05.02.2013 / 11:34

«Вось за што мяне трэба судзіць, а не за Плошчу 2010-га» 11

Адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду!» Сяргей Вазняк спавядаецца пра сваю маладосць, жыццёвы шлях і трагедыю, якая адбылася з сынам.

Сяргей Вазняк нарадзіўся і да сямі гадоў жыў у Заходняй Украіне, гаварыў толькі па-ўкраінску і, як прызнаецца, думаў, што ўсе людзі ў свеце гавораць на гэтай мове. Але потым бацьку перавялі па працы ў расійскі Белгарад, і маме перад адпраўкай сына ў першы клас давялося выбіваць з яго родную мову.

У восьмым класе Сяргей прачытаў кнігу «Камісары ў танкавых шлемах» — пра танкістаў-палітработнікаў ваеннага часу. І пад уражаннем паступіў на танкавы факультэт Свярдлоўскага ваенна-палітычнага вучылішча.

— Самы дзіўны выпадак, які адбыўся з вамі ў арміі?

— Пасля вучылішча я трапіў на службу ў ГДР, мяне прызначылі зампалітам аўтамабільнай роты падвозу боепрыпасаў. А камандзірам дывізіі ў нас быў генерал-маёр Сакалоў — сын будучага міністра абароны. Гэтаму генералу было менш за сорак гадоў, у такім узросце стаць генералам немагчыма, але ён стаў. Мабыць, вялікі талент быў. У таты.

Дык вось, будавалі для гэтага генерала лазню. Я тыдзень толькі служу, і мне ставяць задачу: ноччу бярэш салдат, машыну, і ідзяце ў нямецкі лес пілаваць ствалы для лазні. Гэта значыць красці.

Пілуем хвоі ў розных месцах — у немцаў егер усё падлічвае, пянькі маскіруем, за коламі машыны след прыбіраем. Пад раніцу выязджаем, і наш «Урал» захрасае ў велізарнай лужыне — задні мост цалкам «сеў».

Карціна бліскучая. Савецкі «Урал», гружаны крадзеным нямецкім лесам, і побач зампаліт роты. Я сеў побач на пень і думаю: хутка світанак, прыйдзе егер, выбухне скандал, з партыі мяне выключаць, пагоны здымуць. Я ж сам яшчэ хлапчук, хацеў Радзіму абараняць, а тут лазню для генерала будаваць, ды яшчэ такім метадам.

І тут мне малодшы сяржант Сяргей Фаміўка падказвае: возьмем іншую машыну з нашай роты і гэтую выцягнем. Мы бяжым у аўтапарк, я даю вартавому загад: сысці з пасады і 10 хвілін не вяртацца. Знялі з захоўвання «Урал», гружаны авіябомбамі, выехалі праз запасныя вароты.

Захраслы «Урал» вырвалі тросам і шчасліва вярнуліся ў частку. Я думаў, што ўсё скончана. Я ж столькі злачынстваў нарабіў: накраў лесу, вартавому злачынны загад аддаў. (Вось за што мяне трэба было судзіць, а не за Плошчу 2010-га).

А ў роце ўсе 69 «Уралаў», гружаных боепрыпасамі, стаялі пад навесам, — дах трымаўся на палях. І вось Фаміўка, здаючы на машыне з авіябомбамі назад, каб паставіць яе на ранейшае месца, зачапіў бэльку, на якой трымаўся дах. Калі б дах паваліўся і боепрыпасы ўзарваліся, я стаў бы вінаватым у трэцяй сусветнай вайне — да мяжы з ФРГ было 11 км. Але дах «паплаваў» і зафіксаваўся.

— Гісторыя для вас атрымалася павучальнай?

— Безумоўна. Калі праз тры гады я стаў памочнікам начальніка палітаддзела, сутыкнуўся з такім выпадкам. У нас быў малады камандзір разведузвода Міхаіл Д. Халасцяк. Лейтэнант. Выдатны разведчык. Але зблытаўся з немкай з суседняй вёскі, яна была замужам. Гісторыя скончылася тым, што муж застукаў іх за гэтай справай.

Міша ўцякаў праз акно, уцякаў на мапедзе, збіў плот гэтаму немцу. Мішу хутка вылічылі, быў скандал.

Начальнік палітаддзела пасылае мяне разбірацца і патрабуе выключыць Мішу з камсамола. А што значыць выключыць лейтэнанта з камсамола? Гэта канец кар’еры.

