«Цэлы дзень блукаў па вуліцах Вільні з пісталетамі ў кішэнях, адчуваў асалоду ад жыцця і ўсяго, што мяне атачала.
Хто ведае, ці буду я жыць заўтра. Дзень быў пахмурны і халодны, але ён падаваўся мне цудоўным. Ніколі я так прагна не ўдыхаў паветра, ніколі для мяне не былі такімі цудоўнымі неба і вада ў Вяллі, як у той дзень. І ўсе людзі здаваліся мне незвычайна добрымі...
Раніцай 27 студзеня я накіраваўся ў акруговы суд... ...Нарэшце старшыня суда абвясціў: «Запрасіць сведку Якуба Стральчука».
Раскрыліся дзверы, і з кабінета пракурора выйшаў ён, правакатар.

Імгненна выняўшы з кішэняў абодва пісталеты, накіраваўся да стала суддзі. Накіраваўшы адзін пісталет пад правае вуха, другі ў спіну, націснуў на абодва куркі адначасова. Прагучала два стрэлы. Суддзя і пракурор палезлі пад стол, публіка кінулася да выхаду. Для большай пэўнасці я паслаў яшчэ дзве кулі...

Шпікі выхапілі пісталеты і адкрылі па мне агонь... Перасталі страляць, калі палічылі, што я ўжо мёртвы...»

Так пачалася легенда 23-гадовага Сяргея Прытыцкага, сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, чые ўспаміны мы працытавалі.
Яго вылечылі і прысудзілі да смяротнай кары. Аднак кампанія салідарнасці, пачатая ў Польшчы і за мяжой, змусіла ўлады замяніць смяротны прысуд на пажыццёвае зняволенне. А праз тры гады Прытыцкага вызвалілі з турмы саветы. І пачалася яго кар’ера.

Яны паплаціліся

«Гісторыяй КПЗБ цяпер сур’ёзна не займаецца ніхто, — кажа гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.
— Старэйшыя даследчыкі адыходзяць, маладыя напісалі пару прац... Непераправеранымі застаюцца даследаванні 1960—1970-х, а там КПЗБ падаецца так, нібы ўся яе дзейнасць будавалася выключна на загадах з Масквы. Між тым я перакананы, што гісторыя КПЗБ — гэта частка гісторыі нацыянальна-вызвольнага руху. КПЗБоўцы былі людзі пераважна вельмі сумленныя, але падманутыя. І яны паплаціліся за гэта...»
КПЗБ нельга называць нацыянальнай партыяй, кажа гісторык. Але спробы стварыць у 1936-м супольны Народны Фронт з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй паказваюць, што заходнебеларускія камуністы адчувалі сябе часткай нацыянальных сілаў.
Мо таму ім пасля так не давяралі ў СССР?

Нават Уладзімір Царук, КПЗБовец, а пасля легендарны партызанскі камандзір «Дзядзя Валодзя», пасля вайны быў толькі раённым начальнікам. (Параўнаем з партызанамі Мазуравым і Машэравым.)

«У КПЗБ былі людзі нашмат больш адукаваныя, падрыхтаваныя да дзяржаўнай дзейнасці, як Мікалай Арэхва, Фані Цыгельніцкая, Максім Танк, Валянцін Таўлай, Урбановіч, Шыдлоўскі, але сімвалам КПЗБ стаў Прытыцкі. Ягоная добранадзейнасць не выклікала сумневаў у Масквы», — адзначае А.Вашкевіч.

На самыя вяршыні ўлады ўзняўся адзін Прытыцкі. Старшыня Мінаблвыканкама, Камітэта дзяржкантролю, віцэ-прэм’ер, спікер палаты — так перакладаюцца на сённяшнюю мову яго пасады. Батрацкі сын з трохкласнай школай за плячыма стаў чыноўнікам узроўню Батуры, Якабсона, Сямашкі.

Правакатараў стралялі дзясяткамі

У іерархіі КПЗБ Прытыцкі не займаў заўважнай пазіцыі,
адзначае А.Вашкевіч. Ён кіраваў Слонімскім райкамам, што складаўся з 10—15 вясковых ячэек. Адседзеў за камуністычную дзейнасць, як многія тады. «Схадзіў» у Савецкі Саюз — вучыўся ў партшколе ў Мінску. У 1935 вярнуўся на радзіму — шчасліва паспеў да 1937-га, калі ўцекачоў у савецкі рай пачалі расстрэльваць у Курапатах.
Учынак Прытыцкага не быў выключным. «Не адзін дзясятак правакатараў, сапраўдных і ўяўных, загінуў у тыя часы, — кажа А.Вашкевіч.
— Напрыклад, у 1928 Сямён Клінцэвіч забівае Міхася Гурына, які сведчыў супраць Тарашкевіча і Рак-Міхайлоўскага ў судзе, а да таго, насуперак дырэктывам Масквы, хацеў узняць у Заходняй Беларусі ўзброенае паўстанне. Клінцэвіч застрэліў яго проста на вуліцы ў Вільні.

Тадэвуш Варанішча са Смаргоншчыны, забіўшы правакатара, схаваўся аж у Аргенціне, ваяваў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў, удзельнічаў у французскім Супраціўленні, у Беларусь вярнуўся толькі пасля вайны — і спакойна тут дажыў.

У 1927 забілі правакатара Уладзімір Царук і Павал Жалезняковіч. Ад 1927 і да 1939 — 12 гадоў — яны сядзелі ў турме. Царук пасля вайны стаў раённым начальнікам, Жалезняковіч — старшынёй калгаса...»

«Дзейнасць баевікоў КПЗБ была адказам на дэпрэсіўную сітуацыю ў беларускай вёсцы, — кажа А.Вашкевіч.
— Беззямелле, немагчымасць атрымаць адукацыю, п’янства, бойкі, страшныя ў сваёй жорсткасці... Ці інспіравала польская ўлада тыя бойкі, каб адцягваць моладзь ад палітычнай актыўнасці? Невядома. Але за забойства падчас бойкі давалі меншы турэмны тэрмін, чым за камуністычную дзейнасць».

Стральчук застаўся жывы

Кім былі правакатары? Па-рознаму, кажа гісторык.
Гэта мог быць, як Гурын, чалавек, які пайшоў супраць «лініі партыі». Гэта мог быць абылганы актывіст. Паліцыя выстройвала такія канструкцыі, каб найчысцейшых, найсумленнейшых хлопцаў выставіць здраднікамі. Напрыклад, усіх схапіць, а аднаго выпусціць з турмы — колькі такіх пагінула ад рук былых таварышаў. Правакатарам мог стаць той, каго паліцыя катаваннямі і шантажом змусіла да сексоцтва. У польскай паліцыі былі і спецыялісты па «ручной працы», і псіхолагі былі добрыя.
Былі і такія, як Якуб Стральчук, — прафесійныя правакатары, якія за грошы працавалі на спецслужбы ў апазіцыйным асяродку.

Стральчук быў родам з Бельскага павета, Прытыцкі — з Сакольскага, з вёскі Гаркавічы. Гэта адзін праваслаўны рэгіён — той самы, дзе Гарадок, Супрасль, Бераставіца. Дэфензіва завербавала Стральчука падчас службы ў польскім войску. Па заданні спецслужбаў уступіў пасля ў камсамол, стаў сакратаром акружкама, увайшоў у ЦК, зладзіў некалькі яскравых моладзевых акцый пратэсту, каб заваяваць давер. Стральчук увесь час скардзіўся на сачэнне паліцыі, прасіў перавесці яго ў іншую акругу — і такім чынам займеў максімальна шырокія звесткі пра структуру і сяброў КПЗБ, ТБШ.

Прыдаўся і нацыстам

Пасля пачаліся масавыя арышты. Падазрэнні адносна Стральчука раслі. Ён пачаў выступаць сведкам на судах, жыў пад аховай паліцыі. Ліквідаваць яго можна было, пісаў ва ўспамінах Прытыцкі, толькі ў судзе.

Цікава, што Прытыцкі не быў класічным баевіком. Ён, паводле ўспамінаў, нават не ўмеў да таго страляць з пісталета. Таму напярэдадні атрымаў зброю і трэніраваўся ў лесе.

Неспрактыкаванасць, ды яшчэ хваляванне, адыгралі сваю ролю: Стральчук не загінуў пасля стрэлаў Прытыцкага. Хадзілі пра яго пасля розныя чуткі: што ён меў бронекамізэльку, што звар’яцеў ад кулі ў галаве і г.д. Насамрэч Стральчука вылечылі і скіравалі на захад Польшчы, у Познань, «працаваць» сярод рабочых. Калі прыйшлі нацысты, ён перайшоў на службу да іх, вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і пачаў здаваць актывістаў КПЗБ ужо немцам.

А памёр Стральчук на эміграцыі, аж у Амерыцы.

А Прытыцкі ўсяго праз гадоў дзесяць пасля свайго замаху ледзь сам не стаў ахвярай падобнага тэракта. Калі ён быў сакратаром Гродзенскага абкама Кампартыі СССР, быццам бы за спробу яго забіць у 1940-я ў Гродне судзілі некалькі маладых людзей, якія жылі недалёка ад яго дома па вуліцы 17 Верасня.

