17.02.2013 / 09:12

«Не было ніякага Кастуся Каліноўскага»: прарасійскія сілы спрабавалі сарваць юбілей, але эфект адваротны 170

Цікава, што яны спрабавалі сыграць на страху кіраўніцтва краіны перад самім словам «паўстанне».

Такія магніцікі на лядоўню выпусцілі салігорскія футбольныя фанаты.

2013 год — год 150-годдзя паўстання 1863 года і 175-годдзя Кастуся Каліноўскага.
З’яўляюцца публікацыі, людзі запальваюць свечкі на магілах паўстанцаў, праходзяць імпрэзы памяці, агульнанацыянальная дыктоўка сёлета пішацца з «Мужыцкай праўды» і «Ліста з-пад шыбеніцы». У Літве і Польшчы юбілей паўстання адзначаецца ўвогуле на прэзідэнцкім узроўні.
Беларуская адміністрацыя актыўнага ўдзелу ў святкаванні не бярэ, але і не перашкаджае.
«Белпошта» выпусціла паштоўкі ў гонар паўстання. Пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак узяў удзел ва ўшанаванні паўстанцаў у Варшаве поплеч з прэзідэнтам Польшчы. «Советская Белоруссія» надрукавала, хай і сціплую, але без ацэнак, узгадку пра 175-гадовы юбілей Каліноўскага.
Нават Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 15 студзеня сказаў: «Калі нам паступіць прапанова з польскага боку адзначыць юбілей паўстання, то чаму не?»
Ніякіх словаў, што Каліноўскі не беларускі герой, чужы для нас, не было.
Не ўсім гэта падабаецца. Ёсць у краіне сілы, яшчэ больш прарасійскія за Лукашэнку, якім Каліноўскі муляе вока. Гэта гісторыкі і палітолагі, што гуртуюцца вакол сайтаў «Імперыя.бай» і «Рэгнум».

Аўтары гэтых выданняў стаяць на пазіцыях, блізкіх да заходнерусізму. Гэтая ідэалогія ўзнікла ў канцы ХІХ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яе галоўная ідэя ў тым, што беларусы — гэта частка агульнарускага народа. У пачатку ХХ ст. выходзілі «заходнерускія» газеты «Северо-Западная жизнь» і «Минское слово», з якімі вяла палеміку тагачасная «Наша Ніва».

Выпадак з Каліноўскім не першы, калі заходнерусы не задаволеныя трактоўкай гісторыі Беларусі.
Летась шмат публікацый было накіравана на падзеі вайны 1812 года. У беларускай гістарыяграфіі склалася меркаванне, што тая вайна была хутчэй грамадзянскай, а не айчыннай, як лічаць расейцы. Незадаволенасць беларускай трактоўкай выказваў нават расейскі пасол Аляксандр Сурыкаў.
З юбілеем паўстання і Каліноўскага складаецца ўражанне, што на сайтах «Імперыя» і «Рэгнум» ёсць разнарадка, каб ні дня не праходзіла без узгадкі гэтых падзей.
Прычым, падаецца ўсё ў выключна негатыўным святле. Ніякіх альтэрнатыўных поглядаў не падаецца, калі не лічыць выдуманыя, прыпісаныя Уладзіміру Арлову словы, што «беларусам трэба працягнуць барацьбу з маскалямі».

Працытуем некалькі самых адыёзных выказванняў заходнерускага крыла.

«Здзіўляе пасіўнасць Праваслаўнай царквы»

Палітолаг, калумніст «Советской Белоруссіі» Усевалад Шымаў заклапочаны тым, што Праваслаўная царква не праяўляе належнага інтарэсу да тэмы паўстання 1863—1864. Шымаў кажа, што не заклікае «анафемстваваць» Каліноўскага, але «заявіць аб недапушчальнасці гераізацыі падобнага персанажа ў пераважна праваслаўнай краіне, па-мойму, варта было б».

Варта адзначыць, што БПЦ сапраўды не выступала публічна з заявамі наконт Каліноўскага. Было некалькі чарнасоценскіх брашурак аб тых падзеях, выдадзеных пры асобных прыходах, але цэнтралізаванай пазіцыі — не.

«Ненавідзеў беларускі народ»

Рэдактар «Беларускай думкі» Вадзім Гігін лічыць, што Каліноўскі не можа з’яўляцца нацыянальным героем Беларусі. «Якім жа чынам Каліноўскі, чалавек, які ў сваіх маніфестах і загадах называў беларусаў дурнымі авечкамі, параўноўваў іх з Юдам Іскарыётам і Каінам, якім чынам вось гэты чалавек, які глыбока ненавідзеў беларускі народ, які разгарнуў шырокі тэрор на тэрыторыі Беларусі і чыю фігуру па яе жахлівым водбліску можна параўнаць са знакамітым Нячаевым і нячаеўшчынай, вядомымі са знакамітых «Бесаў» Дастаеўскага, — якім жа чынам гэты чалавек раптам зрабіўся нацыянальным героем Беларусі?»

