Беларускі бізнэсовец Віктар Кіслы, які валодае папулярнай інтэрнэт-гульнёй «Свет танкаў», набыў амерыканскую кампанію Day 1 Studios за $20 мільёнаў.
Некалькі месяцаў таму ён жа заплаціў $45 мільёнаў за аўстралійскую кампанію, якая распрацоўвае рухавічкі для яго гульні. І гэта, відавочна, не апошнія грошы мільянера. Сума гэтых дзвюх угодаў ненашмат меншая за кошт кантрольнага пакета акцый нашага вялікага завода «Амкадор» (нядаўняя ўгода Шакуціна). Як можна на віртуальных танках зарабляць не менш, чым на рэальнай дарожнай тэхніцы?

Прывязка падатковымі льготамі

Віктар Кіслы — выпускнік фізічнага факультэта БДУ. У леташнім рэйтынгу самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі ён знаходзіўся на 55-м месцы.
Штаб-кватэра ягонай кампаніі Wargaming.net знаходзіцца ў афшорным Кіпры, аднак цэнтры распрацовак раскіданыя па ўсім свеце — ад Мінска і Санкт-Пецярбурга да Сінгапура. Беларускасць Кіслага добра выдае раскацістае фрыкатыўнае «г» у расейскамоўных інтэрв’ю.
Беларускае прадстаўніцтва кампаніі, адзін з асноўных офісаў, называецца «Гейм Стрым».
Менавіта ў ім пры канцы 1990-х Кіслы і ягоныя кампаньёны пачыналі распрацоўку камп’ютарных гульняў. Першым адносным поспехам стала стратэгія «Аперацыя Баграціён», якая з’явілася ў 2007 годзе. У ёй рэканструяваліся вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1943—1944.

У той час «Геймстрым» ужо лічыўся рэзідэнтам мінскага Парка высокіх тэхналогій — аднаго з самых прыбытковых праектаў лукашэнкаўскай эпохі. Беспрэцэдэнтныя падатковыя льготы дазваляюць праграмістам зарабляць вялікія грошы, вось толькі ў беларускі бюджэт ад гэтых даходаў трапляе мала што.

Пераможныя танкі

У пачатку 2009 года заснавальнікі «Гейм Стрыма» робяць вызначальны выбар і скіроўваюць усе свае высілкі на распрацоўку анлайн-гульні World of Tanks («Свет танкаў»),
таксама паводле матываў Другой сусветнай вайны. У свеце ў той час у модзе гульні пра троляў і оркаў, аднак беларусам удаецца знайсці і тых, каго больш цікавіць вайсковая тэхніка. У жніўні 2010 запрацавала расейскамоўная версія, а ў красавіку 2011 — англамоўная.
Колькасць зарэгістраваных удзельнікаў у World of Tanks ужо падбіраецца да 50 мільёнаў чалавек.
«Танкам» належыць сусветны рэкорд — адначасова на адным серверы ў іх гулялі больш за 740 тысяч чалавек. Сама ж гульня трапіла на чэмпіянат свету па камп’ютарных гульнях.

Пераўтварыць такую колькасць фанатаў у рэальныя грошы складана, але магчыма. Кісламу гэта ўдаецца за кошт сістэмы платных бонусаў. Гуляць у танкі можна і бясплатна, але, каб хутчэй стаць моцным, прапануецца даплаціць.

Новыя гарызонты

Поспех «танкаў» вывеў Кіслага на міжнародны ўзровень. Кампанія Wargaming.net стала сусветным брэндам, у яе прадстаўніцтвах працуе больш за 1500 чалавек.

«Свет танкаў» ахапіў большасць краін свету, уключна з Азіяй. Куды рухацца далей? Кіслы вырашыў пашыраць свой вайсковы сусвет. Разам з украінскімі распрацоўшчыкамі ён сканчае падрыхтоўку гульні World of Warplanes («Свет вайсковых самалётаў»), а разам з расейцамі — World of Warships («Свет вайсковых караблёў»). Усё гэта камп’ютарныя інтэрнэт-праекты.

Нядаўна набытая Кіслым амерыканская кампанія раней спецыялізавалася на партаванні праграм з камп’ютараў на гульнявыя прыстаўкі.
У Беларусі яны не надта папулярныя, але на Захадзе маюць шматмільённыя продажы. Па словах Кіслага, ён паспрабуе завалодаць і гэтым рынкам. Магчыма, ужо неўзабаве танкі, а пасля і самалёты з караблямі трапяць у новую рэальнасць.

Наперадзе бачны і рынак тэлефонаў. Экраны сучасных мабільнікаў сталі дастаткова вялікімі, каб адкрываць на іх паўнавартасныя гульні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?