Рэалізацыя праекта па здабычы Беларуссю нафты на іранскім радовішчы Джафэйр поўнасцю спынена, паведаміў 5 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Ірана ў Беларусі Махамад Рэза Сабуры.

Паводле яго слоў, гэта рашэнне было прынята прыкладна паўтара года таму. «Праект больш не існуе, ніякія работы па ім не вядуцца», — пацвердзіў іранскі дыпламат.

Адказваючы на пытанне аб прычынах закрыцця праекта, ён сказаў, што ўзніклі прававыя і тэхнічныя праблемы, але не стаў удакладняць, якія менавіта.
«Мы не змаглі дасягнуць згоды ў вырашэнні гэтых праблем, таму спынілі працу, — сказаў Махамад Рэза Сабуры. — Спадзяемся, што Беларусь, выкарыстоўваючы свой вопыт у нафтавай сферы, зможа ўдзельнічаць у іншых праектах у Іране».
Праект меў на мэце арганізацыю здабычы нафты беларускім бокам на радовішчы Джафэйр.
Працягласць радовішча складае 22 км удоўжкі і 10 км ушыркі, запасы нафты ацэньваюцца ў гіганцкія 2,1 млрд барэляў.
Кантрактнае пагадненне на 500 мільёнаў долараў ЗША было заключана «Беларуснафтай» і Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (НІНК) у верасні 2007 года.
Беларуская кампанія атрымала права на распрацоўку радовішча Джафэйр. Стратэгія развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі на перыяд да канца 2020 года прадугледжвае здабычу ў Іране больш як 9 мільёнаў тон нафты.

У жніўні 2011 года вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» афіцыйна аб’явіла пра выхад з кантракта па распрацоўцы радовішча Джафэйр. Як зазначалася ў паведамленні «Беларуснафты», кантракт, падпісаны ў 2007 годзе, прадугледжваў распрацоўку радовішча Джафэйр у некалькі этапаў. Першы этап быў завершаны ў верасні 2010 года.

Аднак «падчас работ былі выяўленыя новыя даныя аб геалагічнай пабудове радовішча, якія абумовілі змяненне тэхнічных і фінансава-эканамічных умоў рэалізацыі праекта».
«Улічваючы гэта, прадпрыемства „Беларуснафта“ прыняло рашэнне аб выхадзе з гэтага кантракта пасля першага этапу», — растлумачыла беларуская кампанія.
Між тым, як паведамляла іранскае інфармагенцтва Mehr са спасылкай на крыніцу ў НІНК, прычынай скасавання кантракта сталі рознагалоссі бакоў, што тычыліся метадаў і тэхналогій вядзення работ, а таксама грашовай кампенсацыі іранскаму боку за выкарыстанне Беларуссю радовішча.
Беларускі бок, паводле слоў крыніцы, не выканаў свае абавязацельствы па кантракце. Згодна з дагаворам, «Беларуснафта» абвязвалася здабываць прынамсі 3,5 тысячы барэляў нафты за суткі, але здабывала менш за 2,8 тысячы барэляў, паведамляе Mehr.

Варта таксама зазначыць, што ў сакавіку 2011 года ўрад ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненні да «Беларуснафты». Падставай для гэтага стала супрацоўніцтва беларускай кампаніі з Іранам у нафтавай сферы. Санкцыі фактычна закрываюць доступ «Беларуснафце» на амерыканскі рынак. Раней ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі і супраць іранскай энергетычнай кампаніі «Нафт’іран інтэртрэйд», з якой супрацоўнічае «Беларуснафта», з мэтай «узмацнення націску на Іран за яго адмову выканаць свае міжнародныя абавязацельствы ў сувязі з ядзернай праграмай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?