Міліцыя накрыла буйных самагоншчыкаў у вёсцы Яхімоўшчына, што ў Маладзечанскім раёне. У Яхімоўшчыне ад 1883 года быў бровар, на якім у1906—1907 гг. памочнікам вінакура працаваў Іван Луцэвіч (Янка Купала).
Бровар (потым завод па вытворчасці спірту) ужо тры гады як нядзейсны, але традыцыі засталіся, зазначылі ў міліцыі.
«Літаральна за некалькі сотняў метраў ад завода ў хлявах на ўласных зямельных участках афіцыйна беспрацоўныя маладыя людзі паставілі выраб самагонкі на паток.Практычна ўвесь тэхналагічны працэс вырабу сурагату нашчадкі традыцый аўтаматызавалі, а аб’ёмам вырабленага спіртнога продкі маглі толькі пазайздросціць», — паведамілі ў міліцыі.
У кожнага самагоншчыка выхад за адну «гонку» складаў больш за 100 л. Усяго супрацоўнікі УУС і Маладзечанскага РАУС выявілі і канфіскавалі больш за 2 тыс. л сурагату. «Адходы самагонаварэння выкарыстоўваліся для адкорму не аднаго дзясятка свіней, якім пасля знішчэння самагонных апаратаў прыйдзецца здавольвацца традыцыйнымі кармамі», — дадалі ў УУС.