Прыязджаю ў разведроту, заходжу ў канцылярыю і бачу такую карціну. Сядзіць на зэдліку Міша, а вакол яго ходзяць палкоўнікі і гнабяць яго. І я ўспомніў, як гэтаксама сядзеў на пяньку, калі лес у немцаў краў. Я вярнуўся ў палітаддзел і зрабіў так, каб лейтэнанта пакаралі, але з камсамола не выключылі.

Імкнуся ставіцца да падначаленых па-людску, заўсёды ўспамінаю сваю гісторыю з лазняй для генерала Сакалова. Чалавеку лёгка жыццё зламаць. Подласць нельга дараваць, а памылкі, глупства — можна.

— Сяргей Вітальевіч, а як у вас з жонкай адносіны ладзіліся? Давялося паматацца па ваенных гарадках?

— Мы ўжо тры гады ў разводзе. Усяго я праслужыў 13 гадоў, і за гэты час мы змянілі 11 кватэр. Але за мяжой атрымліваў 2 аклады — для савецкага чалавека гэта былі неймаверныя грошы. Адзін аклад 250 рублёў атрымліваў маркамі, а іншыя 250 рублёў ішлі на кніжку. Вользе давялося быць хатняй гаспадыняй, жонкай афіцэра, спадзяюся, яна адчувала сябе добра.

Але ў 1993-м я прыняў рашэнне звольніцца з войска (не захацеў выходзіць з партыі), і наступныя 10 гадоў былі для нас вельмі цяжкімі. Выпрабаванне галечай вельмі складанае. На гэтай глебе і разлад пачаўся. Двое дзяцей, сын яшчэ зусім маленькі. А я ахвяраваў афіцэрскімі пагонамі, матэрыяльным дабрабытам сям’і дзеля сваіх ідэалаў. Гэтую частку жыцця я быў дрэнным мужам. Муж павінен прыносіць дадому маманта, а жонка павінная ўмець з гэтага маманта прыгатаваць вячэру.

Потым я адаптаваўся ў новых умовах, і пытанне голаду з сям’і знікла, але мы ўжо нагаварылі адно аднаму занадта шмат нядобрага, і ўсё завяршылася разводам. На шчасце, мы захавалі нармальныя адносіны.

— Як з войска звальняліся?

— У 1993-м я працаваў начальнікам аддзела ў газеце «Во славу Радзімы». Планаваў даслужыць да 15 гадоў, каб атрымаць 40-працэнтную пенсію, і звольніцца. Заставалася дацягнуць усяго два гады. І тут ба-бах! Вярхоўны Савет прыняў закон аб статусе вайскоўца, дзе забаранялася быць сябрамі палітычных партый (што, дарэчы, правільна).

На наступную раніцу мяне выклікаў міністр абароны Пал Палыч Казлоўскі. Заходжу, ён пытаецца:

— Што будзеш рабіць?

— Звальняюся. Я з партыі выйсці не магу.

І ён мяне з паўгадзіны ўгаворваў!

— Ты што, ты дурань, ты зразумей: так, усе мы былі камуністамі, але цяпер іншы час!

— Не магу, я сябе паважаць перастану.

— Дык ты што — без пенсіі будзеш звальняцца? Ну, ты дурань, дакладна.

— Ну, дурань.

— А што сям’я, дзеці?

— Ёсць сям’я, дачцэ 9 гадоў, сыну 2 гады.

— І ты будзеш без пенсіі звальняцца?

— Так, буду звальняцца.

— А кватэра ў цябе ёсць?

— Здымаю.

— І ты будзеш без пенсіі і без кватэры звальняцца?

— Так. Я з партыі не выйду.

— Ну і ідыёт.

Хадзіў вакол мяне, хадзіў, потым націскае на кнопку на апараце. Праз секунду загадвае: выклікаць начальніка кватэрна-эксплуатацыйнай часткі. Праз пяць хвілін забягае палкоўнік, Пал Палыч кажа: «Бачыце гэтага маёра? Заўтра даць яму двухпакаёвую кватэру».

У кватэры, якую мне даў Пал Палыч Казлоўскі, цяпер жыве мая былая жонка.

— Як вы ў Паўночную Карэю трапілі?

— У 1994-м нам на партыю прыйшло з Карэі запрашэнне прывезці дзяцей у міжнародны піянерскі лагер «Сандавон» на беразе Японскага мора. Я быў старэйшым групы, са мной паехалі 8 дзяцей з дзіцячага дома.

Уражанні, канечне, былі вельмі моцныя. Калі ўвечары гулялі па Пхеньяне, заўважылі, што на вокнах няма фіранак. І відаць было, што няма мэблі ў кватэры — адны голыя сцены.

