці, ні пад’ехаць нельга да галерэі? Само памяшканьне маленькае, вузкае. 60 працаў я падарыў гораду, гэтыя 60 карцін трэба выставіць. Але ж там ты іх ня выставіш ніколі. У выніку і ўяўленьне пра творчасьць прымітыўнае. Вядома, той, хто гэта прыдумаў, ён усё рабіў шчыра. Іншага месца проста не было. Цэнтар заняты іншымі. Вы ж паглядзіце: якія крамы, кавярні — усё ёсьць. Таму і атрымліваецца, што Шчамялёў са сваёй выставай дзесьці на ўскрайку. Тым ня меней, я сур’ёзна да гэтага паставіўся і выставіў свае карціны. Але я бачыў, як гэта арганізоўвалася, як фіксавалася. Такая практыка пакуль у казках нейкіх, бо яшчэ не бывала, каб мастак дарыў адразу шэсьць дзясяткаў працаў. А калі такога не было, то людзі нават ня ведалі, як іх прыняць. І да гэтага часу ня ведаюць. Там ёсьць дырэкцыя, яны да мяне ставяцца вельмі паважліва і г.д., але відавочна, што павінна быць сталая экспазыцыя. У поўным аб’ёме, больш салідная. А гэтага няма, бо няма месца. Там шмат хто іншы выстаўляецца. Мабыць, гэта ўжо гарсавет вырашыў — ну што ўсё яму аднаму? Хопіць добрага пакрысе, няхай і іншыя сябе пакажуць.

— Фармальна галерэя — Шчамялёва, але шчамялёўскага, па сутнасьці, ня так і шмат?

— У тым уся і справа. На жаль, тут няма такой павагі да мастака, як у іншых краінах. Я быў, прыкладам, у мастакоў у Вугоршчыне. Маленькая галерэя. Карціны, магчыма, ня самыя значныя.
Але сядзіць мастак, жанчына нейкая прыйшла. Яны ўдвох, размаўляюць на тле разьвешаных карцінаў, нікога няма. Вельмі прыгожа. І гэта жыцьцё мастака! Тут можна пазнаёміцца як зь ім самім, так і з тым, што ён зрабіў, якім мастацкімі сродкамі, выказаць сваё стаўленьне да яго творчасьці. У нас гэтага пакуль няма. Мы ставімся да мастацтва як да нейкай практыкі. Несур’ёзнае ўвогуле стаўленьне да таго, што чалавек паказаў свае здольнасьці, выразіў дух нацыі. Няма ж такога: глядзіце, як ён бачыў, як іншыя гэта будуць бачыць. Таму жывуць аднадзёнкі — левыя, правыя, крывыя выстаўляюцца; з Масквы нешта прывезьлі — пабеглі. А што Масква? Масква — гэта сама па сабе амаль краіна.
А наша краіна — 10 мільёнаў, ужо меней, але краіна, якая мае шмат цікавых, багатых духоўна мастакоў. Іх 1200 у Саюзе мастакоў. Але выстаўляюцца на выставах — ад сілы 200. А тысяча дзе?
На розных пазыцыях. Многія выкладаюць. Але і каб выкладаць, трэба мець пачуцьцё, трэба павагу мець. Нацыянальную павагу, нацыянальную культуру. Шмат чаго трэба мець добраму мастаку…

— Чаму, дарэчы, вы са сваім вялізным досьведам ня сталі выкладаць на рэгулярнай аснове?

— Ды мяне асабліва ніхто нікуды і ня браў, не запрашаў. Быў адзін высокі кіраўнік, які прыйшоў да мяне і зь дзьвярэй заявіў: ну што ты вось не выкладаеш? Трэба выкладаць. Добра, кажу, я ж ня супраць. Будзеце там — пагаварыце. Дый, відаць, так пагаварыў, што да гэтага часу не размаўляе ні са мной, ні з кім. Бо яму там папулярна патлумачылі: нельга браць такіх людзей. Вось у чым справа.

— Некаторыя выкладаюць, каб, апроч іншага, зьвесьці канцы з канцамі. Але вы ў мастацтве — «цяжкавагавік», неаднаразова ўганароўваліся, у 2010-м атрымалі немалую прэмію Саюзнай дзяржавы.

— Я вам так скажу: толькі за тое, што я прэмію атрымаў, тое-другое, — не пражыў бы. Каб не было нармальных людзей, якія ўспрымаюць, разумеюць і набываюць мае працы, не было б нічога.
Многія беларусы, многія людзі зь Менску і далёкіх гарадкоў набывалі мае карціны. І гэта давала мне жыцьцё. Жыцьцё ня ў тым сэнсе, што я харчаваўся лепш за астатніх, а таму, што я мог купіць палатно, фарбы. І працаваць. Бо разважаньні мастака бяз працы — гэта глупства. Гэта ніякіх адносінаў ня мае да твайго статусу. Толькі сваёй працай ты можаш нешта гаварыць і нешта рэальна зрабіць. Праца вызначае цябе як асобу.

— Леанід Дзьмітрыевіч, вы прайшлі ўсю вайну, былі параненыя. На ёй загінуў ваш бацька. Але ваенная тэма ў вас, адрозна ад калегаў-франтавікоў, як кажуць, ня б’е ў лоб. Разам з тым узьнікла цэлая суполка баталістаў, народжаных ужо пасьля вайны, якія прапагандуюць магутнасьць сучаснага беларускага войска — езьдзяць на вучэньні, з натуры пішуць сучасных палкаводцаў…

— Справа ня ў тым, што хтосьці адмаўляе, а хтосьці не адмаўляе вайну. Падзею, як і мастака, адмаўляць нельга. У мяне былі розныя працы, і лёс у іх быў таксама розны… Але калі чалавек узяўся за батальную сцэну зь нейкіх каньюнктурных меркаваньняў, то ён проста не мастак, вось у чым справа. Сапраўдны мастак ніколі ня возьмецца за тое, што яму не адпавядае паводле духу. Ён можа і галадаць нават, і ўсё што заўгодна. Але не рабіць гэтых рэчаў. Можна і армію ўслаўляць, чаму не? Калі ёсьць беларуская армія, можна напісаць, калі ты хочаш, калі ты разумееш сутнасьць арміі для народу, для твайго асабістага позірку на гераізм канкрэтнага чалавека ці на яго паводзіны. Можа быць цікавым партрэт ці карціна? Канечне, можа быць. Але тое, што робіцца зараз, выстаўляецца на патрэбу ў нейкіх вайсковых установах, дык гэта ніякіх адносінаў да мастацтва ня мае. Гэта нават не каньюнктура, бо каньюнктура таксама мае на мэце навязаць сваё суджэньне. А тут проста малацікавы погляд на ўменьне мастака мысьліць, разважаць, калі ты робіш карціну, думаць. Табе трэба напісаць, каб табе заплацілі і каб ты пражыў. А гэта бяда. Мастак, вядома, павінен атрымліваць грошы за тое, што ён робіць, але толькі тады, калі тваё мастацтва адкрытае, празрыстае. Калі працы нехта судзіць, калі гэтыя працы для некага неабходныя. Вось у чым сутнасьць.

— 5 лютага, у дзень вашага юбілею, у Нацыянальным мастацкім музэі адкрыецца пэрсанальная выстава «Мастак і час». Калі не памыляюся, упершыню вас дапусьцілі ў галоўную выставачную залю толькі пяць гадоў таму, перад 85-годзьдзем?

— Тут трэба, як кажуць, глыбей капаць. У 1980-я атрымаў народнага мастака. Не Масква, гэта нашы, беларусы далі мне званьне. Але менавіта ў той час у нас надзвычай бурна разьвіваўся працэс — гэта патрэбна, а гэта непатрэбна, гэта карысна, а гэта шкодна. Чорт ведае што тварылася.
І, канечне, ніякай дапамогі матэрыяльнай не было, вось у чым бяда, не было магчымасьці выстаўляцца. Любыя адхіленьні ўспрымаліся як іншадумства. Я вось у сваім родным горадзе, дзе нарадзіўся, у Віцебску, зрабіў выставу. Добра было ўспрынята. Зараз, дарэчы, таксама не ўспрымаюць, таму што Шагал вызначыўся прыярытэтам. Ну што ты будзеш рабіць, калі тут Шагал, а тут — Шчамялёў, хто ён такі? З Шагалам параўнацца захацеў? Нельга так. Пра што тут казаць?

