Прапанова Міністэрства аховы здароўя Беларусі пра тое, каб дазволіць недзяржаўным арганізацыям аховы здароўя выдаваць лісткі часовай непрацаздольнасці, пакуль абмяркоўваецца зацікаўленымі бакамі.
Канчатковае рашэнне аб надзяленні прыватных медцэнтраў такім правам пакуль не прынята. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Іван Рыжко.

Паводле яго слоў, зараз гэта пытанне знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і абмеркавання. «Ідэя новая, перспектыўная. Такая мера дазволіць разгрузіць першаснае звяно аховы здароўя», — сказаў спецыяліст, падкрэсліўшы, што ўвасобіць яе ў жыццё можна будзе толькі вырашыўшы некаторыя спрэчныя моманты.

У прыватнасці, сітуацыя ўскладняецца тым, што камерцыйныя клінікі не маюць магчымасці сталага назірання хворага, так як пацыенты прыходзяць туды нерэгулярна і часта ў медустанове няма звестак пра гісторыю іх хваробаў. Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя і зацікаўленых ведамстваў прапрацоўваюць пытанне аб тым, якім чынам можа быць арганізавана выдача бальнічнага лістка ў прыватных медцэнтрах.

Таксама на стадыі абмеркавання ў Міністэрстве аховы здароўя знаходзіцца пытанне аб праве наймальніка даць свайму супрацоўніку трохдзённае вызваленне ад працы ў выпадку хваробы ў эпідэмічны перыяд без афармлення бальнічнага лістка.
Планаванае новаўвядзенне, як і ў першым выпадку, звязана з неабходнасцю разгрузіць сістэму першаснага звяна аховы здароўя.

Як падкрэсліў Іван Рыжко, пакуль рана казаць пра тэрміны прыняцця рашэнняў. Калі ж яны будуць ухвалены, то спатрэбіцца прыняць адпаведны нарматыўны прававы акт, які ўнясе змяненні ў некаторыя пастановы Савета Міністраў, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Пра неабходнасць у 2013 годзе прапрацаваць абедзве гэтыя прапановы заявіў міністр аховы здароўя Васіль Жарко на праведзеным пасяджэнні калегіі ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?