Па вёсцы ехалі — не бачылі нават слупоў, то бок людзі жылі там без электрычнасці. На рысавых палях азадкі тырчэлі — працавалі ўручную. Але дарога была добрая: у якасці ўзлётна-пасадачнай паласы можна выкарыстоўваць.

З піянерлагера за тэрыторыю выйсці не маглі — па перыметры стаялі аўтаматчыкі. З намі два тыдні была перакладчыца з Пхеньянскага ўніверсітэта. Па тым, як яна ела, было зразумела, што ў звычайным жыцці яна харчуецца па-іншаму.

Калі мяне прымаў другі сакратар ЦК камсамола, то частаваў жэньшэневай гарэлкай, дзе ўнутры гадзюка ў якасці закускі, — супернапой. Але тое, што для працоўных у краме прадавалі, — проста газа.

— За што больш за ўсё перажывалі, калі пасля 19 снежня 2010 сядзелі ў СІЗА?

— У мяне было адно слабае месца: адносіны з каханай жанчынай. Гэта быў перыяд іх пачатку. Я яе вельмі доўга дамагаўся, яна глядзела на мяне як на сябра, можа быць, як на палюбоўніка, але не на чалавека, з якім могуць быць сур’ёзныя доўгачасовыя адносіны. І калі я толькі-толькі пачаў падбірацца да яе душы, мяне пасадзілі ў «амерыканку». А яна чалавек апалітычны. Я перажываў, што яе страчу. Але, на шчасце, усё абышлося.

У «амерыканцы» было мала нагодаў для смеху. Акрамя абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якіх не было (якія гэта масавыя беспарадкі, калі пяць чалавек б’юць шкло, а вакол на гэта глядзяць супрацоўнікі міліцыі і КДБ?), мне яшчэ пагражалі абвінавачваннем у кантрабандзе. Крымінальны працэс быў адкрытым. Не сакрэт, што я займаўся арганізацыяй дастаўкі грашовых сродкаў.

На допыце я разумеў, што гэта бессэнсоўна адмаўляць, але адразу папярэдзіў: буду з вамі размаўляць, але не назаву ніводнага кур’ера.

Іншая рэч, калі ў маі 2010-га мы (актывісты кампаніі «Гавары праўду!») трапілі пад арышт. У момант затрымання ў мяне ў дыпламаце ляжала 10 тысяч даляраў — зразумела, што грошы прызначаліся для грамадскай дзейнасці. На допыце сказаў, што грошы мае. Кажу следчаму, маёру, чалавеку прыкладна майго ўзросту: мне хутка 50 гадоў, дык што, па-вашаму, я за столькі гадоў не мог зарабіць 10 тысяч даляраў?

— А што, вы заўсёды іх носіце з сабой?

— Так. Я наогул лічу, што мужчына нашых з вамі гадоў, калі ён, вядома, сапраўдны мужчына, павінен заўсёды мець пры сабе такую суму. Вось у вас, таварыш маёр, такія грошы ёсць?

У кабінеце былі дзяўчаты з Акадэміі МУС, пачуўся смех. Следчы мяне больш не мучыў.

— Год таму ў вашай сям’і адбылася трагедыя: сын трапіў у страшную аварыю, яго дзяўчына загінула…

— Мабыць, у аварыі вінаваты сын. Паводле дадзеных папярэдняга расследавання, ён парушыў ПДР. Але дактары не дазволілі яго судзіць, бо ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы ў яго псіхічнае расстройства, страта памяці.

Яны ўрэзаліся ў аўтобус. Перад самым сутыкненнем Лёша даў па тармазах, а гэта была зіма, 5 студзеня, машыну развярнула бокам, Лера сядзела побач з ім, гэты бок і трапіў у лоб аўтобуса. Яна загінула імгненна. Гэта жудасная трагедыя. Лера была нявестай Алёшы, вельмі добрай дзяўчынкай. Выдатніца, вучылася на бюджэце на радыёфізіцы ў БДУ, прыгажуня.

Сын стукнуўся галавой у лабавое шкло. Калі яго прывезлі ў рэанімацыю, дактары сказалі, што траўма несумяшчальная з жыццём, доўга не працягне. Мы з былой жонкай Вольгай хадзілі да яго ў палату і чакалі з хвіліны на хвіліну самага страшнага. Ён быў у коме. Галава — з футбольны мяч (пачаўся ацёк галаўнога мозгу). Памятаю, на чацвёртыя або пятыя суткі я заўважыў на грудзях у яго сівыя валасы. У 20-гадовага хлопчыка на твары застыў выраз змучанага жыццём 40-гадовага мужыка. І тады я вырашыў з ім развітацца. Сказаў: Лёша, дзякуй табе за дваццаць гадоў шчасця, якія ты нам прынёс, ты ўжо, хлопчык, не пакутуй, ідзі да сваёй Лерачкі.