— Да Марка Шагала ў вас даўно досыць крытычнае стаўленьне…

— Справа ў тым, што вобраз тыражуе прапаганда — вось ён такі вялікі, такі геніяльны. Але чамусьці тое, што выстаўлена тут на выставах, у нашых музэях, яно не выяўляе ні самога Шагала, ні яго дух, ні яго адносіны да гэтага краю. Як не выяўляе ягонай значнасьці ў тым, у чым яго прадстаўляюць. Вось у чым справа. Я бачыў, дапусьцім, партрэты ягоныя вельмі цікавыя, бачыў шмат працаў, калі за мяжой бываў. Але, апроч яго, я бачыў мастацтва ўсёй Францыі, Гішпаніі, іншых народаў, якое мне таксама падабаецца зусім ня горш, чым мастацтва Шагала! Хваліць — гэта вельмі добра, я ўсьцешаны, калі ўвогуле хваляць мастака. Але пераборшчваць таксама ж нельга. Таму мне ня ўсё падабаецца і ня ўсім я магу ўзрушвацца. Тым больш, ёсьць Беларусь, ёсьць суджэньне аб Беларусі, ёсьць свой калярыт, сваё бачаньне. Нарэшце, свая гісторыя разьвіцьця гэтай краіны — ад самых даўніх часоў. І калі гэта ня будзе адзначана ў мастацтве, у выяўленчай культуры, тады хто ж мы такія? Калі будзе толькі Шагал, ці нейкі іншы мастак, ці яшчэ хтосьці зь іншай краіны? Як жа мы будзем разумець сябе як асобы, як людзі, якія ведаюць, што яны беларусы?

— У вашай творчасьці нямала працаў, прысьвечаных розным пэрыядам змаганьня беларусаў за сваю незалежнасьць. Гэтыя героі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі цяпер не ў фаворы. На ваш погляд, яны яшчэ вернуцца?

— Усе беларусы даўно змагаюцца, сапраўды ўсё жыцьцё. Тут на пэрсаналіі цяжка нешта пераводзіць. Але, як ні дзіўна, толькі цяпер, на працягу апошніх 20 гадоў, усё ж вызначылася нейкая беларуская паласа.
Хто лепшы, хто горшы — я не бяруся абмяркоўваць, але калі ўсё гэта захаваць, то гэта будзе вельмі цікава. Калі, дапусьцім, пасьля аднаго кіраўніка стане іншы, з больш выразным меркаваньнем аб беларускасьці, з большым наплывам нацыянальнага, культурнага, будзе разуменьне моманту. Таму што без культуры нічога ня будзе. Зараз яе месца займае спорт, але гэта хоць і «фізычная культура», але не культура ў сапраўдным яе разуменьні. Прыкладам, у Францыі зьнізілася культура, калі пайшоў уніз узровень мастацтва. Усё пайшло абы-як. Зараз вось новы прэзыдэнт-сацыяліст — і нічога не нармалізуецца, ад яго зусім творцы разьбягаюцца.''

— Цяпер Беларусь намагаюцца зацягнуць у нейкія фантомныя структуры, што можа абярнуцца нават стратай незалежнасьці…

— Мы беларусы, і мы маем свой дом. Мы гаворым і па-беларуску, і па-расейску. Але ў нас ёсьць радзіма, у нас была свая краіна і будзе заўсёды. І я ня ведаю, што можа гэтае становішча зьмяніць.
Можна мяняць усё што заўгодна, але ёсьць беларускасьць ува ўсім. І, дарэчы, уплыў нашых мастакоў ці нават палітыкаў, калі гаварыць пра палітыку, таксама адыгрывае вялікую ролю. На сёньняшні дзень, калі казаць адкрыта, у нас і з мастацтвам, і зь літаратурай, і з кіно неяк выпушчаны з-пад увагі ўплыў нацыянальнай, моўнай сыстэмы. Няма сыстэмнасьці. Магчыма, гэта часова. Але мне падаецца, было б лепей, каб плянка беларускай сьвядомасьці ўзьнялася вышэй. Я калісьці вучыўся ў школе толькі па-беларуску. Цяпер я карыстаюся ў асноўным расейскай мовай, але ў школе дапаможнікі, выкладаньне — усё было беларускае. І было вельмі добра. Хоць гэта быў Савецкі Саюз, але я бачыў сьвет і разважаў так, як трэба было, як беларус.

— Дык чаму, на вашу думку, запушчана ўсё беларускае?

— Справа ў тым, што калясальны ўплыў людзей, якія ўвайшлі ў разьвіцьцё беларускай культуры, агульнай зь іншымі культурамі, дамінантнымі. Шмат людзей, якія зьвязаныя з Расеяй, з тымі, зь іншымі нацыямі. Увогуле шмат ёсьць фактараў, якія не далі такога разьвіцьця нацыі, як, прыкладам, мог сабе ў любой сытуацыі дазволіць той жа Якуб Колас, іншыя нашы клясыкі. Чаму Колас, сам будучы паэтам такой велічы і значнасьці, заўсёды размаўляў на беларускай мове? Гэта было бачна, гэта было значна, гэта было культава. За ім цягнуліся. А цяпер і паэты, і многія людзі гавораць на розных мовах. Ня толькі ў літаральным сэнсе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?