Урад Беларусі ўхваліў шэраг мерапрыемстваў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўразьвязу. Сярод зацьверджаных — праекты Рэгіянальнай праграмы дзеяньняў ТАСІС на 2006 год — такое паведамленьне прайшло ў СМІ. Чытач, пэўна, мог бы заблытацца — як так, калі на календары ўжо паўгоду 2007‑ы, а ўхваленыя праекты за мінулы год. Насамрэч, гэта азначае, што рэгіянальная праграма была ўхваленая ў 2006 годзе і прадугледжвае рэалізацыю шэрагу праектаў, якія пачынаюцца ў 2007 годзе. Акрамя ўсяго, усе праекты рэгіструе ўрад, і працэдура рэгістарцыі займае багата часу.

Эўразьвяз зьяўляецца буйнейшым донарам тэхнічнай дапамогі для Беларусі, якая аказваецца праз Праграму тэхнічнага спрыяньня краінам СНД (ТАСІС). За гады дзеяньня ТАСІС у Беларусі рэалізавана 320 праектаў на суму каля 204 млн эўра, альбо больш за 40 адсоткаў ад усёй замежнай тэхнічнай дапамогі, што паступіла ў краіну з 1991 году.
Штогод у сярэднім Беларусь атрымлівае ад Эўразьвязу ў рамках ТАСІС тэхнічнай дапамогі на 15 мільёнаў эўра.
Рэспубліка Беларусь таксама ўцягнутае ў рэалізацыю трох праграмаў добрасуседзтва ЭЗ:
lПольшча - Украіна ‑ Беларусь», «Латвія ‑ Літва ‑ Беларусь» і «Рэгіён Балтыйскага мора».
Са студзеня гэтага году замест ТАСІС пачынае дзейнічаць новы мэханізм — праграмы добрасуседзтва і партнэрства.

Што ўхвалена

Праект «Спрыяньне рэалізацыі Кіёцкага пратаколу». Праект важны як для Беларусі, так і для краін‑суседзяў. Ягоная мэта — разьвіцьцё тэхнічнага, інстытуцыйнага і чалавечага патэнцыялу ў Беларусі і ва Ўкраіне для правядзеньня маніторынгу выкідаў парніковых газаў паводле міжнародных стандартаў. І, пры неабходнасьці, выкарыстаньня адпрацаваных у Эўропе мэханізмаў для зьмяншэньня гэтых выкідаў.

Другі ўхвалены праект распрацоўваўся ў рамках Эўрапейскай ініцыятывы па дэмакратыі і правах чалавека і называецца «Інфармацыйна‑ мэтадычны цэнтар праблем сям’і». Вядзецца пра стварэньне цэнтру, які падтрымлівае рэалізацыю правоў дзяцей на адукацыю, у прыватнасьці, дапамогу для ўключэньня ў адукацыйны працэс дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.

Трэці праект — «Аднаўленьне тэрыторый, што пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС, з выкарыстаньнем новых экалягічных тэхналёгіяў» — будзе рэалізоўвацца ў рамках міжнароднай праграмы рэабілітацыі забруджаных тэрыяторый CORE. Фактычна, ён прадугледжвае ўвядзеньне новых тэхналёгіяў на ўзроўні прыватных падсобных гаспадарак, якія дазволяць сельскім жыхарам атрымліваць чыстую прадукцыю з найбольшым эканамічным эфэктам. Праект гэты павінен быў пачацца значна раней, але сваю ролю адыгралі цяжкасьці зь яго дзяржаўнай рэгістрацыяй. Дзяржава, нагадаем, рэгіструе кожны праект. Часам працэдура настолькі зацягваецца, што Эўракамісія вымушаная частку праектаў спыніць альбо спыніць фінансаваньне, бо крайнія тэрміны для пачатку рэалізацыі ўжо вычарпаныя. Больш за палову праектаў, якія Эўракамісія плянавала рэалізаваць у рамках CORE (на суму звыш мільёна эўра) адмененыя з‑за невыкананьня тэрмінаў. На дадзеным этапе Эўракамісія рыхтуецца да рэалізацыі новага праекту сумесна з Праграмай Разьвіцьця ААН (UNDP), якая таксама ажыцьцяўляе постчарнобыльскую дапамогу.

Яшчэ два праекты (частка праграмы транспамежнага супрацоўніцтва і добрасуседзтва, накіраваная на павелічэньне дынамізму ў каапэрацыі паміж памежнымі рэгіёнамі ЭЗ і Беларусі) — «Стварэньне беларуска‑латвійскага супрацоўніцтва ў сэктары дзіцячай паліатыўнай дапамогі» і «Мастацтва бязь межаў — папулярызацыя памежнай культурнай індустрыі праз мастацтва Марка Шагала і Марка Роткі».

***

Дадзеная публікацыя падрыхтаваная пры спрыяньні Эўразьвязу і не абавязкова адлюстроўвае афіцыйны пункт гледжаньня ЭЗ. Па дадатковую інфармацыю зьвяртайцеся на сайт www.delblr.ec.europa.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0