У 2012 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі канцэрна «Белнафтахім» узрасла ў 3,8 разу, прыбытак ад рэалізацыі — у 5,7 разу, чысты прыбытак — у 7,1 разу. Вынікі працы «Белнафтахіма» і планы на гэты год абмяркоўваліся на пасяджэнні савета канцэрна, якое прайшло 6 лютага пры ўдзеле першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі.

Як паведамляе прэс-служба канцэрна, галоўным вынікам працы стаў рост на працягу апошніх двух гадоў станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі. Так, па выніках 2010 года гэты паказчык складаў 1,9 млрд. долараў, а ў 2012 годзе сальда дасягнула 5,3 млрд. долараў.

Рэнтабельнасць продажу ў прамысловасці дзяржсектара склалася на ўзроўні 14,9%, удзельная вага ўскосных падаткаў і мытных плацяжоў у выручцы прамысловага дзяржсектара канцэрна складае 16%.

Апрача таго, паведамілі ў канцэрне, у 2011–2012 гадах было завершана будаўніцтва 701 аб’екта і ўведзена ў эксплуатацыю асноўных фондаў на 18,5 трлн. рублёў. Для параўнання: у 2009–2010 гадах уведзена ў строй 643 аб’екты на суму 5,8 трлн. рублёў.

Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у 2012 годзе склаў 15,3 трлн. рублёў.

У 2013 годзе на мадэрнізацыю ўсіх арганізацый канцэрна выдзелена 15,5 трлн. рублёў у межах рэалізацыі праграмы развіцця нафтахімічнага комплексу да 2015 года з перспектывай да 2020 года.

«Нягледзячы на недастатковую працу ЗАТ „Беларуская калійная кампанія“ па прасоўванні беларускіх калійных угнаенняў на знешнім рынку (зніжэнне аб’ёмаў экспарту беларускага хлорыстага калію ў 2012 годзе ў коштавым выражэнні склала 20,4%), канцэрнам па выніках 2012 года (з улікам экспарту і імпарту нафты і нафтапрадуктаў у цэлым па рэспубліцы) выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі ў сферы знешняга гандлю таварамі», — зазначылі ў «Белнафтахіме». Так, экспарт тавараў узрос на 5,4 працэнта пры заданні захавання паказчыку 2011 года. У 2012 годзе канцэрн ажыццяўляў экспартна-імпартныя аперацыі са 138 краінамі свету. Тавары пастаўляліся на рынкі 133 краін, прадукцыя імпартавалася з 82 краін свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?