Дактары параілі нам выклікаць сваякоў. Мы нават дачку з Харватыі выклікалі — яна там ва ўніверсітэце вучыцца. Праз два-тры дні пасля яе прыезду сын пачаў падаваць прыкметы жыцця. Калі ён выйшаў з комы, дактары сказалі: будзе ляжачым, рыхтуйцеся несці гэты крыж. Праз тыдзень пасля гэтых словаў ён пачаў садзіцца. Узяўся рукой за жалезныя парэнчы ложка і сеў.

Цяпер у нас яшчэ шмат праблем, поўнае аднаўленне доўжыцца да трох гадоў, мы толькі год пражылі.

Я калі выйшаў з «амерыканкі», думаў, што самае страшнае ў жыцці перажыў. Але стаяць каля ложка сына і ведаць, што ён памрэ, — гэта кашмар. Не дай Бог нікому такога.

А якая ў Лерынай мамы Святланы Іванаўны сітуацыя… Страціць такую дачку… Але пасля ўсяго яна ставіцца да Лёшы як да свайго сына, ён для яе — сувязь з дачкой. Сама пачала званіць, пытацца, як у Лёшы выздараўленне ідзе. Улетку, калі ён пачаў нармальна хадзіць, сустрэлася з ім. Цяпер тэлефануе яму, цікавіцца яго справамі. Сказала: Лера цябе любіла, я ведаю, што яна ўхваліла б мае дзеянні.

Кожны месяц, пятага, мы разам ездзім да Леры на могілкі.

Вельмі моцнае ўражанне на мяне зрабілі сябры Лёшы і Леры. Калі ён ляжаў у коме, яны па 10–20 чалавек прыязджалі ў лякарню кожны дзень, гадзінамі стаялі ў фае ў рэанімацыі. І гэта пры тым што іх не пускалі ў палату. Яны звычайныя, і пакурыць могуць, і выпіць, і мацюкнуцца. Але калі здарылася бяда з іх сябрамі, яны настолькі сябе людзьмі паказалі…

5 студзеня быў год, як Лера загінула, мы сабраліся на могілках, прыйшла іх кампанія, чалавек дваццаць, абсыпалі цукеркамі ўсю магілу, запалілі бенгальскія агні.

Мяне заўсёды раздражняла старэчае бурчанне, што моладзь «не такая». І я падумаў: колькі намаганняў зроблена дзяржавай пры дапамозе БРСМ, каб знявечыць гэтых дзяцей. І не знявечылі. Гляджу на іх і думаю, што ўсё ў краіне будзе добра.

У «амерыканцы» было шмат часу падумаць. Я прыйшоў да высновы, што трэба берагчы адно аднаго. Трэба шанаваць адносіны з людзьмі.

Калі ў мяне з сынам такое здарылася, столькі людзей адгукнулася — нават не чакаў. Аднакурснікі са Свярдлоўска перадалі на лячэнне грошы. Наста Палажанка, з якой, па сутнасці, пазнаёміліся толькі на лаве падсудных, засыпала мяне смскамі: Сяргей, чым дапамагчы, «Малады фронт» гатовы сядзець ля яго пасцелі, дзяжурыць.

Калі выйшаў з турмы, аб’ехаў, папрасіў прабачэння ва ўсіх, у сітуацыі з кім адчуваў сябе несправядлівым. Напэўна, з часоў «амерыканкі» я яшчэ ні з кім не пасварыўся. Унікаю канфліктаў, за выключэннем, вядома, працоўных момантаў. Трэба паводзіць сябе з людзьмі прыстойна, дзесьці дапамагчы, гэта заўсёды табе вернецца.

0
спалоханы / Адказаць
05.02.2013 / 15:18
звар'яцець можна адзін з лідэраў кампаніі Гавары праўду цьвёрдакаменны камуніст.
0
Кнехт / Адказаць
05.02.2013 / 15:30
- Яка впэрта людына! - сказалі б пра такога на Зах. Украіне. Ён даведаўся пра ўсе злачынствы КПСС (ЧК-НКВД-КГБ), але катэгарычна адмаўляўся выходзіць з яе радоў. Хваліцца тут няма чым, бо вядома ж, што "упрямство - вывеска дурака".
0
zhar-ptushka / Адказаць
05.02.2013 / 16:05
Оказывается, "Говори правду" -- преемник КПСС? Если один из ее руководителей ни в какой другой партии, кроме коммунистической, состоять не может -- то, выходит, так и есть..
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру