20-гадовага спевака моцна збілі ў навагоднюю ноч у Мазыры. На вуліцы паміж дзвюма кампаніямі ўзнікла патасоўка. Ягор ад моцнага ўдару страціў прытомнасць. Яму зламалі нос, скалолі два зубы, падбілі вока, рассеклі губу.
«Я амаль паправіўся, — расказаў Ягор «НН». — Выпісалі мяне раней за тэрмін: бальніца была перапоўненая пасля навагодніх святаў.І я паехаў у Мінск здаваць экзамены, удзельнічаць у здымках».
На носе хлопцу давялося рабіць аперацыю. Зубы таксама «адрамантавалі», і зусім нядорага — за 320 тысяч рублёў.
Ягор кажа, што расследаванне той бойкі вядзецца.Разам з ім заявы ў міліцыю падалі яшчэ чатыры чалавекі: у трох цяжкія цялесныя пашкоджанні. Аднаго з крыўдзіцеляў, па словах хлопца, нават затрымлівалі пасля бойкі, а затым адпусцілі.
Праз гэтую гісторыю Ваўчок прапусціў першы экзамен. «Астатнія здаў паспяхова. Гэта фактычна мая апошняя сесія: толькі дзяржэкзамен застаецца і пераддыпломная практыка».
Ваўчок хоча працягнуць творчую кар’еру, хоць атрымлівае адукацыю эканаміста. «Калі шчыра, то я думаў пра гэта шмат. Мяне моцна цягне на сцэну: хацеў бы прысвяціць жыццё музыцы. І прафесія эканаміста вартая павагі. Нават калі прафесія — артыст, трэба ўмець сябе прадаваць».
«Гэй, пі.ар!» — адказ нагой у твар
«НН» расшукала хлопца, які біўся з кампаніяй Ягора.«Адно магу сказаць: у той сітуацыі яны не мелі рацыі. Ні я, ніхто з маіх блізкіх не хацеў нічога таго, што ў выніку атрымалася. Але, як кажуць, цяпер мае рацыю той, хто заяву піша, а не той, хто адстойваў свой пункт гледжання».
Расказаць «НН» сваё версію здарэння ён не захацеў.Але ў сацыяльных сетках усё-ткі выказаўся. «А што ж ты [Ваўчок] не раскажаш, што бойка пачалася праз твайго сябра, які здолеў толькі сказаць на мяне: «Гэй, пі.ар!» Ты атрымаў за свайго сябра-балабона. Ніхто ж не б'ецца проста так».