«А вось у мяне яшчэ такая кніга выйшла, — Аксана Спрынчан дастае з сумкі нешта сярэдняе паміж фотаальбомам і кнігай. — Гэтая дыпломная праца адной дзяўчыны з Акадэміі мастацтваў выйшла ў двух асобніках — адзін у мяне, другі застаўся ў Акадэміі».

Аксана Спрынчан прыйшла на стэнд выдавецтва «Галіяфы», каб зладзіць аўтограф-сесію супольнай з Алесем Анціпенкам кнігі «Дарога і шлях»: кішэнная кніга ўтрымлівае ў сабе прозу, «першую ў свеце п’есу ў смс-ках&raquo
і прадмову Пятра Васючэнкі.

Што тычыцца кнігі-фотаальбома «Нелінейнае», гэта, хутчэй, сувенір.

«Падыходзьце, купляйце найлепшыя ў свеце кнігі ад выдавецтва «Галіяфы», — спадарыня Спрынчан з задавальненнем гандлюе кнігамі, падпісвае іх і рэкламуе: аднак 15-я гадзіна дня — не найлепшы час для гандлю нават найлепшымі ў свеце кнігамі. Шмат хто да выставы яшчэ проста не дабраўся.

«Я выпадкова даведалася, што аўтограф-сесія, а трэцяй, а не, а пятай, — смяецца Спрынчан. — Муж у „Нашай Ніве“ прачытаў».

«Нешта ў вас змрочны такі асартымент, і назвы нейкія страшныя ва ўсіх кніг», — кажа адзін з наведнікаў. Прадукцыя «Галіяфаў» і насамрэч мае змрачнаватыя вокладкі, ды і назвы ад «Архіпелага Беларусь» Акудовіча да «Шалу» Юрыя Станкевіча.

«На адной з выставаў прыйшоў да стэнда аднаго з выдавецтваў сын Лукашэнкі, — усміхаецца Спрынчан. — Дзяўчаты, што на стэндзе працавалі, вырашылі, што трэба нешта падарыць. І тут высветлілася, што ў назве кожнай кнігі можна ўбачыць намёк.
Дык і ў «Галіяфаў» тое самае».

Федарэнка і сакрэты папулярнасці.

Андрэй Федарэнка — чалавек закрыты, глыбока непублічны — менавіта такое ўражанне складваецца з першай хвіліны, калі ён падыходзіць да стэнда польскай амбасады: тут мусіць адбыцца прэзентацыя ягонага зборніка «Ланцуг», намінаванага на прэмію Гедройца.

Здымаць выступ Федарэнкі прыехала Беларускае тэлебачанне — пісьменнік сядае за стол, імкнецца глядзець кудысьці ўбок, не на гледачоў, якіх сабралася чалавек пятнаццаць. Яму няўтульна перад аб’ектывам, ён пакусвае вусны, паміж словамі робіць доўгія паўзы, а калі прамаўляе, словы гучаць як кароткія стрэлы.

На пытанне Ганны Кісліцынай, ці мае Федарэнка нейкі сакрэт пісьменніцкага поспеху, Федарэнка пасля паўзы адказаў:

«Як гаварыў некалі Міхаіл Булгакаў, у пісьменніка ёсць сакрэт: трэба любіць тое, што ты пішаш, а тое, што ты не любіш, пісаць няварта. Калі гэтая любоў здольная запальваць кагосьці, перадавацца таму, хто гэта чытае — гэта проста шчаслівае супадзенне. Калі нешта не любіш, як бы яно ні было табе дорага, колькі б месца ні займала — трэба перакрэсліваць, рваць і пакідаць толькі тое, што любіш. Тады пачынае нешта атрымлівацца».

Андрэй Федарэнка не лічыць, што трэба пісаць для кагосьці — няма ідэальнага чытача, трэба пісаць не для абалонкі, а для субстанцыі, пісаць альбо для тых, хто памёр, альбо для тых, хто народзіцца.

«Калі мы чытаем пісьменнікаў, якія памёрлі, мы адчуваем нейкія дрыжыкі, адчуваць тое, што адчувалі яны, калі пісалі — адбываецца тое, што Набокаў называў «адзінай несмяротнасцю», — кажа Федарэнка.

Зборнік «Ланцуг» завецца так не дарма — Андрэй Федарэнка імкнецца працягнуць традыцыі класікаў, стаць наступным звяном у ланцугу. Ён пакутуе ад неразумення крытыкаў — Андрэй Адамовіч у сваёй рэцэнзіі напісаў, што «Ланцуг» — гэта кніга пра смерць. Федарэнка бярэ зборнік і пачынае па змесце тлумачыць, пра што тая ці іншая аповесць.

«Менавіта аповесць, — удакладняе пісьменнік. — Бо мне кажуць, што гэта іншы жанр. Тут рознае ёсць, ёсць пародыя. А вось пра аповесць „Дзікі луг“ кажуць, што яна змрочная, аднак гэта аповесць пра нараджэнне паэта — няма нічога святлейшага. Ці аповесць „У Крыме“, якую я вельмі люблю, бо ў ёй няма сюжэта. Я хацеў зрабіць такую рэч, каб зачапіць чытача стылем, даў сабе такое заданне. У мяне атрымалася — сюжэта няма, але аповесць чапляе. Стыль — вялікая сіла».

На развітанне Андрэй Федарэнка звярнуўся да чытачоў. Ізноў з паўзамі паміж словамі — было бачна, што ён хвалюецца і пры гэтым кажа нешта вельмі важнае для яго.

«Я ўсіх люблю. Я ўмею адчуваць людзей дыстанцыйна, на адлегласці. Тое, што кажуць пра мяне — тады я адчуваю ўтульнасць, і гэта дае мне сілы пісаць далей».

«Дэмарш» Пашкевіча

Алесь Пашкевіч прыйшоў прэзентаваць раман «Сім победиши» у строі «з іскрай», усміхнуўся, узяў у Кісліцынай мікрафон і выказаў ўдзячнасць усім тым, хто зладзіў прэмію Гедройца і арганізаваў ягоную сустрэчу з чытачамі. «Аднак я вельмі абураны тым, што адбылося на гэтай выставе з выбітным пісьменнікам Уладзімірам Някляевым.
Калі такое адбываецца на кніжнай ярмарцы, то такая ярмарка ператвараецца ў базар. Я займу роўна столькі вашага часу, колькі ўчора далі Някляеву».

Пасля чаго Алесь Пашкевіч зачытаў сваё бліц-эсэ «У што я веру ў гэты час бязвер’я», яшчэ раз падзякаваў арганізатарам прэзентацыі і сышоў. «На жаль, у сённяшняй сітуацыі застаецца верыць толькі самому сабе. Так пераможам!» — скончыў сваю прамову пісьменнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?