Ці спачувалі б Прытыцкаму сёння?

Тэракт Прытыцкага прыйшоўся КПЗБ дарэчы. Кампанія «Прытыцкі мусіць жыць!» разам са спробай стварэння Народнага Фронту была адным з галоўных кірункаў дзейнасці партыі ў 1936-м. Кіраўнікі КПЗБ любымі спосабамі імкнуліся адцягнуць хуткую ліквідацыю партыі па рашэнні Сталіна, прыкметы якой адчувалі...

На прыкладзе Прытыцкага можна пабачыць, што этычныя нормы не мяняюцца.
І ў царскай Расіі, і пры Польшчы грамадства лічыла непрыстойным і вартым асуджэння, калі паліцыя засылае свайго агента ў шэрагі рэвалюцыянераў. Грамадства часта было на баку забойцаў агента, кажа гісторык Анатоль Сідарэвіч.

У сённяшнія часы цяжка ўявіць акцыі салідарнасці з забойцам, але пагарджаюць агентамі па-ранейшаму.

КПЗБоўцы не прыехалі на пахаванне

Вуліца Прытыцкага ў Мінску — адна з нешматлікіх у беларускай сталіцы, названая канцэптуальна. Гэта магістральны шлях з Заходняй Беларусі.

Аб Прытыцкім знялі мастацкі фільм «Чырвонае лісце»...

Ці быў Прытыцкі, адзіны «заходнік» у вышэйшых эшалонах улады ў пасляваенныя часы, нацыянал-камуністам? «Калі да Прытыцкага прыходзілі з просьбамі выступіць дзесьці ў абарону беларускай мовы, ён казаў: галоўнае, каб у беларусаў быў хлеб», — успамінае гісторык культуры Арсень Ліс. Хоць сам Прытыцкі да канца жыцця па-расейску гаварыць так і не навучыўся: лупіў на трасянцы.

«Іна Карпюк расказвала, што ветэраны КПЗБ не паехалі на пахаванне Прытыцкага — крыўдавалі, што не памагаў, як стаў пры ўладзе. Разам з тым, менавіта Прытыцкі паспрыяў, каб будучага пісьменніка, ветэрана Аляксея Карпюка, у якога пасля ранення на вайне літаральна асколкі тарчалі са спіны, паклалі ў канцы 1940-х у добры шпіталь, — кажа А.Вашкевіч. — Значыць, Прытыцкі не быў кончаным камуністычным дагматыкам. Быў тым, чаго патрабавала ад яго савецкая сістэма».

Неспавядзімыя шляхі

«Парадаксальна, але Прытыцкі ўратаваў сабе жыццё дзякуючы таму, што сядзеў у польскай турме, — працягвае А.Сідарэвіч. — Разгром КПЗБ ён правёў за кратамі. Таму ён выйшаў чыстым перад савецкай уладай». Тым часам ягоныя паплечнікі, якія на той час былі «ў спакоі і бяспецы» ў краіне сваіх мрояў, СССР, былі расстраляны ў Курапатах.

КПЗБ, як і Кампартыя Польшчы, была ліквідаваная па рашэнні Сталіна ў 1938. Матывавалася гэта неабходнасцю «ачышчэння ад інфільтрацыі агентамі польскай выведкі». Але на справе гэта была проста сталінская палітыка кіравання праз тэрор. Выжыла няшмат. У большасці тыя, хто знаходзіўся ў польскіх турмах або займаўся непасрэднай шпіёнскай ці агентурнай дзейнасцю на карысць НКВД, як будучы кіраўнік камуністычнай Польшчы Берут.

Казалі, што Прытыцкага па вызваленні з турмы ў 1939-м самалётам павезлі ў Крэмль, да Сталіна на прыём.

* * *

Сяргей Прытыцкі

(1 лютага 1913—13 чэрвеня 1971) — палітычны дзеяч Заходняй Беларусі і БССР. Нар. у вёсцы Гаркавічы (цяпер Падляскае ваяводства, Польшча). У маладым веку ўступіў у камсамол. Кіраваў забастоўкамі лясных рабочых. Арыштаваны ў 1933. У 1934—1935 вучыўся ў партыйнай школе КПЗБ у Мінску. З 1935 — сакратар Слонімскага акруговага камітэта камсамола. 29 студзеня 1936 у зале Віленскага суда страляў у правакатара. Асуджаны на смерць, пасля прысуд змянілі на пажыццёвае зняволенне. Вызвалены ў 1939. У БССР займаў шэраг партыйных пасад. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?