«Падтрымалі не Каліноўскага, а цара»

Доктар гістарычных навук і аўтар шматлікіх падручнікаў Яўген Новік крытыкуе савецкіх гісторыкаў, якія назвалі паўстанне 1863-1864 «нацыянальна-вызвольным».

«Улады Беларусі дэманстратыўна не праводзяць ніякіх мерапры-емстваў, як і ў мінулым годзе, калі адзначаўся юбілей Айчыннай вайны 1812 года», — са скрухай адзначае сп.Новік.

Гісторык Аляксандр Бендзін заўважыў, што афіцыйны сайт Belarus.by таксама называе паўстанне 1863 года «нацыянальна-вызвольным». Бендзін пачаў трубіць, што ўладамі распаўсюджваецца «гістарычная фальшыўка».

Варта адзначыць, што Усевалад Шымаў рэкамендаваў ушаноўваць ахвяр паўстання.

«У 1863 беларусы падтрымалі цара-бацюшку, Расію. І тады беларускія сяляне былі за расійскі народ, і да гэтага часу так.
Для беларусаў няма бліжэйшых людзей, так і цяпер. Таму зараз паміж Беларуссю і Расіяй такія цесныя сувязі», — напісаў Яўген Новік.

«Паўстанцы» займаліся адкрытым бандытызмам», — гэта ўжо словы Дзмітрыя Трафімовіча.

«Ушаноўваць Мураўёва»

«Насамрэч ніякага дачынення да беларускага нацыяналізму і наогул беларускай ідэі Вікенцій Канстанцін Каліноўскі не меў. А чалавека пад імем Кастусь Каліноўскі наогул ніколі не існавала», — кажа звольнены віцебскі чыноўнік, старшыня арганізацыі «Рускі дом» Андрэй Герашчанка.

Даюцца словы і расейскім гісторыкам. «Калі да расейска-польскага супрацьстаяння прымазваюцца беларусы — гэта проста смешна», — кажа супрацоўнік Інстытута расійскай гісторыі Андрэй Марчукоў.

Дырэктар Інстытута краін СНД Ігар Шышкін заклікае часцей успамінаць «сваіх герояў — у першую чаргу Мураўёва», які быў накіраваны на задушэнне паўстання.

Аднак эфект ад такой хвалі «выкрывальных» матэрыялаў, здаецца, выйшаў адваротны.

Усе вялікія беларускія грамадска-палітычныя інтэрнэт-парталы асвятлялі юбілей паўстання ў нацыянальным духу, з пазіцый Беларусі, а не Расіі. Tut.by, напрыклад, змясціў партрэт Каліноўскага на свой лагатып у дзень ягонага нараджэння.
Як бачым, «пятай калоне Расіі» не ўдаецца навязаць беларусам маскоўскі погляд на гісторыю.

Зміцер Панкавец

0
Simpson / Адказаць
17.02.2013 / 09:24
А вы надрукуйце Мужыцкую праўду і хай там знойдуць словы "беларускі" і "Беларусь". )))))))))) Рэд. Тады яшчэ гэтыя назвы не замацаваліся ў якасці назваў беларусаў. Гэта адбудзецца адразу пасля паўстання Каліноўскага, у тым ліку і дзякуючы яму. Чытайце гісторыкаў.
0
fas / Адказаць
17.02.2013 / 09:40
Калiноускi быу, але ён змагауся за аднауленне Польшчы, супраць расейцау.За лепшую долю усяго насельнiцтва Польшчы. А тых беларусау, якiя не удзельнiчалi у барацьбе з расейцамi, ён лiчыу ворагамi Польшчы i вешау.
0
а / Адказаць
17.02.2013 / 09:49
“Варта адзначыць, што БПЦ сапраўды не выступала публічна з заявамі наконт Каліноўскага. Было некалькі чарнасоценскіх брашурак аб тых падзеях, выдадзеных пры асобных прыходах, але цэнтралізаванай пазіцыі — не.” -------------------------------------- а ўзвядзенне велічэзнага храма ад БПЦ на вуліцы Каліноўскага ў Мінску і спроба перайменавання вуліцы ў сувязі з гэтым – ці гэта не ёсць самая “цэнтралізаваная пазіцыя”? брашурку колькі чалавек пабачаць-прачытаюць – а храм .аскальскі (сапраўды надзвычай вялікі) – ўсім напаказ, ды – не ўсім на радасць – я радая, што не жыву ўжо ў тым раёне – невыносна бачыць кожнага разу проста праязжаючы, а каб яшчэ і кожны дзень такое..
Паказаць усе каментары/ 170 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру