забіваючы «Жыгулі», вагоны, «Ікарусы»,
мы правозілі праз мяжу кантрабанду блокамі,
і калі ў нас часам пыталіся: «Што вы паліце?»
мы заўсёды спакойна адказвалі «Толькі лёгкія».
мы вучыліся на Каліноўцы ні з плошчы ні з пушчы, мы
на нулёўцы ў Лодзі за год вывучвалі польскую,
мы жыўцом сузіралі Зянона — цяпер мы відушчыя,
а Каменны Лог і Кузніца — нашыя полюсы.
сумуючы па радзіме, як гэта ні пафасна,
бадзяліся па вакзалах і спалі на вуліцы.
мы самі не ў курсе, як так усё ўдала склалася —
яна нас не звала, але мы ўсё роўна вярнуліся.
і вось мы стаім цяпер пад вашымі вокнамі,
блукаючыя мазгі, гарадскія даўншыфтары,
і палім чырвоныя «Мальбара» проста блокамі,
і аблокі плывуць
а потым — пачатак другога сезону, і трэйлеры
падказваюць, што нікому не будзе сорамна.
паснула пад спойлерам заўтра, дзьме вецер між вербамі,
а сёння пабелены стомаю месяц між зорамі
песціць халоднымі промнямі поле навокал, і
дрэмле ў бярлогу мядзведзіца на небакраі.
дзесьці глыбока ўсярэдзіне, паміж лёгкімі,
сэрца Еўропы. б’ецца — значыць кахае.
Каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру