Урачыстае адкрыццё ХХ Мінскай кніжнай выставы пачалося на дзве гадзіны пазней запланаванага часу — чакалі Аляксандра Радзькова.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта затрымліваўся па сваіх справах. Пра гэта ведалі далёка не ўсе: па зале «Белэкспа» шпацыравала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, выдавецтвы не спяшаліся расстаўляць стэнды, а на асноўнай сцэне вядучыя па-расейску расказвалі пра Еўфрасінню Полацкую.

Кніжная выставава, хоць і юбілейная, хоць і з бясплатным уваходам, выйшла зусім нешматлюднай. Раней перад уваходам стаялі ахвотныя выкупіць запрашальнік на адкрыццё, а сёлета можна і не зразумець было з вуліцы, што на «Белэкспа» адбываецца нешта істотнае.

Затое цесна было кнігарам. «Нам не далі стэнда для таго, каб раскласці ўсю прадукцыю. — абураецца Вольга Мажароўская з выдавецтва „Эўрыка-М“. — Напрыклад, штогод мы выстаўляем ноты, а сёлета для нас не знайшлося месца: і

такі невялікі стэнд каштуе тысячу еўра.
Да таго ж арганізатары кажуць, што сёлета працуе два паверхі. А што на другім, калі месца няма?»

Другі паверх насамрэч здзіўляе — большая ягоная частка аддадзена пад даўжэзную галерэю сацыяльных плакатаў супраць курэння, алкагалізму і інафрмацыі пра дэмаграфічныя праблемы. Да таго ж на стэндах падрабязна расказана, як Гітлер імкнуўся знішчыць Беларусь, а Сталін, хоць і быў чалавекам надта жорсткім, лічыў галоўнай каштоўнасцю народ. Болей ніводнага стэнда, які б можна было лічыць часткай выставы, на паверсе няма.

«Заўважце, з кожным годам усё меней і меней беларускіх выдавецтваў, — кажа спадарыня Мажароўская. — Цікавасць да літаратуры падае, і тут нічога не паробіш». Затое сярод кніг з’явіліся стэнды з мёдам і пальчаткамі.

«Вялікі сакрамент»

Цырымонія ўрачыстага адкрыцця выставы не змяняецца вось ужо некалькі год — звычайна Аляксандр Радзькоў разам з міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім расказваюць, хто сёлета ганаровы госць выставы і пераразаюць чырвоную стужку. Сёлета замест Праляскоўскага стужку перарэзала яго намесніца Лілія Ананіч, да якой далучыліся Мікалай Чаргінец і Лідзія Ярмошына. У сваёй прамове старшыня лукашэнкаўскага саюза пісьменнікаў назваў выставу «вялікім сакраментам». Таксама ён прынагодна ўсхваліў сяброў свайго саюза і плюнуў у бок незалежнага.

Ганаровы госць выставы сёлета — Расія. Расійскі стэнд аформлены густоўна, але кніг на ім зусім няшмат.
Прынамсі, топавых аўтараў.
Затое цэлая вітрына прысвечаная творчасці Аляксандра Праханава.
Але паколькі большасць іншых стэндаў выставы тым ці іншым бокам маюць дачыненне да Расіі, недахопу ў расійскіх кніжных навінках няма.
Усяго на выставе можна ўбачыць стэнды 25 краін.

Першы беларускі раман і прэмія Гедройца

Адной з самых цікавых падзеяў першага дня выставы стала прэзентацыя «першага беларускага рамана» — расейскамоўнай кнігі Якуба Брайцава «Сярод балотаў і лясоў», напісанай у 1916 годзе.
Раман выйшаў у выдавецтве «Рэгістр», якое спецыялізуецца на кнігах модных расейскамоўных аўтараў — раман Брайцава ў выніку трапіў на адзін стэнд з кнігай Тамары Лісіцкай.

«Гэта раман пра рэвалюцыянера Аляксандра Савіцкага, пра ягонае жыццё, але пададзена ягоная біяграфія ў вельмі рамантычным ключы, Савіцкі ў ім вельмі нагадвае Робін Гуда, — адзначыла дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, якая і прадставіла выданне. — Брайцаў быў расейскамоўным аўтарам, але пры гэтым кніга вельмі беларуская. Ён выдатна паказаў побыт сялян, фабрыкантаў — усіх слаёў беларускага насельніцтва свайго часу… Выдатна, што гэты раман у рэшце рэшт выйшаў кнігай».

У наведнікаў выставы прэзентацыя кнігі Брайцава выклікала жывую цікавасць, амаль такую самую, як і прэзентацыя рамана Уладзіміра Някляева. Яна мусіла адбыцца на стэндзе Польскай амбасады і адкрыць серыю прэзентацый кніг-фіналістаў літаратурнай прэміі імя Гедройца. Аднак арганізатары выставы забаранілі прэзентаваць кнігу Някляева і нават раздаваць аўтографы. А людзей сабралася багата… Някляеў, паразмаўляўшы пяць хвілін з чытачамі, быў вымушаны сысці.

На ўсякі выпадак арганізатары абясточылі нават гукаўзмацняльную апаратуру — а раптам Плошча? Таму малады намінант Гедройца Андрэй Пакроўскі, які мусіў прэзентаваць пасля Някляева свой зборнік «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза» застаўся без падгучкі.

Стэнды заходніх краінаў які ўжо год даюць прыклад, як трэба прывабліваць наведнікаў.
Пасольства ЗША прапануе паўдзельнічаць у тэсце на веданне амерыканскай літаратуры. Стэнд Францыі, сёлета аформлены пад парыжскі Паўночны вакзал. Падцягнулася і наша «Белкніга», аформіўшы сваё прадстаўніцтва ў выглядзе невялікай крамы.
Маюць невялікія стэнды і незалежныя выдавецтвы — «Тэхналогія», «Логвінаў» і «Галіяфы»… З якасным выбарам сучаснай і класічнай літаратуры.
Напрыклад, у «Логвінава» можна купіць усе кнігі намінаваныя на Гедройца, перавыданні Танка, Глобуса і Арлова, і нават найбольш цікавыя перакладныя навіны.

Выстава працягнецца да 10 лютага ў выстаўным цэнтры «Белэкспа» (Купалы, 27). Уваход на яе — вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?